Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Чэрвень 2019

Міліцыянты спынілі дзьве адміністрацыйныя справы супраць Барыса Хамайды

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Барыс Хамайда Барыс Хамайда

Ад пачатку 2019 году апазыцыянэра Барыса Хамайду затрымлівалі каля “сіняга дому” ў Віцебску тройчы – напярэдадні Дня Канстытуцыі, на Дзень Волі і 30 красавіка. Ва ўсіх трох выпадках на яго складалі пратаколы за загрувашчваньне вуліцы (арт. 21.14 КаАП). Як стала вядома, дзьве адміністрацыйныя справы супраць Хамайды ўжо спыненыя.

Як расказаў Барыс Хамайда, 2 чэрвеня ён атрымаў паведамленьне з Чыгуначнага РАУС Віцебску аб скасаваньні адміністрацыйнай справы ад 25 сакавіка. Зь якіх прычынаў справу спынілі – у паперы не тлумачылася.      

“Мне стала цікава, і я схадзіў у РАУС, каб даведацца, чаму спынілі. Паглядзеў справу. Аказалася, міліцыянты некалькі разоў накіроўвалі яе ў адміністрацыйную камісію Чыгуначнага раёну і абодва разы ім яе вярнулі назад – з той прычыны, што недастаткова доказаў”, – патлумачыў Хамайда.

Распавёў, што ў другі раз міліцыянты далучылі да пратаколу сем фотаздымкаў, зробленых у розных ракурсах, на якіх Барыс Хамайда стаіць ля “сіняга дому” і трымае сьцяг Віцебску і плякат з цытатай Буніна (“Город Витебск древний и нерусский”).

Але камісіі, каб прыцягнуць Хамайду да адказнасьці, і гэтага аказалася мала. Міліцыянтам адказалі, што з тых фотаздымкаў зусім незразумела, у які час і ў якім месцы яны рабіліся, а таксама – хто канкрэтна парушаў заканадаўства. Больш доказаў міліцыянты не знайшлі і справу спынілі.

Барыс Хамайда паведаміў таксама, што супрацоўнікам Чыгуначнага РАУС не ўдалося давесьці да канца і справу, распачатую супраць яго 14 сакавіка (перад Днём Канстытуцыі). Адміністрацыйную справу скасавалі пасьля таго, як яе вярнулі ў РАУС на дапрацоўку з адміністрацыйнай камісіі, а дадатковых доказаў вінаватасьці Хамайды міліцыянты прад’явіць не змаглі.

Хамайда: Ну людзі ж там таксама не дурныя...

Тое, што апошнія справы супраць яго былі скасаваныя, сам Барыс Ханонавіч тлумачыць тым, што “і ў адміністрацыях сядзяць ня дурні”.

“Можа, нам падаецца, што зьмены недзе вельмі далёка. Але можа так апынуцца, што гэтыя зьмены недзе зусім побач. Ну людзі ж там таксама не дурныя, разумеюць жа, што трэба і далей будзе жыць. Прыйдзе новая ўлада, ну што ж – ім гэта залічыцца, я мяркую…” – кажа Барыс Хамайда.  

Функцыі старшыні адміністрацыйнай камісіі пры адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску выконвае Марына Смолікава.

Адзначым, што адна адміністрацыйная справа, распачатая ў дачыненьні апазыцыянэра 30 красавіка, пакуль не скасаваная. Тады міліцыянтаў выклікала кіраўнічка крамы “Веста” №87 (вул. Леніна, 28), перад якой звычайна стаяў Барыс Хамайда. Цяпер ён распаўсюджвае беларускую сымболіку і літаратуру адразу за рогам гэтага ж будынку.

Зьміцер Міраш