Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка затрымалі 11 жніўня. Кухаронак быў затрыманы ў вёсцы Росіца Верхнядзвінскага раёна, там АМАПаўцы правялі ператрус, а таксама пеатрусы прайшлі на кватэры Кухаронка і ў ягоных бацькоў у Наваполацку. Спачатку разам з ім была затрыманая і жонка, але пазней яе адпусцілі.
Аляксандр Кухаронак быў адным з першых работнікаў «Нафтана», якія падтрымалі стачку на прадпрыемстве. У 2021 годзе ён адбыў 20 сутак арышту за ўдзел у запісе відэаролік з заклікам галасаваць на платформе «Голас» -- яго абвінавацілі ў правядзенні несанкцыянаванай акцыі (паводле арт. 24.23 КаАП).
Вольга Брыцікава, у якой таксама правялі ператрус, летась адбыла за кратамі 75 сутак. Ёй прысудзілі 5 арыштаў запар за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне. Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.
Паводле ч.1 арт. 361 КК РБ жанчыне пагражае арышт або пазбаўленне волі на тэрмін да 3-х гадоў.
Міхась Хмара