Алег Корбан На сайце Вярхоўнага суда з'явілася інфармацыя, датычная прысуду па крымінальнай справе лідара грамадскай ініцыятывы "Альтэрнатыва" Алега Корбана.

23 красавіка 2021 года судом Маскоўскага раёна г. Мінска ў закрытым судовым пасяджэнні разгледжана крымінальная справа ў дачыненні да К. (Корбана), які абвінавачваецца ў здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1, ч. 2 арт .342 УК.

“Прысудам суда абвінавачаны К. (Корбан) прызнаны вінаватым у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту і прадпрыемстваў, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 1 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год 6 месяцаў.

Ён жа прызнаны вінаватым у іншай падрыхтоўцы асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства, і на падставе ч. 2 арт. 342 КК яму прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год.

Паводле арт. 71 КК пры паўторнасці злачынстваў, якія не ўтвараюць сукупнасці, шляхам паглынання менш строгага пакарання больш строгім, канчаткова прызначана абвінавачанаму К. пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў.

Паводле арт. 78 КК судом пастаноўлена не прыводзіць у выкананне прызначанае пакаранне, калі на працягу аднаго года выпрабавальнага тэрміну абвінавачаны К. не зробіць новае злачынства і будзе выконваць ускладзеныя на яго судом абавязкі.

Прысуд не абскарджаны, не апратэставаны і ўступіў у законную сілу.”

Палітвязень Алег Корбан быў затрыманы пасля ператрусу ў кватэры 25 кастрычніка 2020 года. Спачатку яму прысудзілі 15-суткавы адміністрацыйны арышт па арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве), а пасля яго заканчэння перавялі ў СІЗА-1.

Вечарам 23 красавіка Алег Корбан напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку:

“Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду! Суд вынес 1,5 года абмежавання волі. Падрабязнасці будуць пазней, зараз пачынаю адаптавацца да вашай свабоды".

Алег Корбан: Цуд адбыўся, сёння мяне выпусцілі на свабоду!

Суддзя Малашэнка на першым судовым пасяджэнні пастанавіла, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме.

Крыніца: На сайце Вярхоўнага суда апублікаваны рэальны прысуд лідару "Альтэрнатывы" Алегу Корбану