Ратуючы сябе і дзіцяці, Алене Шырме давялося ўцякаць з уласнага дома, а потым і з краіны. Спачатку ў 2020-м арыштавалі яе мужа, а праз паўтара года пачалі «паляванне» і на яе саму. Затрымлівалі, выклікалі на допыты, выбівалі дзверы, пагражаліся адправіць дачку ў дзіцячы дом… Цяпер жанчына ў бяспечным месцы, у бяспечнай краіне, але нават адтуль, здалёку, яна баіцца пісаць мужу, асцерагаючыся за сябе і за яго. Пройдучы праз нервовыя зрывы і амаль нічога не ведаючы пра лёс мужа, у цяжкай эміграцыі яна проста чакае яго вызвалення. «Вясна» пагутарыла з жанчынай і даведалася горкую гісторыю яе сям'і. Фотаздымкі, на якіх Алена разам з мужам, яна можа пералічыць па пальцах адной рукі. Усе яны з дня іх вяселля. Астатнія ў спешцы і ў страху прыйшлося выдаліць ці пакінуць у тысячах кіламетрах ад месца, дзе ёй цяпер даводзіцца вучыцца жыць нанова.

«Не трываў несправядлівасць і заклікаў не скарацца перад міліцэйскім бязладдзем»

«Мне 36, Толю — 49, — пачынае распавядаць сваю няпростую гісторыю Алена. Даецца ёй гэта з вялікай цяжкасцю. Маральна жанчына абсалютна прыгнечаная. — Мы ажаніліся ў 2017 годзе. У мяне гэта быў другі шлюб, у мужа трэці. Ажаніліся хутка, літаральна праз 3 месяцы пасля знаёмства: неяк адразу зразумелі, што мы роднасныя душы. У нас у абаіх няпросты характар, але мы на дзіва хутка знайшлі агульную мову і практычна не сварыліся. Жылі ў Мінску. У мужа было ІП, ён займаўся будаўніцтвам. Шукаў аб'екты, арганізоўваў на іх працу, часта быў у раз'ездах у розных гарадах. Я ж была офіснай работніцай». 

Паводле Алены, ейны муж заўсёды быў за справядлівасць: абураўся, калі кагосьці ашуквалі ці крыўдзілі слабых. Імкнуўся дапамагаць знаёмым і нават незнаёмым па меры сваіх сіл і магчымасцяў.

«Толю паважалі ўсё, хто з ім быў знаёмы. Калі ў 2020-м пачалася перадвыбарная кампанія, муж ад самага пачатку падтрымліваў Сяргея Ціханоўскага, глядзеў ягоны ютуб-канал. Мы часта абмяркоўвалі, як маральна цяжка зрабілася жыць у Беларусі, як улада лічыць за нішто людзей, клапоцячыся толькі пра ўласныя інтарэсы. Як не выконваюцца законы, як толькі сувязі і грошы шануюцца ў нашай краіне, як квітнее карупцыя... Ён называў Беларусь бананавай рэспублікай і вінаваціў дзейсную ўладу ў тым, што яны давялі яе да такога стану, — прыгадвае жанчына. — Калі на пачатку ліпеня з'явілася інфармацыя пра тое, што ў турме з Сяргеем Ціханоўскім дрэнна абыходзяцца нават зняволеныя, мой муж з сябрам запісалі відэа ў яго падтрымку. Яны заклікалі ўсіх датычных не скарацца перад міліцэйскім бязладдзем і не здзекавацца з Сяргея. Спачатку гэтае відэа нікуды не выкладвалі, яно прызначалася тым, хто цяпер знаходзіцца ў месцах зняволення. Я так разумею, перадаць яны яго хацелі сваімі спосабамі, праз знаёмых, якія ўжо адбылі тэрміны. Але нейкім чынам яно трапіла і ў інтэрнэт. Мне, напрыклад, пазней гэтае відэа даслаў аднакласнік у вайбер. Потым я і сама выклала яго на сваёй старонцы ў ВК».

Скрыншот відэазвароту ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага, які Анатоль запісаў разам з сябрам
Скрыншот відэазвароту ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага, які Анатоль запісаў разам з сябрам

Пасля выбараў Алена і Анатоль хадзілі на мітынгі і выказвалі сваю нязгоду з тым, што адбылося. Абаім было невыносна балюча за тыя падзеі, што адбываліся ў Беларусі.

«Пасля таго як у інтэрнэце з'явілася інфармацыя пра катаванні затрыманых, у мяне здарыўся нервовы зрыў, я вельмі баялася, што з намі можа адбыцца тое ж самае. Я сядзела дома і баялася выйсці на вуліцу, — ледзь стрымліваючы слёзы, узгадвае тыя дні жанчына. — З дапамогай лекара я паволі пераадолела свой стан. Але працэс лячэння зацягнуўся, і мне давялося распавесці свайму кіраўніцтву, што я праходжу лячэнне, бо часам трэба было адпрошвацца з працы, а часам не было сіл да гэтай працы проста даехаць».

Свайму кіраўніцтву Алена распавяла і пра тое, што сталася прычынай ейнага нервовага зрыву.

«Я ніколі не хавала свайго стаўлення да палітычнай сітуацыі ў краіне, у сацсетках у мяне было шмат фотаздымкаў з мітынгаў, было і фота бюлетэня з дня галасавання. Ведаю, што да дырэктара прадпрыемства, на якім я працавала, прыходзілі людзі з органаў — распавядалі, як «правільна» сябе павінны паводзіць супрацоўнікі», — кажа жанчына.

Ужо ў верасні Алене паведамілі, што з ёй не працягваюць кантракт, маўляў, праект, у якім яна працавала, закрываецца, і ў яе паслугах прадпрыемства больш не мае патрэбы. Хоць працавалі над праектам у той час толькі два чалавекі — жанчына і ейны начальнік. Алена дакладна ведае, што ў працы гэты праект дагэтуль, а, значыць, прычыны яе звальнення відавочныя. Яна вырашыла не згадваць у матэрыяле назву прадпрыемства з этычных меркаванняў — не хоча нашкодзіць тым людзям, якія дагэтуль там працуюць.

«Пазней я дазналася, што кантракт не працягнулі не толькі мне, але і яшчэ некалькім людзям з апазіцыйнымі поглядамі», — дадае жанчына.

«Затрымалі праз відэа ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага»

Бяда не прыходзіць адна — неўзабаве арыштавалі Анатоля. Гэта адбылося ў Пружанах, дзе мужчына знаходзіўся па справах. 

«Дакументаў у мяне з сабой няма. Не магу ўзгадаць нават дакладную дату затрымання мужа, — хвалюецца жанчына. — Я наогул мала чаго памятаю з таго часу. Памяць як быццам адмыслова сцірае гэты кашмар… Але гэта дакладна было ў верасні 2020-га. Памятаю, што ў дачкі толькі пачаўся навучальны год. Я была ў той час у Мінску. Да суда мужа трымалі пад вартай у ІЧУ у Пружанах. Мы падтрымлівалі сувязь у лістах, сёе-тое пра яго праз знаёмых перадавалі нават самі міліцыянты…»

Сябра Анатоля тады затрымаць не паспелі — ён з'ехаў у Расію. 

«Ператрусу ў нас не было. Чаму — не ведаю. Можа, таму што Толя не быў тут прапісаны. Ведаю толькі, што ў яго канфіскавалі тэлефон і дагэтуль яго не вярнулі», — распавядае Алена.

Паводле жанчыны, ад паслуг адваката яе муж адмовіўся. У лісце Анатоль напісаў, што ўсяму дасць рады сам. Пры гэтым пісаў вельмі мала. Алена ўпэўненая, што муж наўмысна агароджваў яе ад перажыванняў.

Анатоль і Алена Шырмы
Анатоль і Алена Шырмы

Якім жа было здзіўленне родных Анатоля Шырмы, калі тыя дазналіся, што суд над ім адбудзецца паводле крымінальнага артыкулу 174 «Ухіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі выдаткаў, выдаткаваных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца ці знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні».

«Былая жонка Толі служыць у войску. І я дакладна ведаю, што ўсе аліменты былі аплачаны своечасова, бо плаціла іх я асабіста, са сваёй зарплатнай карткі, так было зручней, чым мужу са свайго разліковага рахунку ІП. Чаму так адбылося? Я не ведаю. Толя напісаў толькі: «Так трэба». Ён заўсёды ў такіх сітуацыях сціслы, — кажа Алена. — Пасля затрымання я не бачыла мужа ні разу. Калі б прыйшла ў суд і ўбачыла яго за кратамі, не вытрывала б. Дый ён гэтага не хацеў».

Суд прызнаў Анатоля вінаватым і асудзіў да двух гадоў «хіміі». Пры гэтым з-пад варты да моманту адбывання пакарання ў ПУАТ у Баранавічах Анатоля не адпусцілі.

Лістоў з «хіміі» прыходзіла вельмі мала. 

«Пазней, ад знаёмых, у якіх хоць штосьці атрымоўвалася дазнацца сваімі спосабамі, мне стала вядома, што муж знаходзіцца ўжо ў калоніі ў Івацэвічах. Адтуль мне прыйшло пару лістоў. Толя па-ранейшаму казаў, што ўсё ідзе сваім парадкам, прасіў мяне не перажываць. Да таго моманту я ўжо была ў найцяжкім стане. А потым лісты перасталі прыходзіць нават адтуль…»

«Разумела, што проста так ад нас ужо ніхто не адстане»

Каб даведацца, дзе знаходзіцца муж, Алена напісала запыт у Дэпартамент выканання пакаранняў. Так яна дазналася, што Анатоль знаходзіцца ўжо ў турме ў Гродне.

«Муж паведаміў толькі тое, што яго туды перавялі і што ў лісце ўсіх падрабязнасцяў ён напісаць не можа. Лісты і так практычна не даходзілі. Я разумела, што ў тых умовах Толя ўсё адолее, усё вытрывае. Баялася ўжо не за яго, а за сябе і сваю 12-гадовую дачку. Разумела, што проста так ад нас ужо ніхто не адстане». 

Ці былі ў Анатоля новыя суды, Алена не ведае. Са слоў жанчыны, яе больш ніхто ні пра што не апавяшчаў. Алена толькі мяркуе, што калі мужа перавялі ў турму, хутчэй за ўсё, яму выставілі новае абвінавачванне. І, імаверна, праз гэта хуткім часам пачалі пераследваць і яе саму.

«У лістападзе 2021 года я ўладкавалася на працу ў аўтасалон Škoda. А ў канцы лютага 2022-га мне патэлефанаваў мужчына, прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, сказаў, што мяне хочуць дапытаць у якасці сведкі, і запрасіў прыехаць у Пружанскае РАУС. Я сказала, што без позвы нікуды не пайду, на што пачула, што мне ж будзе горш. Гэты ж мужчына груба спытаў мой адрас, нібы каб дазнацца, куды яму дасылаць позву, але я кінула трубку. Некалькі разоў мне ператэлефаноўвалі з невядомых нумароў, але я не адказвала. Ад агульных знаёмых я даведалася, што сябра майго мужа, з якім ён запісаў тое відэа, затрымалі, калі ён вярнуўся ў горад. Я зразумела, што, хутчэй за ўсё, гэтае тэлефанаванне з міліцыі і ягонае затрыманне звязаныя паміж сабой, бо ў мяне не было ніякіх спраў у Пружанах і я там даўно не была. У мяне зноў здарыўся нервовы зрыў, я пайшла на бальнічны», — успамінае Алена.

Цяпер Анатоль знаходзіцца ў гродзенскай турме
Цяпер Анатоль знаходзіцца ў гродзенскай турме

14 сакавіка разам з сяброўкай жанчына вярталася дадому з крамы… У двары дома былі людзі ў форме, у масках, у бронекамізэльках, з аўтаматамі.

«Пабачыўшы нас, яны падышлі і спыталі, ці я Алена Шырма. Я маўчала, але ім было няважна. Памятаю, што яны штосьці мне казалі, але я ўжо амаль нічога не разумела, — аднаўляе ў памяці падзеі таго страшнага дня жанчына. — Яны ўзялі мяне пад рукі і павялі ў машыну. Калі прыехалі ў Кастрычніцкі РАУС, мяне спачатку пасадзілі ў фае, а потым прыйшоў чалавек у міліцэйскай форме і сказаў ісці ў кабінет. Было так страшна, што я не магла нават устаць. Бачачы гэта, ён схапіў мяне за руку, пацягнуў да кабінета, а калі адчыніў дзверы, пхнуў мяне з такой сілай, што я ўпала».

У кабінеце Алена плакала ад болю і страху. Супрацоўнік у форме пры гэтым працягваў на яе крычаць.

«Крычаў, што ў маіх жа інтарэсах не цягнуць час, а ўсё яму распавесці. Маўляў, ён і так ведае, што тое відэа здымала я. Што калі захоча, то знойдзе ў мяне ў тэлефоне столькі матэрыялу, што хопіць на пажыццёвае, а дачку маю адправяць у дзіцячы дом, — з жахам узгадвае Алена. — Мне пашанцавала, што з сабой у мяне не было тэлефона. Праз трывожны разлад я ўвесь час чытала навіны, але калі пачала лячыцца ў дзённым стацыянары, псіхолаг параіла мне перастаць іх чытаць, і я, каб не было спакусы, проста не брала тэлефон з сабой. Я ўжо не памятаю, колькі мяне трымалі… Мне здавалася, што доўга не давалі вады і не дазвалялі зрабіць тэлефанаванне родным. Гэта было неймаверна страшна. Але ў той жа вечар мяне адпусцілі. Сказалі, што я павінна заўсёды быць на сувязі».

Вярнуўшыся дадому, Алена сабрала трошкі рэчаў, узяла дачку і з'ехала са сваёй кватэры.

«Прыплялі нават маю пазіцыю з нагоды Украіны»

«Мне напісала каляжанка з працы. Папярэдзіла, што кіраўніцтву прыйшоў запыт на маю характарыстыку і графік працы. А потым мяне выклікала і само кіраўніцтва. Распытвалі, чаму мной цікавіцца міліцыя. Казалі, што ў кампаніі і без таго хапае праблем праз санкцыі (аўтамабілі Škoda забаранілі ўвозіць у Беларусь — Заўв. аўт.), а яшчэ і я… Згадалі, што я занадта актыўна і адкрыта выказвала сваё меркаванне з нагоды вайны ва Украіне, у тым ліку ў працоўным чаце.

У мяне ва Украіне шмат сваякоў, дый чыста па-чалавечы я была ў жаху ад таго, што ідзе вайна. Гэта не ўкладалася ў галаве, але пры гэтым у працоўным чаце было шмат людзей, якія рэальна называлі тое, што адбываецца, усяго толькі «ўзброеным канфліктам», або наогул рабілі выгляд, што нічога не адбываецца».

На пачатку красавіка Алена звольнілася з працы з фармулёўкай «па згодзе бакоў». Тады ж яна паспрабавала забраць дакументы дачкі са школы, але зрабіць гэта ёй не дазволілі — пачалі пагражаць педсаветам за пропускі без паважлівай прычыны і за тое, што дачка ў чаце аднакласнікаў у вайберы, дзе была і класная кіраўніца, таксама выказвалася супраць вайны ва Украіне.

«Усё, што заставалася ў гэтай сітуацыі, — уцякаць»

«Я была на мяжы. Увесь час спрабавала знайсці хоць нейкае выйсце з гэтага пекла, — з горасцю распавядае жанчына. — Плюс, калі ўсплывуць мае фотаздымкі з мітынгаў, з выбарчага ўчастку, ведамасць, у якой я падпісвалася за Сяргея Ціханоўскага… Страшна ўявіць.

У жаху я аддала сябрам нават любімага сабаку, які доўга са мной жыў і стаў мне як роднае дзіця. Напэўна, я ніколі яго больш не ўбачу, і мне страшэнна сорамна перад ім за тое, што я так зрабіла, але калі б у мяне быў выбар…»

Усё, што заставалася жанчыне ў гэтай сітуацыі, — уцякаць. На шчасце, выехаць з краіны ў яе ўсё ж такі атрымалася.

13 траўня, пасля таго як Алена з дачкой ужо былі не ў Беларусі, дадому да іх уварваліся з ператрусам. Выламалі дзверы, усё перавярнулі. Пра гэта ўжо распавялі родныя і суседзі.

Таксама на пошту Алене прыйшла позва, у якой было адзначана, што яе выклікаюць на допыт паводле крымінальных артыкулаў 364 «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Жанчына знаходзіцца ў статусе падазраванай.

Трошкі сабраўшыся з духам, Алена кажа:

«Мы пераехалі. Здаецца, знаходзімся ў бяспецы, але мой псіхалагічны стан з кожным днём усё горшы. Я без працы, дзіця не ходзіць у школу, доўгі час не магу знайсці доктара, які б мне дапамог… Хаця мне трэба быць моцнай і падтрымліваць дачку: у яе велізарны стрэс ад пераезду. Дома засталіся нашы сябры і родныя, звыклае жыццё. А цяпер нам часам няма дзе нават начаваць. Дзякуй людзям, якія ўвесь гэты час нам дапамагалі і працягваюць дапамагаць, я бязмерна ім удзячная.

З мужам мы цяпер не маем зносінаў. Не пішу яму — баюся, што дазнаюцца, дзе мы знаходзімся. Перад выездам з краіны напісала Толю, што мы з'яжджаем. Той аб'ём перадач, які належыць зняволеным, мы з сябрамі яму перадалі…

Ведаю, што ён схуднеў на 50 кг, на шпацыр яго выводзяць раз на дзень на адну гадзіну, часам наогул не выводзяць. Яму патрэбныя лекі — у Толі праблемы з падстраўнікавай залозай. Але ніякія таблеткі перадаваць яму не дазволілі. У сваёй апошняй вестачцы ён пісаў, што ўсё нармальна, — але не можа чалавек, у якога ўсё нармальна, проста так схуднець на 50 кг…

Наша жыццё зламанае. Акрамя страху і пачуцця віны перад дачкой за тое, што яна вымушаная так пакутаваць, я нічога не адчуваю. Часам раніцай не магу ўстаць з ложку, бо накрывае паніка, і я не ведаю, што мне рабіць, калі ўстану. Як памыцца, як прыгатаваць сняданак… Проста ўзгадваю, як я рабіла гэта раней, іду рабіць тое ж самае і спадзяюся, што аднойчы гэтаму пеклу прыйдзе канец».

Тэрмін зняволення Анатоля Шырмы павінен скончыцца ў кастрычніку 2022 года. Вы можаце падтрымаць яго лістом салідарнасці. Адрас такі:

230025, «Турма №1», Гродна, вул. Кірава,1

Анатоль Анатольевіч Шырма

Крыніца: «У турме муж схуднеў на 50 кг. Ён трымаецца, але наша жыццё зламана». Жонка зняволенага распавяла пра жахі рэпрэсій супраць яе сям'і