Суддзя суда Докшыцкага раёна Вяеслаў Елісеенка за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў у сацыяльных сетках пакараў сарака гадзінамі грамадскіх прац кіроўца філіяла «Докшыцыводаканал» Валерыя Шылько, якому ў 2023 годзе ўлады прысвоілі ганаровае званне «Лепшы работнік транспарту».

Суддзя суда Наваполацка Зінаіда Балаболава 7 ліпеня пастанавіла арыштаваць на 15 сутак Сяргея Крупкіна. На думку суддзі мужчына вінаваты ў распаўсюджванні "экстрэмізму" ў сацыяльных сетках.

Суддзя суда Талачынскага раёна Наталля Барысавец за правядзенне не дазволенага ўладамі пікетавання ў сацыяльных сетках аштрафавала на 2590 рублёў электраманцёра Віталя Шалупіна.

Такі штраф прысудзіў браслаўчанцы, маці дваіх непаўналетніх дзяцей Ірыне Лібік суд Браслаўскага раёна. Жанчыну судзіў суддзя Аляксандр Вязіцкі па частцы 1 артыкула 24.23 КаАП (Парушэнне парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства).

Шматдзетную маці Вікторыю Казун будзе судзіць паводле артыкула 19.11 (распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай) суддзя Талачынскага райсуду Наталля Барысавец. Калегу Вікторыі па працы ў Талачынскім лясгасе Дзмітрыя Васіленку – суддзя таго ж суду Ірына Котава.