У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

Прыйшлі да экс-галоўнага рэдактара газеты "Пагоня"

Мікалай Маркевіч
Мікалай Маркевіч

Сёння ў Гродне затрымалі ўдзельніка галадоўкі дэпутатаў Вярхоўнага Савету ў 1995 годзе Мікалая Маркевіча. У 90-х Мікалай быў заснавальнікам і галоўным рэдактарам газеты "Пагоня". У 2002 годзе яго асудзілі на два гады абмежавання волі за паклёп на Лукашэнку. Пазней быў рэдактарам газеты "Дзень", працаваў на "Радыё Рацыя", кіраваў гарадзенскай суполкай "Таварыства беларускай мовы". Цяпер 59-гадовы мужчына займаецца пасажырскімі перавозкамі ў фірме "Клас-Тур", паведамляе @nebovkletku.

Затрымалі тыктокера і студэнта БДТУ Паўла Пагоскага

Павел Пагоскі
Павел Пагоскі

На "пакаяльным відэа" хлопец гаворыць, што затрыманы за тое, што размясціў у сацыяльнай сетцы відэа "непрыстойнага характару". Тэлеграм-канал, звязаны з сілавікамі, публікуе таксама скрыншоты відэа, на якіх блогер апрануты ў міліцэйскую форму. Пры гэтым у профілі ў TikTok Паўла Пагоскага падобных відэа няма, піша "Наша Ніва".

Экстрэмісцкай прызналі асабістую Facebook-старонку беларускі

Старонка Ганны Бандарэнкі
Старонка Ганны Бандарэнкі

Гэтым разам, згодна з рашэннем суда Крупскага раёну, "экстрэмісцкімі матэрыяламі" прызнаная Facebook-старонка карыстальніцы Ганны Бандарэнкі.

Сілавікі ў офісе "Мегатопа"

Пра тое, ўто ў офіс "Мегатопа" наведаліся сілавікі, паведаміў @motolkohelp. Інфармацыі пакуль вельмі мала, але ёсць звесткі, што ДФР забраў у супрацоўнікаў тэхніку і спрабаваў узламаць серверы. Па непацверджаных звестках, ёсць затрыманыя, сярод якіх бухгалтар і юрыст.

Крыніца: Затрыманыя тыктокер і былы рэдактар, новая "экстрэмістка" і сілавікі ў "Мегатопе": хроніка пераследу 21 чэрвеня