Праваабаронцы і валанцёры "Вясны" працягваюць маніторыць судовыя пасяджэнні па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю беларускіх уладаў да любых формаў праяваў пратэсту. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, самым распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед па дыфамацыйных артыкулах: за абразу прэзідэнта, прадстаўнікоў улады, суддзяў, а таксама за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 368, 369, 370, 391 КК). "Вясна" распавядае, каго і за што на гэтым тыдні асудзілі ў Беларусі па гэтых артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Кіроўцу-міжнародніка з Гомеля за абразу ваенкома пакаралі трыма гадамі “хіміі”

Суд Чыгуначнага раёна Гомеля 18 кастрычніка прызнаў мясцовага жахара Віталя Маскалёва вінаватым у абразе службовай асобы і пагрозе прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка МУС.

Абодва злачынствы былі здзейснены ім адным каментаром ў тэлеграм-канале “Моцныя навіны” напрыканцы жніўня 2020 года. Абразлівы каментар быў адрасаваны падпалкоўніку, ваенкому Крываносаву, піша “Гомельская Вясна”.

maskalieu_vital.jpg
Віталь Маскалёў. Фота "Гомельская Вясна"

10 верасня 2020 года Віталя Маскалёва затрымалі супрацоўнікі ГУБАЗіКа. Пасля допыту ў статусе падазраванага яго змясцілі на тры дні ў ІЧУ, а пасля адпусцілі дадому. Цягам трох месяцаў каля пяці разоў Маскалёва дапытвалі ў Следчым камітэце, а напрыканцы снежня следчы Шчурэвіч праняў рашэнне аб спыненні крымінальнай справы супраць яго.

Пасля гэтага Віталь Маскалёў змяніў працу і ўладкаваўся на расійскую фірму кіроўцам-міжнароднікам. Аднак у красавіку 2021 года мужчыну зноў выклікалі ў СК і следчая Ірына Белавусава паведаміла яму, што крымінальная справа супраць яго адноўленая.

Маскалёва пакінулі на воле пад паручальніцтва яго жонкі і пляменніцы. Па вяртанні з чарговага рэйсу з Украіны ён атрымаў позву ў суд, які распачваўся 15 кастрычніка.

Вядома, што Віталь Маскалёў прызнаў віну цалкам і патлумачыў, што насамрэч напісаў абразлівы каментар пра Крываносава, але пагроза на яго адрас была выказана ў відавочна жартаўлівай форме:

“Да таго ж сам Крываносаў таксама пісаў каментары пад матэрыялам “Моцных навінаў”, прапаноўваў сустрэцца незадаволеных яго паводзінамі на вул. Садовай. Я потым даведаўся, што гэта адрас ваенкамата, дзе ён працуе. Вось я жартам і напісаў, што калі да яго прыедуць хлапцы са слабымі нервамі, яму будзе кепска. Нашто Крываносаў сам прапаноўваў сустрэцца ў тым чаце?”.

Пацярпелы ваенком не падаваў пазоў на спагнанне матэрыяльнай кампенсацыі нанесенай яму маральнай шкоды. На судзе ён не прысутнічаў, таму суддзя Аляксей Хлышчанкоў зачытаў яго папярэднія паказанні, дазеныя падчас следства, дзе Крываносаў адзначыў, што абразлівы каментар Маскалёва зняважыў яго гонар і годнасць і прынізіў яго ў вачах падначаленых.

У выніку суд прызначыў Маскалёву пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на тры гады.  

На 1,5 гады “хатняй хіміі” асудзілі жыхара Маладзечна за абразу двух супрацоўнікаў міліцыі

19 кастрычніка суд Маладзечанскага раёна і г. Маладзечна прызнаў 51-гадовага Васіля Крыцкага вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса і асудзіў яго да 1,5 гадоў “хатняй хіміі”. Васіля Анатольевіча затрымлівалі 4-5 жніўня, пасля гэтага ён знаходзіўся на волі пад паручальніцтвам. Ён таксама мае пасведчанне “чарнобыльца”.

Прысуд вынес суддзя Петрусевіч, бок дзяржабвінавачання падтрымаў пракурор Валерый Пяркоўскі.

Згодна з абвінавачаннем, Васіль Крыцкі абразіў супрацоўнікаў РАУС Дубровенскага райвыканкама Шлупакова і Шрамава, размясціўшы каментары пад іх фотаздымкамі у суполцы ў “Аднакласніках”. 

Мужчына не памятае, ці пісаў ён гэтыя каментары, але паколькі тэлефон належыць яму і быў без блакіроўкі, ён прызнаў сваю віну.

Пацярпелыя заявілі пазоў па кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў кожны. Паводле Шрамава, ён са слоў калег даведаўся, што пад ягоным фота ў сацсетцы тыя убачылі абразлівыя подпісы. Сам ён нічога не можа ўспомніць, і канкрэтна, што напісаў Крыцкі, не памятае. Шлупакову запісы таксама скінулі калегі: ён прайшоў па спасылцы і ўбачыў пост і шмат негатыўных каментароў, у тым ліку, ад абвінавачанага. Канкрэтна ўжо не памятае, што там было напісана, але казаў, што дакладна абразлівае.

Пракурор Пяркоўскі запрасіў 1,5 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ – “хатняй хіміі”. Суддзя пагадзіўся і прызначыў менавіта такое пакаранне. Таксама ён абавязаў Васіля Крыцкага выплаціць пацярпелым па 1000 рублёў кожнаму.

За абразу міліцыянта з Бабруйску Аляксея Іванова асудзілі на 1,5 года “хіміі”

20 кастрычнніка суд Узды і Уздзенскага раёна асудзіў 34-гадовага Аляксея Іванова да 1,5 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ, прызнаўшы яго вінаватым паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса. Справу разгледзелі за 16 хвілін.

sud_uzda1.jpg
Перад пачаткам працэсу. Фота spring96.org

Прысуд вынес суддзя Аляксандр Кострыкаў. Дзяржабвінавачанне падтрымаў пракурор Ханевіч. Аляксей Іваноў адмовіўся ад абаронцы.

Згодна з абвінавачаннем, 9 ліпеня 2020 года Іваноў публічна абразіў у “Аднакласніках” участковага інспектара г. Бабруйска Андрэй Комара: размясціў пад ягоным фотаздымкам каментар, які супярэчыць агульначалавечай маралі і правілам зносінаў паміж людзьмі.

Аляксей Іваноў поўнасцю прызнаў віну. Ён распавёў, што ў інтэрнэце ўбачыў фота з супрацоўнікам у форме, наконт якога было сказана, што ён фальсіфікаваў адміністрацыйныя справы на людзей. Аляксей пачытаў водгукі і меў неасцярожнасць таксама пакінуць каментар: “По лицу видно гандон”. Цяпер лічыць сваё выказванне зневажальным і раскайваецца, што пакінуў каментар. Пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1000 рублёў ён прызнаў часткова.

Пацярпелы Комар не з’явіўся на паседжанне, але даслаў заяву, у якой папрасіў прызначыць абвінавачанаму самае строгае пакаранне, прадугледжанае санкцыямі артыкула.

Дзяржабвінаваўца прасіў суд пакараць Іванова двума гадамі абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ – “хіміі”, а таксама задаволіць пазоў “з улікам прынцыпа разумнасці”. У апошнім слове абвінавачаны папрасіў прабачэння перад усімі і паабяцаў, што такога больш не паўтарыцца.

Суддзя Кострыкаў асудзіў Аляксея Іванова да 1,5 гадоў “хіміі”, а таксама пастанавіў спагнаць з яго 200 рублёў на карысць пацярпелага і 87 рублёў – дзяржпошліны.

Два гады “хіміі” за абразу прэзідэнта па тэлефоне

20 кастрычніка ў судзе Маладзечанскага раёна і г. Маладзечна паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса да двух гадоў “хіміі” асудзілі Мікалая Ганцаля.

Мужчыну прызналі вінаватым у тым, што 23 лютага 2021 года ён патэлефанаваў у міліцыю і сказаў: “Ваш прэзідэнт чмо”. Справу разгледзела суддзя Дзяніс Барэйка, дзяржабвінавачанне падтрымала пракурорка Юлія Жук.

На першым судовым паседжанні, якое прайшло 3 верасня, экспертка паведаміла, што “чмо” – гэта не слова, а абрэвіятура, якая ў розных слоўніках можа насіць рознае значэнне – не абавязова абразлівае. На пытанне суду, што меў на ўвазе Ганцаль, ён адказаў, што гэта абазначала - “чалавек малаадукаваны”, на ягоную думку, гэта не абраза. На пытанне, ці прызнае ён сваю віну, ён пацвердзіў, што сапраўды так сказаў. Экспертка сказала, што, каб вызначыць, ці мела сказанае абвінавачаным абразлівы характар, трэба праслухаць аўдыёзапіс, бо па напісанаму следчым, яна не можа гэтага вызначыць: праз гэта была прызначаная дадатковая экспертыза.

Наступнае паседжанне прайшло 20 кастрычніка. На ім Мікалай Ганцаль прызнаў віну і дадаў, што меў на ўвазе пад словам “чмо” - “чалавек малазабяспечаны розумам”: калі ён глядзеў відэа ў інтэрнэце, яго вельмі ўсхвалявала збіццё людзей, таму ён і задаўся пытаннем, які нармальны чалавек можа аддаваць такія загады. Экспертка адзначыла, што абрэвіятура можа мець тое значэнне, якое ў яе ўкладвае чалавек, а таксама расшыфроўвацца і пацвярджацца кантэкстам, таму без аналіза кантэкста нельга зрабіць высновы наконт абразы. Але калі такой абрэвіятурай называць асобу, і яе значэнне адпавядае слоўнікавым, то яна будзе сведчыць пра негатыўную ацэнку дадзенай асобы.

У выніку суддзя Барэйка паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса прызначыў Мікалаю Ганцалю два гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ (“хіміі”).

Гамяльчуку далі максімальна магчымае пакаранне за каментар у "Аднакласніках"

Як паведамляе "Гомельская Вясна", 21 кастрычніка ў судзе Навабеліцкага раёну Гомеля адбыўся разгляд крымінальнай справы супраць 37-гадовага гамельчука Сяргея Захаранкі. Яго вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады пры выкананні ім службовых абавязкаў (арт. 369 КК). Справу разглядаў суддзя Аляксандр Зінчук.

zaharanka_sud.jpg
Перад пасяджэннем суду. Фота "Гомельская Вясна"

Пракурор Аляксандр Асадчы зачытаў абвінавачанне, згодна якому, Захаранка ў ліпені 2020 года размясціў у "Аднакласніках" абразлівы каментар пад фотаздымкам інспектара ДПС Ганцавіцкага РАУСу старэйшага лейтэнанта Ігара Вольніча. Такім чынам, публічна абразіў прадстаўніка ўлады, які знаходзіцца пад асаблівай аховай дзяржавы, у сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў.

ПацярпелыВойніч у суд не з’явіўся і папрасіў разглядаць справу ў яго адсутнасць.

Дапытаны ў судзе Сяргей Захаранка віну цалкам прызнаў, раскаяўся і папрасіў прабачэнне ў Вольніча. Па сутнасці абвінавачання патлумачыў, што ён у стужцы пабачыў фотаздымак інспектара, дзе апісвалася яго дзейнасць па затрыманні пратэстоўцаў і на эмоцыях напісаў такі каментар.

"Я сам служыў ва ўнутраных войсках, – патлумачыў у судзе Захаранка, – Нас вучылі, як і што трэба рабіць. Таму я і паставіў пад сумнеў дзеянні інспектара ДПС".

Абвінавачаны паведаміў суду, што пазней ён спрабаваў выдаліць каментар, але яго там ужо не было.

Захаранку затрымалі ў красавіку 2021 года і змясцілі ў ІЧУ на трое сутак. Пасля яго вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе і грашовы заклад у 100 базавых велічынь (2900 рублёў).

У судзе зачыталі паказанні пацярпелага, якія ён даваў падчас следства. Вольніч даведаўся пра абразлівы каментар ад следчага. Запіс яго публічна абразіў і дыскрэдытаваў менавіта як супрацоўніка МУС. Пацярпелы настойваў на прыцягненні Захаранкі і ўсіх іншых аўтараў аналагічных каментароў да адказнасці. Таксама пацярпелы адзначыў, што ён насамрэч браў удзел у затрыманні грамадзянаў, якія ўдзельнічалі ў несанкцыянаваных сходах, але ён нікога не збіваў, не прыніжаў, тым больш непаўнагадовых. У дачыненні да яго не праводзілася аніякая службовая праверка.

Пацярпелы заявіў грамадзянскі пазоў на спагнаннематэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.

Падчас судовых спрэчак пракурор Асадчы запрасіў для Захаранкі пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады.

Абаронца Захаранкі падчас судовых спрэчак адзначыла, што санкцыі артыкула 369 Крымінальнага кодэкса прадугледжваюць і штраф, і грамадскія і папраўчыя працы – пакаранні не звязаныя з пазбаўленнем і абмежаваннем волі, ізаляцыяй ад грамадства.

"Пракурор запрасіў максімальна магчымае пакаранне, – заўважыла абаронца. – Каму ж тады і за што даваць штраф і працы ў такім выпадку? Запрошанае пакаранне празмерна суворае. Захаранкацалкам пагадзіўся з пазовам. Няма падстаў у суда даваць пакаранне звязанае з абмежаваннем волі".

Адвакатка звярнула ўвагу суду на шэраг змякчальных абставін: наяўнасць двух непаўнагадовых дзяцей на ўтрыманні, сталае месца жыхарства і працы, прызнанне віны, раскаянне, супраца са следствам, адсутнасць судзімасцяў. Яна прасіла суд прызначыць пакаранне – грамадскія працы, каб "працаваў, прыносіў прыбытак дзяржаве, знаходзіўся ў сям’і". 

Сяргей Захаранка з сумай пазову пагадзіўся і ў апошнім слове папрасіў суд не прызначаць пакаранне звязанае з пазбаўленнем, абмежаваннем волі.

Аднак суддзя Зінчук стаў на бок дзяржабвінавачвання і прысудзіў Захаранку два гады “хіміі”.

Чарговы суд за абразу Вольніча - два гады “хатняй хіміі” прысудзілі жыхару Пінска

У судзе Пінскага раёна і г. Пінска 22 кастрычніка вынеслі прысуд Аляксандру Вярэнічу, якога вінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Справу разглядала суддзя Вольга Лубнік, бок дзяржабвінавачвання прадстаўляў Уладзіслаў Марчык. Пацярпелым па справе праходзіў супрацоўнік ДАІ Ігар Вольніч, на пасяджэнне ён не з’явіўся праз занятасць па службе, але заявіў пазоў на кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.

Згодна з абвінавачваннем, Аляксандр Вярэніч 23 чэрвеня 2020 года ў “Аднакласніках” пад публікацыяй на старонцы Вольгі Карач пакінуў каментар: “Чорт калгасны за зорачку маці родную прыціснуў бы”. У публікацыі быў змешчаны фотаздымак, на якім інспектар ДПС Ганцавіцкага РАУС Ігар Вольніч каленам прыціскаў да асфальту галаву пажылога чалавека. Сваім каментаром Вярэніч абразіў супрацоўніка міліцыі, што следства кваліфікавала паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса.

Аляксандр Вярэніч віну прызнаў цалкам, пагадзіўся з заяўленым пазовам.

Дзяржабвінаваўца падчас спрэчак бакоў прасіў суд прызнаць Аляксандра Вярэніча вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ тэрмінам на два гады.

Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Вольга Лубнік – два гады “хатняй хіміі”, а таксама спагнаць з абвінавачанага кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага ў памеры 1000 рублёў.

Крыніца: Суды за дыфамацыю: Ад 1,5 года "хатняй хіміі" да 3 гадоў "хіміі" за абразу Лукашэнкі, супрацоўнікаў міліцыі і ваенкома