03.02.2023 Тэгі: адміністратыўны пераслед, пераслед, рэпрэсіі, затрыманні У Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманні, ператрусы, катаванні ў ізалятарах, аказваецца ціск на палітвязняў, незалежныя медыяпрадукты прызнаюць экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адбываюцца рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзян, якія актыўна выказваюць сваю пазіцыю ў адносінах да вайны, распачатай узброенымі сіламі Расіі. Праваабарончы цэнтр "Вясна" 3 лютага 2023 года збірае факты палітычнага пераследу беларусаў – інфармацыя ўвесь час дапаўняецца.

Калі вас ці вашых блізкіх затрымалі, паведамляйце нам:

У Фаніпалі затрымліваюць людзей за ўдзел у мітынгах у жніўні 2020-га

Як стала вядома праваабаронцам, у Фаніпалі Дзяржынскага раёна сілавікі масава затрымліваюць мясцовых жыхароў у межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) за ўдзел у акцыях пратэсту ў жніўні 2020-га года.

Высвятлілася, што супрацоўнікі ГУБАЗіКа ідэнтыфікуюць людзей па відэа, якое зафіксавала мітынг. На яго патрапіў увесь натоўп — больш за 600 чалавек.

У Мінску затрыманы Уладзіслаў Кажэмякін. Ён утрымліваецца ў ІЧУ на Акрэсціна. Прычына затрымання пакуль невядомая.

У Баранавічах учора затрымалі актывіста Мікалая Чарнавуса-малодшага

2 лютага ў Баранавічах сілавікі прыйшлі да Мікалая Чарнавуса-малодшага, дома ў яго правялі ператрус.

Па інфармацыі ад суседзяў, а 6 раніцы прыкладна 10 сілавікоў у бронекамізэльках і са зброяй атачылі прыватны дом, а потым пералазілі праз плот і гучна грукалі па вокнах з патрабаваннем адчыніць дзверы. Пасля ператрусу Мікалая вывелі ў кайданках з рукамі за спіной.

Па папярэдняй інфармацыі, 3 лютага над Чарнавусам адбудзецца суд паводле адміністрацыйнага пратакола. Пакуль невядома, у чым дакладна яго вінавацяць.

Крыніца: Затрыманні і іншы пераслед па палітычных матывах 3 лютага Дапоўнена