Данііл Скіпальскі Пра 11 затрыманых у Мазыры 5 траўня паведамла прэсавая служба МУС. Паводле версіі сілавікоў, 10 хлопцаў, якіх затрымалі 4 траўня з дапамогай ГУБАЗіКу і САХР, бралі ўдзел у масавых беспарадках у жніўні 2020 года.

Яны з’яўляюцца ўдзельнікамі «каляфутбольнай групоўкі праварадыкальнай накіраванасці». Яшчэ адзін 54-гадовы затрыманы ў кола футбольных фанатаў не ўваходзіў, піша "Палеская Вясна".

Прэсавая служба ГУУС Гомельскага аблвыканкаму ў сваім відэа заявіла, што затрыманыя 11 жніўня мінулага году выкарыстоўвалі супраць міліцыянтаў газавыя балончыкі, кідалі ў іх камяні.

"Палеская Вясна" паразмаўляла ў Мазыры з сябрам большасці затрыманых. Ён пацвердзіў, што хлопцы і сапраўды заўзелі за мясцовы футбольны клуб «Славія», але не ведае з іхняга боку ніякіх праяваў правага радыкалізму. На шматтысячных шэсцях, якія адбываліся ў Мазыры пасля 14 жніўня і ў верасні мінулага году, іх не было заўважна. Магчыма яны ўдзельнічалі ў мірных сходах, якія вечарамі адбываліся ў раённым цэнтры ў першыя дні пасля выбараў.

9, 10, 11, 12 і 13 жніўня ў Мазыры штовечар збіраліся людзі спачатку на плошчы Леніна ў цэнтры горада, а потым у густанаселеным раёне на бульвары Юнацтва. Спачатку яны спрабавалі дамагчыся агалошвання сапраўдных вынікаў выбараў па кожным участку. Пры гэтым яны не рабілі анічога, што магло б зрабіць іхнія сходы не мірнымі – не псавалі маёмасць і транспарт, не рабілі агрэсіўных выпадаў у бок мінакоў альбо прадстаўнікоў сілавых структураў, якія штовечар таксама былі на месцах збору. Больш таго, 10 жніўня, калі міліцыянты і вайскоўцы ўнутраных войскаў выцеснілі ўдзельнікаў мірнага сходу з плошчы Леніна на лесвіцу, якая ідзе на прылеглую гару, людзі адтуль пачалі скандаваць лозунг «Міліцыя з народам!»

Міліцыянты ж разам з вайскоўцамі ўнутраных войскаў ужылі да ўдзельнікаў мірных выказванняў меркаванняў нематываваны гвалт. Яны пачалі жорстка затрымліваць і збіваць удзельнікаў мірных сходаў, якія не супраціўляліся, часта ляжалі на доле, прыкрываючыся ад шматлікіх хаатычных удараў гумавымі дручкамі і пінкоў нагамі. У інтэрнэт трапілі шматлікія відэазапісы гэтых гвалтоўных дзеянняў сілавікоў. Пазней высветлілася, што да тых, каго ім удалося затрымаць, у памяшканнях Мазырскага РАУС ужываліся страшэнныя катаванні, іх мэтанакіравана збівалі, здзекваліся з іх, прыніжалі маральна, пагражалі звальненнямі з працы, працяглымі тэрмінамі турэмнага зняволення.

Увосень за тое, што 11 жніўня 2020 году кінулі камяні ў бок аўтамабіля ўнутраных войскаў у Мазыры асудзілі дваіх непаўнагадовых хлопцаў Юрыя Мельчанку і Сяргея Лягуна. Іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле не ў масавых беспарадках, а ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаныя з непадпарадкаваннем патрабаванням супрацоўнікаў органаў унутраных справаў.

Суразмоўца "Палескай Вясны" паведаміў, што першым затрыманым, пра якога яму стала вядома, быў Данііл Скіпальскі. Ён выйшаў з пад’езду, каб ісці на працу і адразу ж быў жорстка затрыманы. Менавіта ён фігуруе ў двух эпізодах на відэа МУС.

Данііл СКІПАЛЬСКІ пасля затрымання 4 траўня. Скрын-шоты з відэа МУС.

Сябар Данііла, з якім размаўляла Палеская Вясна, звярнуў увагу, што ягонае маўленне на відэа моцна адрозніваецца ад ягонай штодзённай размовы – ён заікаецца, кепска выгаворвае некаторыя словы. Таксама кідаецца ў вочы надрыўны голас іншага затрыманага з МУСаўскага відэа. А аднаго з затрыманых нават увогуле не змясцілі на калажы, выкладзеным у ТГ-канале «ГУБОП».

Калаж з тэлеграм-канала gubopRB

У дзень затрымання суседзі, якія сталі яго сведкамі, пра гэта паведамілі маці Данііла. А праз некаторы час да яе прыйшлі людзі ў цывільным і прад’явілі нейкую паперу. Яна ад хвалявання не здолела разабраць сэнс паперы і папрасіла патлумачыць. Ёй паведамілі, што будуць праводзіць ператрус у кватэры. Сілавікі, абшукваючы памяшканні, пыталі ў маці пра нейкую зялёную байку. Але такой не знайшлі. Яны агледзелі ноўтбук, але там таксама не аказалася нічога, што б іх зацікавіла, таму яны яго не забіралі. З кватэры забралі толькі некалькі налепак з фанацкай сімволікай клуба «Славія» і выявай герба «Пагоня». Паводле інфармацыі, якую маці Данііла Скіпальскага ўдалося даведацца ад супрацоўнікаў праваўжывальных органаў, Данііла затрымалі ў парадку артыкула 108 (паводле непасрэдна ўзніклага падазрэння ў здзяйсненні злачынства) і затрымалі на 72 гадзіны, а вінавацяць яго папярэдне паводле артыкулу 342.

Палескай Вясне ўдалося высветліць імёны яшчэ васьмі затрыманых. Гэта Вадзім Свінцецкі, Сяргей Гадыеў, Аляксандр Сузько, Мікіта Бандарэнка, Віталь Мелех, Эдгард Максіменка, Павел Дворак, а таксама 54-гадовы Уладзімір Панфіленка, які не належыць да фанацкага руху. Станам на 6 траўня яны знаходзяца ў ІЧУ Мазырскага РАУС. Перадачы для іх не прымаюць. 

Крыніца: Масавыя затрыманні футбольных заўзятараў у Мазыры. Што вядома на гэты час