Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Май 2020

У Віцебску прайшлі першыя пікеты для збору подпісаў – за Ціханоўскую і «Чэ»: фота

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Падчас збору подпісаў Падчас збору подпісаў

У Віцебску 25 траўня дзьве ініцыятыўныя групы прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва пачалі зьбіраць подпісы выбарцаў на пікетах, якія ладзілі на плошчы каля піраміды ТЦ «Марка-сіці». Подпісы можна было пакінуць за Сяргея Чэрачня («Чэ») і Сьвятлану Ціханоўскую – жонку блогера «Краіны для жыцьця» Сяргея Ціханоўскага.

Зборшчыкі подпісаў за Сяргея Чэрачня працавалі ад 12.00 – пад трэкі Віктара Цоя. Каб завабіць мінакоў, раздавалі нумары «Белгазеты» зь вялікім інтэрвію «Чэ». Наракалі, што многія віцябляне пакуль што ад іх адмахваюцца: «Але ж гэта толькі пачатак!»

Бліжэй да вечара на пляцоўцы зьявіліся і прыхільнікі «Страны для жизни» Сьвятланы Ціханоўскай.

Доўгай чаргі, як на менскай «Камароўцы», яны не ўтварылі, але да стала з чырвоным тапкам пастаянна падыходзілі людзі.

Подпісы зьбіралі тры сябры ініцыятыўнай групы. Адзін зь іх – Руслан Ахрамчук, на пытаньне, колькі спадзяюцца сабраць подпісаў у Віцебску, жартам (а можа, і не) адказвае: «320 тысяч!»

Руслан Ахрамчук

«Пачатак пакладзены, ужо някепска. Людзі адзін за адным падыходзяць і будуць падыходзіць больш, я ўпэўнены», – сказаў сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай.

Руслан паведаміў таксама, што сам блогер Ціханоўскі ладзіць зараз тур па гарадах Беларусі і зьбіраецца бліжэйшым часам наведаць Віцебск. Але калі гэта адбудзецца дакладна – пакуль невядома.

Група «Страна для жизни», якая зьбірае подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую, плянуе працаваць у цэнтры гораду штодзень ад 17.00 да 20.00.

Ініцыятыўныя групы іншых прэтэндэнтаў у кандыдаты (у тым ліку дзейнага прэзыдэнта) сваёй актыўнасьці ў Віцебску пакуль не праявілі. Чакаем.

Зьміцер Міраш, фота аўтара

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.