Жыхароў вобласці паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП судзяць у Чашніцкім, Докшыцкім і Віцебскім раёнах, а таксама ў судах Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска. Такія звесткі пазначаны ў судовых раскладах. Але інфармацыя пра суды па гэтым артыкуле можа быць няпоўнай, бо іх часта не ўключаюць у расклад. Распавядаем, што вядома пра людзей, якіх гэтымі днямі судзяць за падпіскі, рэпосты і "лайкі". 

У газеце «Витебские вести» выйшаў артыкул «Какие наказания предусмотрены за размещение фейков в интернете?» Спасылаючыся на тлумачэнні прадстаўніка абласной пракуратуры Сяргея Селіханава, журналіст Яўген Карпас па-свойму трактуе палажэнні Крымінальнага Кодэкса РБ. І таму замест «юрыдычнага лікбезу» на сайце выдання з'явіўся тэкст, асноўная мэта якога – запалохаць чытачоў.

У гэты аўторак у судзе горада Наваполацка разбіралі ажно 5 "экстрэмісцкіх" справаў па ч.2 арт. 19.11 КаАП. Судзіць «распаўсюднікаў экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» па даўняй завядзёнцы прызначылі Зінаіду Балаболаву. Гэтая суддзя ўжо не першы год разбірае «палітычныя» адміністрацыйныя справы, і хіба толькі вялікім досведам можна патлумачыць тое, што на судовы разбор кожнай з пяці справаў Балаболава патраціла ўсяго ад 15 да 30 хвілін.

Мікіту Сцяржанценкава, які толькі скончыў першы курс віцебскага ўніверсітэта, асудзілі паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП у судзе Першамайскага раёна. Будучы юрыст спрабуе абскардзіць судовую пастанову – яго імя з'явілася ў раскладзе Віцебскага абласнога суда, разгляд скаргі прызначаны на 17 ліпеня.

За распаўсюд «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі» паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП судзяць Надзею Бяко ( суд 10 ліпеня) і Максіма Васілеўскага (суд 9 ліпеня). Судзяць абодвух у судзе Чыгуначнага раёна Віцебска. Суддзя – Алена Цыганкова, вядомая ў горадзе па ранейшых «палітычных» прысудах.