Друкаваць гэтую старонку
Серада, 31 Снежань 2014

Пётар Іваноў аштрафаваны за непавагу да суду

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Стала вядома яшчэ пра адзін штраф Пятру Іванову, кіраўніку стваранага грамадзкага аб’яднаньня «За сумленную ўладу». Высьветлілася, што 20 сьнежня судзьдзя суду Першамайскага раёну Віцебску Андрэй Прэйс прыняў рашэньне спагнаць з актывіста 1,500 мільёну рублёў (10 базавых велічынь) за непавагу да суду (артыкул 24.1 КаАП). Прычым судовае паседжаньне, на якім было прынятае гэтае рашэньне, праходзіла без удзелу абвінавачанага ў правапарушэньні.

«У судовае паседжаньне Іваноў П.Я. не зьявіўся, будучы належным чынам апавешчаным пра дату і час судовага разбору непасрэдна падчас складаньня пратаколу пра адміністрацыйнае правапарушэньне», – гаворыцца ў вынесенай судзьдзём Прэйсам пастанове. Сам жа Пётар Іваноў сьцьвярджае, што пра дзень і час суду яму паведамлена не было, прычым зроблена гэта было наўмысна:

«Па-першае, названы пратакол складаўся ў маю адсутнасьць, пра што дакладна вядома суду. Па-другое, пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні быў мне даведзены без паведамленьня даты і часу судовага разбору. Па-трэцяе, чарговае судзілішча спэцыяльна праходзіла без майго апавяшчэньня, каб не дапусьціць апытаньня ў судовым паседжаньні сьведак – відавочцаў падзеі, а таксама пазбавіць мяне магчымасьці даць тлумачэньні, што выкрываюць злачыннае самавольства суду».

Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэньні, на падставе якога пакаралі актывіста, склала судзьдзя Натальля Карабліна 15 сьнежня. У той дзень адбывалася першае паседжаньне па адміністрацыйнай справе паводле артыкулу 17.1 КаАП (дробнае хуліганства), разгляд якой завяршыўся 23 сьнежня. У выніку таго суду, нагадаем, Пётар Іваноў быў прысуджаны да штрафу памерам 25 базавых велічынь, таксама былі прызначаныя штрафы Аляксандру Холаду (25 б.в.) і Пятру Берлінаву (10 б.в.).