У Ленінскім судзе Гародні нарэшце 17 верасня вынесены прысуд па крымінальнай справе, заведзенай на мясцовых жыхароў - Барыса Ляшкевіча і Леаніда Клімава. Іх абвінавацілі ў арганізацыі або актыўным ўдзеле у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ).

Справа датычыць падзей, якія адбыліся ў Гародні яшчэ 9 жніўня 2020 году. Тады Клімаў і Ляшкевіч нібыта былі заўважаныя ў счэпцы ля Фарнага касцёла ў Гродне пасля 22.00, пасля абвяшчэння вынікаў галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

Суддзя - Руслан Гурын, дзяржабвінаваўца - Анжаліка Бутрымовіч.

У Ленсудзе Гродна суддзя то адкладваў гэтую справу па прычынах, каб залегендзіраваць сведак, забяспечыць ім меры бяспекі, то абвінавачаныя захварэлі, затым захварэў пракурор. Нагадаем, першае паседжанне суду прайшло яшчэ 27 ліпеня.

Пракурора ўрэшце замянілі.

17 верасня новы пракурор ўдакладніла абвінавачванне:

Леанід Клімаў разам з Барысам Ляшкевічам 9 жніўня 2020 года прасля 22 гадзін удзельнічалі ў несакцыянаваным масавым мерапрыемстве, аказвалі непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі, натхнялі іншых на супрацьпраўныя дзеянні. Негатыўна рэагавалі на заклікі разыйсціся.

Затым разам з іншымі асобамі ўтварылі счэпку і перакрылі рух грамадскага транспарту.

Тым самым Клімаў аказваў відавочнае непадпарадкаванне, груба парушаў грамадскі парадак, адмаўляўся выконваць законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі.

Клімаў прызнае сябе вінаватым часткова.

У Барыса Ляшкевіча - аналагічнае абвінавачанне.

Першы раз Барыс Ляшчевіч быў затрыманы ў верасні 2020 года па ўзбуджанай крымінальнай справе за акцыі пратэсту. Яго адпусцілі на волю пад падпіску аб нявыездзе. У лютым мусіў адбыцца суд, аднак раптам справу закрылі. Але ўвесну 2021 года яе аднавілі. 13 траўня ў доме маці Барыса прайшоў вобшук. Дзявятага чэрвеня Ляшкевіча выклікалі на допыт і адтуль змясцілі ў СІЗА гарадзенскай турмы. 

Барыс Ляшкевіч прызнаны палітвязнем.

Ад пачатку абодвух падазравалі яшчэ і ў гвалце альбо пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў па артыкуле З64 Крымінальнага кодэксу, аднак абвінавачванне было знята яшчэ да суда, паколькі не знайшлі пацярпелых за падзеі таго позняга вечара 9 жніўня.  Відэакамеры знялі ззаду ўсіх амапаўцаў і немагчыма было ідэнтыфікаваць тых, хто аказваў супраціўленне, як і сведак па справе.

Суддзя Руслан Гурын прысудзіў абодвум па два гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Крыніца: Гарадзенцаў асудзілі за счэпку каля Фарнага касцёла 9 жніўня мінулага года