Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 08 Снежань 2020

Ксяндза Вячаслава Барка ўтрымліваюць у віцебскім СІЗА

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ксёндз Вячаслаў Барок Ксёндз Вячаслаў Барок

3-га снежня ў судзе Расонскага раёну пробашча мясцовай парафіі ксяндза Вячаслава Барка асудзілі да 10 сутак арышту. Святара прызналі вінаватым у правапарушэнні паводле артыкулу 17.10 КаАП («Прапаганда або публічная дэманстраванне і (або) распаўсюд нацысцкай сімволікі і атрыбутыкі»). Вячаслаў Барок адбывае пакаранне ў СІЗА-2 Віцебску, перадае Беларускае Радыё Рацыя.

Нагадаем, суддзя Рада Дамініч пакарала ксяндза Вячаслава Барка за размяшчэнне ў сацыяльных сетках плаката Уладзіміра Цэслера «Стоп Лукашызм». Такім чынам, суддзя падтрымала меркаванне следчых, што гэта не перапост мастацкага твора, а публікаванне выявы свастыкі.

Пасля суду абвясцілі, што пакаранне Вячаслаў Барок мае адбыць у наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Аднак неўзабаве высветлілася, што яго перавезлі ў віцебскі следчы ізалятар.

«На наступны ж дзень наваполацкія актывісты і каталікі панеслі перадачу. Але ім сказалі, што такога няма. І не адразу, але прызналіся, што яго павезлі на Віцебск. Мы на наступны ж дзень зладзілі перадачу. І сёння мы зноўку аднеслі перадачу, і разам з намі перадачу перадаваў біскуп Алег Буткевіч», – расказала актывістка Таццяна Севярынец

На наступны дзень пасля суду над ксяндзом Вячаславам Барком біскуп Віцебскі Алег Буткевіч выступіў з адмысловым зваротам да ўсіх вернікаў і людзей добрай волі, засведчыўшы, што ён не згодны з выракам расонскага суду.

«У сувязі з гэтым выказваю сваё засмучэнне і лічу, што гэтая справа павінна быць перагледжана з улікам меркавання незалежных экспертаў, а таксама дадзеных кс. Вячаславам тлумачэнняў, з якіх вынікае адсутнасць у яго намеру прапаганды нацысцкай сімволікі ці атрыбутыкі, у чым яго беспадстаўна абвінавачваюць, вынікам чаго павінна стаць зняцце абвінавачванняў і неадкладнае вызваленне святара», – гаворыцца ў афіцыйным паведамленні біскупа.

Касацыйная скарга на прысуд ксяндзу Вячаславу Барку падрыхтаваная і пададзеная ягонай адвакаткай.