У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 21-22 верасня збірае апошнія факты палітычнага пераследу грамадзян Беларусі. Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:
|
22 верасня
Затрыманне ў Маладзечна
Стала вядома пра ператрус у панядзелак у жыхаркі Маладзечна Алы Сямак. Пра яе цяперашні лёс пакуль нічога невядома.
ГУБАЗіК затрымаў гомельскага інжынера-праграміста
Затрыманага завуць Мікіта Карпенка, яго абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне варожасці).
У «пакаяльным відэа» хлопец распавядае, што быў падпісаны на «экстрэмісцкія» суполкі ва «УКантакце» і ў адной з іх пакінуў абразлівы каментар. Таксама сілавікі чамусьці прымусілі хлопца агучыць свой заробак, а ў апісанні да відэа дадалі, што Мікіта мае біткоіны.
Праваабаронцу Насту Лойка сёння будуць судзіць паводле адміністрацыйнай справы
Яе справу а 12-ай гадзіне пачне разглядаць суд Фрунзенскага раёну г. Мінска.
Нагадаем, праваабронца была затрыманая 6 верасня пасля абвяшчэння прысуду каардынатарцы Валанцёрскай службы «Вясны» Марфе Рабковай і яшчэ дзевяці палітвязням. Лойку абвінавацілі нібыта ў «дробным хуліганстве», за гэта суд пакараў яе 15 суткамі арышту.
Пасля 15 сутак адміністрацыйнага арышту Наста на волю не выйшла.
Затрыманы чарговы прадстаўнік IT-індустрыі
Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць пра затрыманне жыхара Мінска Аляксея Кавальчука.
Паводле іх, 32-гадовы супрацоўнік кампаніі Artezio удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, а таксама пакідаў «абразлівыя каментары».
Новыя «экстрэмісцкія» матэрыялы
Інфармацыйная прадукцыя Telegram-канала «Задержания, суды в Лиде» и Telegram-чата «Задержания, суды в Лиде ЧАТ» прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Адпаведнае рашэнне прыняў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці 6 верасня
З'явілася інфармацыя пра затрыманне ў Мінску дырэктара праекта «Нязведаная вузкакалейка» Арцёма Слізкага
Хлопец — аматар чыгуначнага транспарту, займаўся арганізацыяй турыстычных паездак па вузкакалейках і стварэннем адпведнага музея.
Палітвязень Мікалай Статкевіч зноў у ШІЗА
Пра гэта паведаміла жонка Мікалая Статкевіча. Спагнанні палітыку выпісваюць за адмову прыбіраць прагулачны дворык.
«Калі, нарэшце, адрамантавалі прагулачныя дворыкі і Мікалая пачалі выводзіць на паўгадзінную прагулку, ад яго пачалі патрабаваць гэтыя дворыкі прыбіраць за іншымі. Безумоўна, ён адмовіўся. Пенсіянер жа. У выніку кожная "прагулка" заканчваецца спагнаннем.
Я даведалася, што нашым "падзельнікам" (6 чалавек) прад'явілі чарговы «пазоў» ад ГП, усяго толькі на 22 мільёны (лічба недакладная, са словаў). А за што, ведаеце? За цяжкія працоўныя пазапланавыя высілкі "любіцеляў мастацтва" ў 2020-м. Асаблівая вытанчанасць у тым, што ўсе, без выключэнняў, нашы хлопцы былі арыштаваныя ў траўні-чэрвені 2020-га».
21 верасня
Восем палітвязняў былі пазбаўленыя вайсковых званняў
Указам Лукашэнкі ад 19 верасня былі пазбаўлены званняў 80 афіцэраў. «Наша Ніва» прааналізавала спіс былых вайскоўцаў і міліцыянтаў, сярод якіх — восем палітзняволеных:
Ягор Лебядок — вайсковы аналітык, які быў старшым лейтэнантам запасу. Яго абвінавачваюць у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК).
Яўген Бабак — былы памочнік пракурора Першамайскага раёна Мінска. Яго асудзілі да 4 гадоў калоніі за ўдзел у акцыях пратэсту, а тксама за «распальванне варожасці».
Аляксандр Велясніцкі — старшы лейтэнант запаса, які пасля выбараў-2020 асудзіў гвалт з боку сілавікоў. Затрыманы 29 верасня 2021 года па «справе Зельцэра».
Ігар Букас — капітан міліцыі, якога 10 жніўня 2020 года затрымалі разам з сынам. Яго асудзілі на 4 гады калоніі за гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК). Нядаўна Ігару ўзмацнілі рэжым і перавялі ў гродзенскую турму.
Уладзімір Шустаў — індывідуальны прадпрымальнік з Магілёва, раней быў камандзірам падраздзялення АМАП і супрацоўнікам службы аховы прэзідэнта. Быў моцна збіты падчас затрымання 10 жніўня 2020 года. Асуджаны да 3 гадоў калоніі паводле арт. 364 КК.
Аляксей Сянькоў — падпалкоўнік юстыцыі ў адстаўцы, з 2012 года да 2021 года ён працаваў на розных пасадах у Следчым камітэце. 5 ліпеня 2021 года яго затрымалі на працоўным месцы і звольнілі па згодзе бакоў. Яго асудзілі да 2 гадоў калоніі за нядзельныя Маршы 16 і 23 жніўня 2020 года.
Алег Ермакоў — былы супрацоўнік пракуратуры, які знаходзіцца пад вартай з 10 лютага 2022 года. Яго абвінавачваюць у перадачы дадзеных супрацоўнікаў праваахоўных органаў інфармацыйным рэсурсам.
Наталля Лашч — былая супрацоўніца пракуратуры, якую затрымалі 17 жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы аб «зліве» інфармацыі ў «Чорную кнігу Беларусі» (арт. 130 КК).
У Беларусі заблакавалі незалежны партал Blizko.by
Адпаведанае рашэнне прыняў Мінінфарм, піша CityDog. Сайт не адкрываецца ні з Беларусі, ні за мяжой. Сацсеткі сайта не абнаўляліся ад учора. Blizko.by пазіцыянаваў сябе як партал пра Мінск і Беларусь.
Мікалая Аўтуховіча змясцілі ў карцар на 10 сутак
Пра гэта ў інстаграме паведаміла ягоная дачка.
Нагадаем, Аўтуховіча, якога абвінавачваюць па 12 артыкулах Крымінальнага кодэкса, утрымліваюць за кратамі ўжо больш за 21 месяц. Лісты ад вязня даходзяць толькі ягонай маці. З 11 ліпеня па 1 жніўня Аўтуховіч трымаў галадоўку, пратэстуючы супраць таго, што яму перадаюць лісты толькі ад маці і не дастаўляюць газет.
На праўладных каналах з'явілася відэа з арыштаваным 41-гадовым трэнерам па вольнай барацьбе Канстанцінам Мерманішвілі, паведамляе Наша Ніва
Затрыманне мужчыны, які яшчэ нядаўна атрымаў «прэзідэнцкую стыпендыю» як перспектыўны трэнер, адбылося яшчэ ў сярэдзіне верасня.
Канстанцін Мерманішвілі — адзін з вядомых у Беларусі трэнераў па вольнай барацьбе, мае найвышэйшую трэнерскую катэгорыю. Мужчына працуе ў Мінскім дзяржаўным гарадскім вучылішчы алімпійскага рэзерву і Мінскім гарадскім цэнтры алімпійскага рэзерву па барацьбе імя Мядзведзя.
Інфармацыя дапаўняецца
Крыніца: Затрыманні, ціск на палітвязняў, "экстрэмісцкія" матэрыялы: хроніка пераследу 21-22 верасня