Дзмітрый Дубкоў у судзе. Фота: auto.onliner.by Экспертнае заключэнне аналітыкаў ПЦ "Вясна" па крымінальнай справе Дзмітрыя Дубкова ў рамках кампаніі праваабаронцаў па маніторынгу крымінальных спраў, якія маюць палітычны падтэкст і звязаных з фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 г.

Даведкава: Дзмітрый Дубкоў асуджаны 02 лютага 2020 г. судом Савецкага раёна Мінска па абвінавачанні ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч.3 арт.214 КК (6 гадоў) і ч.2 арт.293 КК (5 гадоў) па сукупнасці злачынстваў на 7 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Агульны кантэкст дадзенай справы можна ахарактарызаваць як глыбокі крызіс правоў чалавека, выкліканы стратай легітымнасці прэзідэнта і выбудаванай ім вертыкалі ўлады ў сувязі з палітычна матываванымі масавымі катаваннямі, што пачаліся ў дачыненні да мірных маніфестантаў са жніўня па цяперашні час, а таксама татальнай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Больш дэталёва з кантэкстам можна азнаёміцца ў пададзеным аналітыкамі ПЦ «Вясна» гадавым аглядзе за 2020 год, а таксама выніковай справаздачы па выбарах Прэзідэнта кампаніі «Праваабаронцы за свабодыя выбары». На дэталі крызісу правоў чалавека і яго наступствы ПЦ «Вясна» неаднаразова звяртаў увагу ў Заключэннях па крымінальнай справе Наталлі Хершэ і Дзмітрыя Караткевіча. Рэзюмуючы, варта адзначыць, што дзяржава ў цяперашніх умовах дэманстрацыйна пагарджае сваімі абавязаннямі расследаваць факты катаванняў, якія ўскалыхнулі ўвесь свет сваёй масавасцю, жорсткасцю і беспакаранасцю, а таксама неабходнасцю прыслухоўвацца да голасу пераважнай большасці беларусаў.

Умовы назірання за ходам разгляду крымінальнай справы былі нездавальняючымі ў сувязі з шэрагам фактараў:

У дачыненні да абвінавачанага Дзмітрыя Дубкова парушаўся стандарт прэзумпцыі невінаватасці. 18 жніўня 2020 г. па дзяржаўным тэлебачанні распаўсюджана інфармацыя без указання на імя і прозвішча пра 28-гадовага жыхара Мінскай вобласці, які нібыта завалодаў аўтамабілем: «пагражаючы пісталетам, пратэстоўцы завалодалі транспартным сродкам, пасля чаго (ужо пагражаючы гранатай) выгналі з кабіны грузавіка напарніка кіроўцы». На кадрах абвінавачаны пададзены з «зацёртым» тварам. Маніторынг крымінальнай справы паказаў, што ніводнага з пазначаных дзеянняў па захопе МАЗа абвінавачаны не здзяйсняў.

Падчас разгляду крымінальнай справы абвінавачаны транспартаваўся ў будынку суда ў кайданках у палажэнні за спінай. Пры падобных акалічнасцях ПЦ «Вясна» знаходзіць магчымым зрабіць выснову аб парушэнні ў дачыненні да Дзмітрыя Дубкова стандарта прэзумпцыі невінаватасці згодна з п.30 Заўвагі агульнага парадку №32 (2007) – дакумента, дзе выкладзены ў абстрактным выглядзе тлумачэнні Камітэта па правах чалавека ААН аб нарматыўным змесце адпаведных артыкулаў і палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Выкананне працэдуры судовага разбіральніцтва: суддзя Жуковіч Алена Генадзеўна, дзяржаўны абвінаваўца Маліко Анастасія Ігараўна, адвакат Карпушонак Вольга Юр'еўна. Пацярпелыя: працаўнікі тралейбуснага парка №4 ДП «Мінсктранс» Віктар Навадворскі, Андрэй Аўтушка і Сяргей Лізгірда. Маніторынг судовага разбіральніцтва дазваляе зрабіць выснову аб тым, што дзеяннямі абвінавачанага не прычынена шкода асобам, прызнаным пацярпелымі. Дадзеныя акалічнасці пацверджаны і самімі «пацярпелымі», якія не паказвалі на Дзмітрыя Дубкова як на асобу, што прымала удзел у гвалтоўным захопе аўтамабіля МАЗ. Выплата на стадыі папярэдняга расследавання сваякамі абвінавачанага 300 рублёў у якасці кампенсацыі пакут кіроўцу МАЗа скіравана на згладжванне наступстваў ад дзеянняў абвінавачанага, а менавіта ў прывядзенні транспартнага сродку ў рух і язды на ім на нязначную адлегласць.

Падчас судовага паседжання ад абвінавачанага не рабілася заяў пра катаванні і жорсткае абыходжанне. Разам з тым, Дзмітрый Дубкоў у судовым паседжанні растлумачыў, што непасрэдна пасля затрымання падпаў пад ціск з боку супрацоўнікаў Камітэта дзяржбяспекі, якія прымусілі абвінавачанага падпісаць яўку з пакаяннем у прысутнасці дзяжурнага адваката. Падчас спрэчак адвакат Вольга Карпушонак даступна давяла да суда неабходнасць даць ацэнку дадзенай акалічнасці або ў якасці змякчальнай акалічнасці, або як недапушчальнага доказу. Ні суддзя, ні дзяржаўны абвінаваўца не надалі значэння аповеду абвінавачанага пра акалічнасці, пры якіх ён быў змушаны падпісаць яўку з пакаяннем. На недапушчальнасць падобных метадаў вядзення папярэдняга расследавання паказваў Камітэт супраць катаванняў ААН у 2018 г.

Забеспячэнне эфектыўнай абаронай: абвінавачаны Дзмітрый Дубкоў быў прадстаўлены адвакатам Мінскай гарадской калегіі адвакатаў Карпушонак Вольгай Юр'еўнай. Па ацэнцы назіральніка, адвакат Вольга Карпушонак прадэманстравала прафесійны і варты даверу падыход у прадстаўленні інтарэсаў свайго падабароннага, што знайшло адлюстраванне ў шэрагу наступных момантаў.

Адвакат займала актыўную пазіцыю на стадыі судовага следства, задаючы пытанні «пацярпелым», сведкам і прадстаўніку ДП «Мінсктранс», адказы на якія дэманстравалі адвольны характар выстаўленага абвінавачання. Пытанні ўдзельнікам працэсу на стадыі судовага следства аб наяўнасці ці адсутнасці фактаў гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў фактычна «знялі» усе сумневы аб магчымуай кваліфікацыі дзеянняў абвінавачанага па артыкуле аб «масавых непарадках».

Адвакат займала актыўную пазіцыю па заяўленым ДП «Мінсктранс» іску і задавала пытанні юрысконсульту прадпрыемства пра калькуляцыю шкоды ў сувязі з уключэннем у разлік прастою аўтобуснага маршруту №18 (не ходзіць у раёне скрыжавання вул.Прытыцкага і пр.Пушкіна – Заўв.) і трамваяў, найбліжэйшыя маршрутныя шляхі якіх праходзяць у 4.5 кіламетрах ад месца здарэння.

Падчас судовых спрэчак адвакат Вольга Карпушонак даступна і старанна «разабрала» адсутнасць у абвінавачанні доказаў, што пацвярджаюць папярэднюю змову абвінавачанага з іншымі асобамі па завалоданні транспартным сродкам (прыводзяцца вытрымкі з прамовы адваката ў спрэчках – Заўв.): «Папярэдняя змова прадугледжвае тое, што не менш за дзвюх асоб загадзя дамовіліся аб здзяйсненні злачынства і размеркавалі ў ім ролі і далей дзейнічалі для дасягнення агульнага злачыннага выніку. Пры гэтым як мінімум гэтыя асобы павінны быць між сабой знаёмыя і агаворваць здзяйсненне злачынства загадзя. Такога роду доказы ў дадзенай крымінальнай справе адсутнічаюць. З заўсёды паслядоўных сведчанняў Дубкова вызначана, што язду на аўтамабілі ён здзейсніў спантанна. Раней чалавека, які яму перадаў ключы, ён не ведаў і адпаведна ніякім чынам не мог з ім загадзя абмеркаваць пытанні, звязаныя з размеркаваннем роляў у здзяйсненні злачынства. Паказанае ў поўнай меры пацвярджаецца сведчаннямі пацярпелых, якія сярод асоб, што патрабуюць вызваліць аўтамабіль, Дубкова не бачылі. Сведчанні Дубкова пацвярджаюцца відэазапісамі з камер рэгістратараў, на якіх бачна, што кіроўца і пасажыр пакідаюць аўтамабіль у 23:05 і толькі ў 23:14 Дубкоў садзіцца за руль. Пры гэтым у дадзеным прамежку часу на відэазапісах выразна чутна, што невядомыя асобы робяць захады да пошуку асобы, якая ўмее вадзіць, г. зн. чутныя крыкі: «Хто ўмее вадзіць?» Гэта пацвердзіў і сведка Загараднікаў».

 «…злачынствам прызнаецца неправамернае завалоданне транспартным сродкам і язда на ім без мэтай крадзяжу. Як вызначана ў судовым паседжанні, ніякага дачынення Дубкоў да завалодання транспартным сродкам не меў, прынамсі ніводнага доказу гэтаму дзяржаўным абвінаваўцам не пададзена. Злачынства, прадугледжанае арт. 214 КК, можа быць здзейснена толькі з прамым намерам, г. зн. у момант пачатку язды на аўтамабілі Дубкоў павінен быў усведамляць, што дадзеным аўтамабілем асоба, якая перадала яму ключы, завалодала неправамерна. Аднак, такіх доказаў у матэрыялах крымінальнай справы не змяшчаецца. Довады дзяржаўнага абвінаваўцы аб тым, што Дубкоў не распачаў якіх-небудзь дзеянняў па высвятленні прыналежнасці аўтамабіля, не сведчаць аб тым, што ён сапраўды ўсведамляў, якім шляхам адбылося завалоданне аўтамабілем, а тым больш шляхам ужывання гвалту».

«…Пагроза гвалтам ажыццяўлялася ў 23:05. Факт кіравання Дубковым транспартным сродкам у 23:14. Відэазапіс за перыяд часу з 23:10 па 23:14 у матэрыялах крымінальнай справы зусім адсутнічае…».

 «…Што да абвінавачання Дубкова ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага арт. 293 КК. Выклікае сумнеў абгрунтаванасць кваліфікацыі гэтых жа дзеянняў Дубкова як удзел у масавых непарадках, што суправаджаюцца гвалтам над асобай і ўзброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады. Так бокам абвінавачання не пададзена ніводнага доказу таго, што ў дадзены перыяд часу на вуліцы Прытыцкага мелі месца масавыя беспарадкі, якія б суправаджаліся гвалтам над асобай або ўзброеным супраціўленнем уладзе. У абвінавачанні такія факты не прыведзены. Усе пацярпелыя, усе сведкі паказалі, што яны не бачылі ніводнага факта ўжывання гвалту, і яны не бачылі якіх-небудзь выпадкаў накіравання зброі ў бок супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Па ацэнцы назіральніка, прафесійная праца адваката выявілася ў апошнім слове абвінавачанага, які знаходзіцца паўгода пад вартай: асуджаны прыводзіў цытаты нормаў з Крымінальнага кодэкса, што дэманструе старанную падрыхтоўку адвакатам пазіцыі свайго падабароннага. За перыяд назірання больш за дзвесце крымінальных спраў такі выпадак у практыцы ПЦ «Вясна» сустракаецца ўпершыню.

Варта адзначыць, што адвакат у спрэчках прасіла апраўдаць свайго падабароннага па абвінавачанні ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.214 КК. Што ж датычыцца выстаўленых абвінавачанняў па ч.2 арт.293 КК, адвакат прасіла перакваліфікаваць дзеянні свайго падабароннага на арт.342 КК. Па ацэнцы аналітыкаў ПЦ «Вясна», падобны прававы падыход дапасуецца з абвінаваўчым ухілам правасуддзя па дадзенай катэгорыі палітычна матываваных крымінальных спраў, дзе суды падтрымліваюць бок абвінавачання, улічвае кантэкст працы адваката ва ўмовах прававога дэфолту, а таксама не супярэчыць пазіцыі самога абвінавачанага, які заяўляў пра перагон транспартнага сродку з мэтай перакрыцця дзвюх палос дарогі супрацоўнікам АМАПа, якія едуць насустрач, у сувязі са здзяйсненнем імі супрацьпраўных дзеянняў па спыненні мірнага сходу з выкарыстаннем светлашумавых гранат і гумовых куль у бок мірнага насельніцтва. Важна адзначыць, што падобны падыход улічвае і дзеянні абвінавачанага па перамяшчэнні МАЗа на нязначную адлегласць.

З іншага боку, гэта дэманструе ў цэлым невысокі ўзровень уліку юрыстамі-практыкамі міжнародных абавязанняў Беларусі ў вобласці правоў чалавека пры адпраўленні правасуддзя: мірнае ажыццяўленне права на сход і выказванне меркаванняў не можа быць нагодай для крымінальнага пераследу (гл. Кіруючыя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ).

Адвакат заяўляла хадайніцтва ў інтарэсах абвінавачанага, звязанае з магчымасцю ўжывання да яго пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, падаўшы пацвярджальны дакумент аб гарантыі працаўладкавання на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку ўжывання пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі.

Такім чынам, адвакат Вольга Карпушонак прадэманстравала глыбокае разуменне прававой прыроды паводзін абвінавачанага, веданне матэрыяльных нормаў права і няўхільнае выкананне ёю патрабаванняў крымінальна-працэсуальнага закона і правілаў адвакацкай этыкі.

Роўнасць бакоў у працэсе: падчас судовага следства ў дачыненні да абвінавачанага парушалася права на абарону, а менавіта на прыватнае камунікаванне з абаронцам. У першы дзень слуханняў па справе адвакат Вольга Карпушонак заяўляла хадайніцтва аб аб'яўленні перапынку на адну гадзіну ў сувязі з тым, што абвінавачаны непасрэдна перад судом утрымліваўся тры тыдні ў камеры СІЗА, якая была на карантыне ў сувязі з COVID-19, што стварыла перашкоды ў бесперашкодным атрыманні ім юрыдычнай дапамогі. ПЦ «Вясна» з трывогай адзначае, што дазвол суддзёй перапынку на 20 хвілін несумяшчальны з палажэннямі п.34 Заўвагі агульнага парадку №32, у якой адзначаецца, што «адвакаты павінны мець магчымасць кансультаваць асоб, абвінавачаных у крымінальным злачынстве, без якіх б там ні было абмежаванняў».

У дачыненні да абвінавачанага падчас судовага следства парушалася права на прыватнае камунікаванне з адвакатам, паколькі супрацоўнік канвою не толькі блізка падыходзіў да адваката і абвінавачанага, але і дапускаў калыханні корпусам свайго цела ў іх бок. Падобныя паводзіны канвою з'яўляюцца недазвольнымі, паколькі перашкаджаюць прыватнаму камунікаванню абвінавачанага з абаронцам.

У якасці станоўчага моманту трэба адзначыць улік суддзёй Аленай Жуковіч меркавання абаронцы Вольгі Карпушонак аб магчымасці пераносу часу пачатку судовага паседжання на наступны дзень да 11:30 у сувязі з яе ўдзелам у крымінальным працэсе ў якасці адваката па прызначэнні (дзяржаўны абвінаваўца прасіла да 11:00 – Заўв.).

Даследаванне доказаў: неабходна адзначыць, што ў справе па абвінавачанні Дзмітрыя Дубкова адным са станоўчых момантаў быў дазвол суддзёй Аленай Жуковіч магчымасці абвінавачанаму не толькі блізка паглядзець пададзенае відэа, што змяшчаецца ў матэрыялах справы, паколькі суддзя перасунула ноўтбук, на якім даследаваліся запісы, на край стала бліжэй да клеткі з абвінавачаным, але і паўторнае дэманстраванне запісу, недаступнага для ўспрымання абвінавачаным з першага разу.

Заключныя высновы: старанны маніторынг крымінальнага працэсу ў судзе дазваляе экспертам ПЦ «Вясна» прыйсці да высновы аб тым, што крымінальная справа ўтрымлівае шэраг прыкмет, якія паказваюць на вынясенне прысуду выключна на здагадках, што несумяшчальна з прэзумпцыяй невінаватасці і супярэчыць норме КПК (ч.4 арт.16) аб тым, што «Прысуд не можа быць заснаваны на здагадках».

Як пазначана ў Навукова-практычным каментары да Крымінальнага кодэкса: «Масавыя непарадкі ў сэнсе арт.293 абавязкова павінны суправаджацца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супраціўленнем прадстаўнікам улады. Іншыя дзеянні ўдзельнікаў натоўпу, што выявіліся ў парушэнні грамадскага парадку, цягнуць адміністрацыйную адказнасць, а пры грубым парушэнні грамадскага парадку могуць цягнуць адказнасць па арт.339 ці 342» (стст. 686-687 Навукова-практычнага каментара да Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь / Н.Ф. Ахрамёнка [і інш.]; пад рэдакцыяй А.В. Баркова, В.М. Хоміча. – 2-е выд., са змян. і дап. – Мінск: ДІКСТ БДУ, 2010. – 1064 с.).

На думку Камітэта па правах чалавека ААН, «палажэнні артыкула 293 Крымінальнага кодэкса з'яўляюцца занадта расплывістымі і шырокімі, для таго каб можна было прадугледзець прававыя наступствы дзеянняў той ці іншай асобы, а вызначэнне панятку «масавыя непарадкі» ва ўнутраным праве адсутнічае». У сувязі з гэтым Камітэт нагадвае аб тым, што права на мірныя сходы, гарантаванае артыкулам 21 Пакта, з'яўляецца адным з асноўных правоў чалавека, неад’емным у дэмакратычным грамадстве. Гэта права дапускае магчымасць арганізацыі мірнага, у тым ліку спантаннага, сходу ў грамадскім месцы і ўдзелу ў ім.

Стыхійны сход грамадзян у раёне станцыі метро «Пушкінская» 10 жніўня 2020 г. супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў насіў мірны характар, нягледзячы на гэта, быў атакаваны спецпадраздзяленнем МУС з ужываннем светлашумавых гранат і гумовых куль празмерным і непрапарцыйным чынам.

Падчас судовага разбіральніцтва не знайшлі свайго аб'ектыўнага пацверджання факты, што сведчаць пра выкананне абвінавачаным дзеянняў, якія ахапляюцца аб'ектыўным бокам складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.293 КК. Падчас разгляду справы суддзя і дзяржаўны абвінаваўца працяглы час абвяшчалі змест пісьмовых матэрыялаў крымінальнай справы – пратаколы агляду вуліц у Мінску непасрэдна на месцы здарэння, ліставанне ў telegram-чаце, у якім знаходзіўся абвінавачаны. Указанне на наяўныя ў матэрыялах справы пашкоджанні камунальнай маёмасці, плямы бурага колеру на асфальце і «прадметы, падобныя да выбуховых прылад» адбывалася без ацэнкі прычынна-выніковай сувязі з дзеяннямі абвінавачанага. Па ацэнцы назіральніка, разгляд крымінальнай справы ў частцы выстаўленых абвінавачанняў па ч.2 арт.293 КК зводзіўся да зачытвання суддзёй і дзяржаўным абвінаваўцам пісьмовых матэрыялаў справы.

Правядзенне маніфестацый можа быць спалучана з пэўнымі часовымі перашкодамі для іншых грамадзян, аўтамабільнага і грамадскага транспарту. Выхад пратэстоўцаў на праезную частку не можа ўтвараць складу крымінальнага злачынства, паколькі вялікая колькасць маніфестантаў фізічна не магла змясціцца на пешаходных ходніках, а самі вуліцы, праспекты, плошчы і бульвары, з'яўляючыся грамадскімі месцамі агульнага карыстання, у роўнай ступені могуць выкарыстоўвацца як з мэтай гандлю, перамяшчэння грамадскага транспарту, так і для правядзення публічных мірных сходаў грамадзян па грамадска-важных пытаннях і праблемах, у тым ліку для пратэстаў супраць дзеянняў і палітыкі кіраўніцтва краіны.

Такім чынам, абвінавачанне Дзмітрыя Дубкова ў частцы здзяйснення ім дзеянняў, прадугледжаных ч.2 арт.293 КК, не знайшло свайго аб'ектыўнага пацверджання, паколькі стыхійны сход у раёне станцыі метро «Пушкінская» супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 10 жніўня 2020 г. насіў мірны характар, а дзеянні праваахоўных органаў па ўмяшанні ў яго правядзенне і яго спыненне не адпавядалі дапушчальным абмежаванням права на мірныя сходы, прадугледжаным у арт.21 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Важным аспектам, што заслугоўвае ўвагі ў аналітыкаў ПЦ «Вясна», з'яўляецца адсутнасць стараннай ацэнкі з боку суда правамернасці дзеянняў супрацоўнікаў праваахоўных органаў па ўмяшанні ў правядзенне мірнага сходу, ужыванні адмысловых сродкаў у выглядзе светлашумавых гранат і гумовых куль ва ўмовах асіметрычнага падыходу да расследавання забойства ўдзельніка мірнага сходу Аляксандра Тарайкоўскага, утойванні ад грамадства вынікаў праверкі, праведзенай спецыялістамі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Пастанова Пленума Вярхоўнага суда ад 22 снежня 2016 г. №9 (п.6) «Аб забеспячэнні права на судовую абарону і культуры судовай дзейнасці» абавязвае суддзяў надаваць увагу ўдасканаленню сваіх ведаў і прафесійных навыкаў, неабходных для належнага ажыццяўлення правасуддзя, а таксама сачыць за зменамі ў нацыянальным заканадаўстве і міжнародным праве, у тым ліку міжнароднымі дамовамі і іншымі дакументамі, якія ўсталёўваюць нормы, што дзейнічаюць у дачыненні да правоў чалавека.

Крымінальная справа ў дачыненні да Дзмітрыя Дубкова падняла глыбокую праблему ўмяшання дзяржавы ў свабоду стыхійных сходаў, яе абмежавання і спынення ў сувязі з татальнай фальсіфікацыяй вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. ПЦ «Вясна» з трывогай адзначае, што падчас разгляду крымінальнай справы суд не зрабіў стараннай ацэнкі дзеянняў абвінавачанага з цэлым блокам палажэнняў заканадаўства:

Рэспубліка Беларусь з 30 студзеня 1992 г. з'яўляецца паўнапраўным чальцом Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе. З 1992 г. у Вене (Аўстрыя) дзейнічае Сталая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь у АБСЕ. Рада экспертаў Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека і Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) Рады Еўропы падрыхтавалі Кіруючыя прынцыпы па свабодзе мірных сходаў, у рамках якіх падтрымалі краіны-ўдзельніцы АБСЕ ў сферы заканатворчай дзейнасці, дапамагаючы забяспечыць адпаведнасць іх заканадаўства аб свабодзе мірных сходаў міжнародным стандартам і абавязанням АБСЕ.

У гэтай сувязі эксперты ПЦ «Вясна» са шкадаваннем адзначаюць, што суд не зрабіў ацэнкі дзеянняў абвінавачанага з мелым месца кантэкстам, калі дзяржава з дапамогай спецпадраздзяленняў МУС дэманстрацыйна перарывала стыхійны сход, што, па нашай ацэнцы, несумяшчальна з прэзумпцыяй на карысць правядзенню сходаў; пазітыўным абавязаннем дзяржавы па спрыянні мірным сходам і іх абароне; абавязкі дзяржавы заўсёды забяспечваць абарону кожнага стыхійнага сходу і спрыяць яго правядзенню пры ўмове захавання яго мірнага характару і прынцыпам прапарцыйнасці мер, якія прадугледжваюць найменшы узровень умяшання.

Cтыхійны сход разглядаецца як рэакцыя на якую-небудзь падзею. Яго арганізатар (калі такі ёсць) не мае магчымасці выканаць патрабаванне па тэрміне падачы папярэдняга апавяшчэння. Такія сходы часта блізкія па часе тым падзеям, якія выклікалі яго, і магчымасць правядзення такіх сходаў іграе важную ролю, паколькі затрымка паслабіла б эфект ад паслання, якое перадаецца такім сходам.

Краевугольным каменем дадзенай справы з'яўляецца адсутнасць стараннай ацэнкі і адпаведных высноў суда аб правамернасці дзеянняў праваахоўных органаў па дэманстрацыйна брутальным і празмерным спыненні стыхійнай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацый вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у раёне станцыі метро «Пушкінская» у Мінску 10 жніўня 2020 г.

Часткай 3 арт.1 КК прадугледжана, што «Крымінальны кодэкс засноўваецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і агульнапрызнаных прынцыпах і нормах міжнароднага права». Прыведзеная вышэй аргументацыя са спасылкамі на прынцыпы і нормы міжнароднага права, у тым ліку на прынцып прэзумпцыі на карысць правядзенню мірных сходаў Кіруючых прынцыпаў па свабодзе мірных сходаў і абавязку дзяржавы забяспечваць абарону кожнага стыхійнага сходу, дазваляе зрабіць выснову аб тым, што абвінавачаны не выканаў дзеянняў, што складаюць аб'ектыўны бок складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.293 КК, што па правілах п.2 ч.1 арт.357 КПК з'яўляецца падставай для пастановы апраўдальнага прысуду.

Падчас судовага паседжання не было пададзена ніводнага пераканаўчага і годнага даверу доказу, акрамя таго, што аб'ектам дзеянняў абвінавачанага была маёмасць, якая знаходзіцца на балансе ДП «Мінсктранс».

Маніторынг і аналіз справы ў частцы выстаўленых абвінавачанняў па ч.3 арт.214 КК дазваляе экспертам ПЦ «Вясна» прыйсці да высновы аб тым, што абвінавачаны не выканаў дзеянняў, якія складаюць аб'ектыўны бок складу злачынства. Частка 3 дадзенага артыкула прадугледжвае здзяйсненне дзеянняў па завалоданні транспартным сродкам з ужываннем гвалту, пагрозай яго ўжывання, ці здзяйснення дзеянняў, якія ахопліваюцца дыспазіцыяй частак 1 і 2 арт.214 КК: «з аб'ектыўнага боку ўгон заключаецца ў неправамерным завалоданні транспартным сродкам і язды на ім». У судовым паседжанні не было прыведзена ніводнага доказу дзеянняў абвінавачанага, якія дазваляюць кваліфікаваць дзеянні Дзмітрыя Дубкова па ч.3 арт.214 КК, у рамках якой адказнасць настае за ўгон з ужываннем гвалту. Такім чынам, у адсутнасць гвалту з боку абвінавачанага па завалоданні транспартным сродкам кваліфікацыя яго дзеянняў па частцы 3 арт.214 КК павінна быць знята.

У судовым паседжанні не прагучала ніводнага доказу дзяржаўнага абвінавачання, як і не было прыведзена доказаў таму, што абвінавачаны браў удзел у неправамерным завалоданні транспартным сродкам, у выкарыстанні гвалту або яго пагрозе, а таксама ў здзяйсненні дзеянняў, якія б сведчылі аб здзяйсненні дзеянняў групай асоб па папярэдняй змове. Для таго, каб кваліфікаваць дзеянні абвінавачанага як завалоданне транспартным сродкам з іншымі грамадзянамі па папярэдняй змове, неабходна высветліць, што да пачатку злачынства яны дамовіліся аб сумесным неправамерным завалоданні транспартным сродкам. У аналізаванай крымінальнай справе наогул няма доказаў аб наяўнасці папярэдняй змовы абвінавачанага з іншымі грамадзянамі да пачатку выканання аб'ектыўнага боку складу злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.214 КК. У гэтай сувязі дарэчы працытаваць ч.3 арт.16 КПК: «Сумневы ў абгрунтаванасці выстаўленага абвінавачання тлумачацца на карысць абвінавачанаму».

Маніторынг крымінальнага працэсу ў частцы вывучэння пісьмовых матэрыялаў справы дазваляе зрабіць выснову аб адсутнасці прыкмет таго, што органамі папярэдняга расследавання распачыналася спроба па высвятленні асоб грамадзян, якія ўдзельнічалі ў захопе аўтамабіля (дадзеных пра аб'яву такіх у вышук з апісаннем знешніх характарыстык не агучвалася – Заўв.). Пры такіх акалічнасцях вынікае, што судовае разбіральніцтва, разгледжанае ў адсутнасць асоб, якія захапілі транспартны сродак, праведзена павярхоўна, што несумяшчальна з ч.1 арт.18 КПК аб усебаковым, поўным і аб'ектыўным даследаванні акалічнасцяў крымінальнай справы.

З аналізу ўсёй справы не ўгледжваецца якіх-небудзь прыкмет, якія б сведчылі аб здзяйсненні дзеянняў па перамяшчэнні транспартнага сродку абвінавачаным у складзе групы асоб па папярэдняй змове; выснова суда пра наяўнасць папярэдняй змовы заснавана на здагадках і не можа быць пакладзена ў аснову прысуду як тая, што парушае прэзумпцыю невінаватасці і несумяшчальная з палажэннямі ч.4 арт.16 КПК, паводле якой «Прысуд не можа быць заснаваны на здагадках».

Адвольнасць выстаўленага абвінавачання, што носіць характар здагадкі, знайшла сваё пацверджанне ў сведчаннях трох грамадзян, прызнаных па справе пацярпелымі. Ніводны з «пацярпелых» не бачыў абвінавачанага сярод асоб, якія ўдзельнічалі ў неправамерным завалоданні транспартным сродкам з ужываннем гвалту. Дадзеныя грамадзяне не заяўлялі ў адрас абвінавачанага якіх-небудзь прэтэнзій і пазоўных патрабаванняў.

Не з'яўлялася прадметам судовай ацэнкі і тое, што ў дзеяннях абвінавачанага мела месца памылка адноснага законнага ўласніка транспартнага сродку, які перадаваў ключы. Памылка – няправільная ацэнка асобай, якая здзейсніла грамадска небяспечную дзею, сваіх паводзін, іх вынікаў ці іншых фактычных акалічнасцяў, няправільнае ўяўленне пра характар і ступень грамадскай небяспекі зробленай дзеі і яе супрацьпраўнасці. Дадзеная памылка нават ва ўмовах цяперашняга прававога дэфолту мае істотнае значэнне для кваліфікацыі дзеянняў абвінавачанага па ч.3 арт.214 КК.

Указанне дзяржаўнага абвінаваўцы на намер у дзеяннях абвінавачанага па завалоданні транспартным сродкам у сувязі са знішчэннем сваіх адбіткаў пальцаў у кабіне аўтамабіля пасля прыпынку зроблена без ацэнкі і ўліку перыяду, калі абвінавачаны меў магчымасць усведамляць, што кіруе транспартным сродкам, падпалым неправамернаму завалоданню. Без увагі дзяржаўнага абвінавачання засталіся сведчанні абвінавачанага аб тым, што іншымі асобамі выстаўляліся патрабаванні накіраваць транспартны сродак у бок супрацоўнікаў праваахоўных органаў, пасля чаго Дубкоў спыніў дзеянні па кіраванні транспартным сродкам.

Такім чынам, маніторынг разгляду крымінальнай справы ў судзе дазваляе прыйсці да высновы аб тым, што асуджаны Дзмітрый Дубкоў не здзейсніў злачынстваў, пастаўленых яму ў віну.

*У дадзеным Заключэнні не давалася ацэнка тэксту прысуду ў сувязі са свядома незаконным характарам яго вынясення і высновай суда аб вінаватасці абвінавачанага ў здзяйсненні злачынстваў на падставе здагадак, што несумяшчальна з часткай 4 арт.16 КПК.

Крыніца: Заключэнне юрыстаў і экспертаў ПЦ «Вясна» па крымінальнай справе Дзмітрыя Дубкова па арт. 214 и 293 КК