Илюстрацыйнае фота. Крыніца:riakchr.ru Праваабаронцы і валанцёры «Вясны» працягваюць сачыць за судовымі слуханнямі па крымінальных справах, звязаных з нецярпімасцю ўладаў Беларусі да любых формаў пратэсту. На думку праваабаронцаў, найбольш распаўсюджаным інструментам рэпрэсій сёння з'яўляецца крымінальны пераслед паводле паклёпніцкіх артыкулаў: за абразу прэзідэнта, дзяржаўных чыноўнікаў, суддзяў, а таксама за здзек над дзяржаўнай сімволікай (артыкулы 368, 369, 370, 391 Крымінальнага кодэкса).

Мінск: два гады «хатняй хіміі» за «чмо»

Два гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу - такі прысуд 29 лістапада быў вынесены мінчанцы Юліі Шастаковай. Яе абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады (ч. 1 арт. 369 КК) - супрацоўніка ДАІ з Ганцавічаў Ігара Вольніча. Гэта пасля яго заяваў праз суды прайшлі больш за дзесятак чалавек, што выказалі сваю рэакцыю ў інтэрнэце на не цалкам адэкватныя дзеянні праваахоўніка. Крымінальная справа разглядалася ў судзе Заводскага раёна Мінска суддзёй Настай Асіпчык. Дзяржабвінавачанне прадстаўляў памочнік пракурора Мікіта Савіцкі. На першым судовым пасяджэнні 26 лістапада Шастаковай ставілася ў віну тое, што яна яшчэ ў ліпені 2020 года на старонцы Вольгі Карач у Аднакласніках пакінула каментар з трох літар: «Чмо». На судзе Шастакова сцвярджала, што свой каментар яна дапісала не да канца, а гэты адправіла выпадкова. Хацела адрасаваць паведамленне каментатарам, а не ў супрацоўніку ДАІ. Аднак на ранейшым допыце тлумачыла свае дзеянні тым, што трапіла пад уплыў дэструктыўных СМІ.

Вольга Шастакова - маці дваіх непаўналетніх дзяцей. На судзе распавяла, што да палітыкі ставіцца нейтральна, у масавых акцыях пратэсту не ўдзельнічала. Сваю віну прызнала часткова. Пазоў аб матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды на суму 1500 рублёў, які запытаў пацярпелы Вольніч, жанчына цалкам не прызнала. Абвінавачванне запрасіла для Шастаковай абмежаванне волі тэрмінам на два гады без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу, а таксама задавальненне матэрыяльнага пазову пацярпелага ў памеры 1500 рублёў. Менавіта такі прысуд і вынесла 29 лістапада суддзя Асіпчык - два гады «хатняй хіміі».

Баранавічы: два гады «хатняй хіміі» за каментар аб міліцыянтах і чырвона-белых шарыках

Ілюстрацыйнае фота:lidanews.by
Ілюстрацыйнае фота:lidanews.by

29 лістапада ў Баранавічах пачаўся суд над 46-гадовым слесарам з Дуброўна Дзмітрыем Мазуркевічам. Па крымінальным артыкуле 369 мужчыну абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады. Судовае пасяджэнне вяла суддзя Юльяна Шчэрба, бок абвінавачвання падтрымліваў пракурор Данільчык.

Пра падсуднага вядома, што раней ён ужо быў судзімы па арт. 115 КК РБ («Пазбаўленне волі») і арт. 186 КК РБ («Пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці»), у разводзе, выхоўвае 12-гадовага сына, які пражывае з маці.

У якасці пацярпелых па справе праходзілі два супрацоўніка міліцыі: старшы інспектар прафілактыкі ОПП Дубровенскага РАУС Аляксандр Шлупакоў, а таксама оперупаўнаважаны групы па барацьбе з наркакантролем і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Дубровенскага РАУС Сяргей Шрамаў.

У віну Дзмітрыю Мазуркевічу ставяць тое, што 7 лютага 2021 у групе «Вусаты прусак» у Аднакласніках пад фотаздымкамі пацярпелых падсудны напісаў абразлівы каментар, у тым ліку наступныя словы: «...гэтыя супрацоўнікі, рызыкуючы жыццём, канфіскавалі гэтыя шарыкі...». Гаворка ідзе пра бел-чырвоныя шарыки, якія ў ходзе агляду міліцыянты канфіскавалі ў падсуднага.

За абразу пацярпелыя заявілі пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 рублёў кожнаму. Абодва заявілі, што каментар Мазуркевіча быў даступны неабмежаванаму ліку людзей і іх вельмі засмуціў.

Падчас судовага паседжання абвінавачаны прызнаў сваю віну, а кампенсацыю маральнай шкоды паспеў аплаціць падчас перапынку ў судовым пасяджэнні. Пасля гэтага пацярпелыя ад свайго пазову адмовіліся, бо кампенсацыю маральнай шкоды яны ўжо атрымалі.

У якасці пакарання для падсуднага пракурор запытаў паўтара гады «хатняй хіміі» плюс кампенсацыю мабільнага тэлефона ў кошт дзяржавы. Пацярпелыя падтрымалі дзяржабвінаваўцу і папрасілі для Мазуркевіча пакаранне «па меркаванню суда». У сваім апошнім слове абвінавачаны папрасіў прабачэння перад пацярпелыміСуддзя падтрымала бок абвінавачвання і вынесла запатрабаванае пракурорам пакаранне – паўтара гады «хатняй хіміі».

Год калоніі агульнага рэжыму за згарэлы дзяржаўны сцяг

Суд Маладзечна і Маладзечанскага раёна 29 лістапада вынес прысуд палітвязням Аляксею Чашуну і Уладзіславу Тамашэвічу. Іх абвінавацілі ў абразе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэксу). Юнакі былі затрыманыя 7 верасня гэтага года і да суда ўтрымліваліся ў следчай турме №8 у Жодзіна. Справу разглядала суддзя Вольга Дубовік. Дзяржабвінаваўца – Жук. Аляксея вінавацяць у тым, што разам з Уладзіславам Тамашэвічам ён падпаліў дзяржаўны сцяг, размешчаны каля адной з крам Маладэчанскага раёна. Прадстаўнік абвінавачвання запрасіў для Чашуна і Тамашэвіча тры месяцы арышту аднаму і адзін год абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу другому. Аднак рашэнне суд вынес больш жорсткае: пазбаўленне волі ў калоніі агульнага рэжыму тэрмінам на адзін год кожнаму.

Гродна: 2,5 годы «хіміі» за «г * ўно, а не людзі»

30 лістапада суд Кастрычніцкага раёна Гродна разгледзеў крымінальную справу ў дачыненні да 38-гадовага аўтаслесара з Мінска Яўгена Гоманава. Дзяржабвінавачанне падтрымліваў пракурор горада Уладзімір Клішын, старшыняваў па справе Віталь Лабацкі. Паводле абвінавачання, 19 кастрычніка мінулага года ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» пад публікацыяй з фатаграфіяй намесніка камандзіра АМАП УУС Гродзенскага аблвыканкама па ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні Сяргея Жучкова ў форменным абмундзіраванні Яўген Гоманаў пакінуў каментар: «г*ўно, а не людзі».

Падсудны цалкам прызнаў сваю віну, раскаяўся ў зробленым і растлумачыў суду, што напісаў свой каментар на эмоцыях пасля прагляду відэа на You-Tube з затрыманнямі і збіццём удзельнікаў акцый пратэсту.

Пацярпелы ў суд не з'явіўся, але даслаў хадайніцтва аб разглядзе справы ў яго адсутнасць. Таксама Сяргей Жучкоў заявіў іскавыя патрабаванні аб спагнанні з падсуднага маральнай шкоды ў памеры 1 тысячы рублёў.

Гоманаў прызнаў пазоўныя патрабаванні пацярпелага ў поўным аб'ёме і падчас судовага паседжанні папрасіў прабачэння ў Сяргея Жучкова.

Сведка Полудзень на судовае паседжанне таксама не з’явіўся. У сваім хадайніцтве ён папрасіў суд абвясціць паказанні, якія ён даў падчас дасудовай вытворчасці.

Падчас абвяшчэння матэрыялаў крымінальнай справы стала вядома, што абвінавачанага затрымлівалі па крымінальнай справе з 4 па 7 кастрычніка і трымалі ў ІЧУ. За два тыдні да судовага паседжання ў яго памерла мама, у сувязі з чым Яўген Гоманаў прасіў улічыць суд тую акалічнасць, што цяпер яму трэба будзе даглядаць за бацькам, які з’яўляецца ліквідатарам наступстваў аварыі на ЧАЭС.

Падчас судовых спрэчак пракурор выступіў з прамовай:

«Высокі суд! Вядома, можна пагадзіцца з выказваннем Міхаіла Булгакава, што «абраза з'яўляецца звычайнай узнагародай за добрую працу». Але з іншага боку, калі дараваць адну абразу, то вам абавязкова нанясуць іх мноства. Нормы крымінальнага закона патрабуюць не дараваць тым, хто абражае прадстаўнікоў улады. Калі пакідаць іх без увагі і без адказнасці, то нават адзіны факт спародзіць буру нянавісці і злосці, што не трэба ні грамадзянам, ні грамадству, ні дзяржаве. Мабыць, абвінавачаны гэтага не ведаў. А калі ведаў, то забыўся, і таму сёння ён на лаве падсудных».

У ходзе спрэчак пракурор адзначыў, што змякчальнай адказнасць акалічнасцю з'яўляецца чыстасардэчнае раскаянне падсуднага, і што абцяжваючых акалічнасцяў па справе не ўстаноўлена.

Уладзімір Клішын папрасіў суд прызнаць Яўгена Гоманава вінаватым і прызначыць яму пакаранне «ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 2 гады і 6 месяцаў, спагнаць кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага, а таксама дзяржпошліну ў памеры 87 рублёў».

Адвакат абвінавачанага кваліфікацыю дзеянняў свайго падабароннага не аспрэчваў, але папрасіў суд улічыць усе станоўчыя характарыстыкі Яўгена Гоманава, прызначыўшы пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў выпраўленчую ўстанову адкрытага тыпу.

Падчас апошняга слова Яўген Гоманаў папрасіў суд прызначыць яму пакаранне ў выглядзе «хатняй хіміі», як і прасіў яго адвакат.

Рашэнне па справе суддзя Віталь Лабацкі прымаў 35 хвілін. Вярнуўшыся з дарадчага пакою, ён падтрымаў бок абвінавачвання – 2,5 гады «хіміі».

Гомель: год «хатняй хіміі» за тое, што схапіўся за сцяг

Ілюстрацыйнае фота:lidanews.by
Ілюстрацыйнае фота:lidanews.by

У судзе Цэнтральнага раёна Гомеля 2 снежня вынесены прысуд 21-гадоваму Даніілу Папкову. Юнака абвінавацілі ў апаганьванні дзяржаўнага сцяга па арт. 370 КК РБ. Справу разглядаў суддзя Віктар Казачок, пракурор - Грамыка. Згодна з абвінавачаннем, «12 верасня 2021 года каля д.21 па вуліцы Савецкай з мэтай апаганьвання дзяржаўнага сцяга РБ, выказваючы абразлівае стаўленне да дзяржаўных сімвалаў, дэманстраваў прысутным паказушную смеласць….схапіўся за сцяг. Гэтым самым прычыніў шкоду на суму 129 рублёў». Дапытаны падчас судовага следства маладзён віну цалкам прызнаў і раскаяўся ў сваім учынку, паведамляе «Гомельская Вясна». Таксама хлопец аведаміў суду, што матэрыяльную шкоду ён цалкам кампенсаваў. У гэты дзень, распавёў маладзён, ён сустрэўся са сваімі сябрамі (адзін з іх вярнуўся з арміі, другі прыехаў з інашага гораду). Яны спачатку пасядзелі ў гаражы, а потым пайшлі ў начны клуб «Новы час». Алкаголю не ўжывалі. Вярталіся раніцою (прыкладна ў 4 гадзіны) па Савецкай. Па словах падсуднага, каля дома №21 ён убачыў сцяг і ў яго ўзнікла думка схапіцца за сцяг. «Хацеў выпендрыцца перад сябрамі, маўляў, глядзіце які я высокі і лоўкі – магу даскочыць да сцяга. Але ж яго не сарваў. Ён як вісеў, так і застаўся вісець, хіба толькі крыху нахіліўся». На наступны дзень ён убачыў у інтэрнэце навіну, што яго шукае міліцыя. У абвестцы быў ягоны фотаздымак, а таксама фота яго сяброў. Папкоў адразу пайшоў у міліцыю. Па невядомай прычыне там яму не аформілі яўку з пакаяннем, а толькі чыстасардэчнае прызнанне. Папкоў таксама распавёў, што ў краме, дзе ён працуе, быў сход калектыву, дзе разбіралі гэту сітуацыю. Калегі прызналі, што не варта было так рабіць, але звальняць яго ніхто не збіраўся, бо цэняць яго як адказнага работніка. Другога снежня ў судзе адбыліся судовыя спрэчкі. Абвінавачаны ў сваім апошнім слове сказаў: «Віну прызнаю цалкам, раскайваюся, зрабіў правільныя вывады. Прашу не пазбаўляць мяне волі». Суд пастанавіў пакараць Данііла Папкова абмежаваннем волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на адзін год.

Данііл Папкоў
Данііл Папкоў

Ляхавічы: два гады «хатняй хіміі»за каментар пра збіццё пратэстоўцаў

3 снежня ў Ляхавічах вынеслі абвінаваўчы прысуд жыхару Бешанковічаў Віталю Буцьку, якога паводле арт. 369 абвінавацілі ў абразе прадстаўніка ўлады.

Судовае пасяджэнне вяла суддзя Таццяна Жарко. Вядома, што падсудны жанаты, не судзімы, мае дваіх непаўналетніх дзяцей. Пацярпелым па справе прызнаны капітан міліцыі Чыгуначнага АУС Віцебска камандзір роты ППС Павел Ярмоленка.

Віталя Буцько абвінавачваюць у тым, што ў групе «Гэта Віцебск дзетка» ў Вконтакте пад публікацыяй Антона Радоўскага, у якой гаварылася, што пацярпелы Ярмоленка збіваў людзей, Буцько напісаў пра яго абразлівы каментар. У тым жа пасце была размешчана і фатаграфія пацярпелага.

У якасці маральнай кампенсацыі Ярмоленка запатрабаваў 3000 рублёў.Абвінавачаны сваю віну прызнаў, з пазовам пагадзіўся. А свой учынак патлумачыў тым, што яму не падабаецца, калі збіваюць людзей, таму і пакінуў каментар. Але пазней дапоўніў, што на момант напісання свайго каментара ён не быў упэўнены, што людзей збіваў менавіта Ярмоленка.

У якасці пакарання пракурор запытаў для Буцько 2 гады «хатняй хіміі». Суд прызнаў Віталя Буцько вінаватым ва ўчыненні злачынства паводле арт. 369 КК РБ, прысудзіў два гады «хатняй хіміі», пакінуў пад падпіскай аб нявыездзе, пастанавіў выплаціць пацярпеламу 2000 рублёў у якасці маральнай кампенсацыі і 87 рублёў дзяржпошліны. Мабільны тэлефон як сродак здзяйснення злачынства суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы.

Крыніца: Суды за абразы міліцыянтаў, Лукашэнкі і чырвона-зялёнага сцяга не спыняюцца. Якія тэрміны беларусы атрымалі па дыфамацыі за мінулы тыдзень