Музычны гурт «Перевал» выступаў у Наваполацку падчас фестываля патрыятычнай і армейскай песні «Синева». Песня «Синева» («Расплескалась синева, расплескалась») лічыцца неафіцыйным гімнам дэсантных войскаў, і падчас фестывалю адзначаліся 50-я ўгодкі яе стварэння. Гурт «Перевал» складаецца з прадстаўнікоў Даўгаўпілсскага цэнтра садружнасці ветэранаў Афганістана (AFGĀŅU VETERĀNU DAUGAVPILS SADRAUDZĪBAS CENTRS "PEREVAL") . На сцэну яго ўдзельнікі выйшлі ў паласатых цяльняшках у блакітных берэтах.

Шэраг гарадоў і райцэнтраў Віцебшчыны наведваюць гэтымі днямі ўдзельнікі аўтапрабега «Дарогамі Памяці і Подзвігу», які стартаваў у Архангельску і мае завяршыцца ў Бярэсці. Удзельнікі аўтапрабега – гэта педагогі і курсанты Архангельскага навучальнага пашуковага цэнтру. Аўтапрабег мае нібыта выхаваўчыя мэты: падлеткаў заахвочваюць аддаць даніну памяці землякам-архангельцам, якія ваявалі або загінулі на тэрыторыі Беларусі. Аднак кожны прыпынак на Віцебшчыне пераўтвараецца ў ідэалагічнае мерапрыемства з удзелам мясцовых уладаў, а расейскія падлеткі падчас канцэртаў для мясцовых жыхароў спяваюць ваенныя песні, выконваюць харэаграфічныя нумары са сцягамі Расеі І Беларусі, а таксама дэманструюць навыкі абыходжання са зброяй.

Дыджэй Марцін Енсэн (Martin Jensen), які не раз станавіўся найлепшым дыджэем Даніі, а ў 2016 годзе трапіў у топ-100 DJ Mag, даведаўшыся, што ў яго запланаваны сэт на фестывалі Viva Braslav у Беларусі, адмовіўся ад удзелу.

Усім раённым цэнтрам Віцебшчыны загадана мець сваё «брэндавае свята». У Глыбокім, да прыкладу, гэта «Вішнёвы фэст», у Гарадку – імпрэза ў гонар аўтара паэмы «Тарас на Парнасе» Канстанціна Вераніцына. У Чашніках таксама вырашылі ўшанаваць славутага земляка – Васіля Цяпінскага-Амельяновіча, сярэднявечнага гуманіста-асветніка, пісьменніка і кнігавыдаўца, які нарадзіўся каля 1530 г. у мястэчку Цяпіна (цяпер вёска за 6 км ад райцэнтру). Праўда, ушанаванне культурніцкага дзеяча часоў ВКЛ ператварылі ў ідэалагічны вінегрэт, каб раённаму начальству было прасцей даць справаздачу пра патрыятычнае выхаванне ў рэгіёне.

Выстава ўдзельнікаў Марыупальскага фотаклуба адкрылася ў культурна-гістарычным комплексе «Золотое кольцо города Витебска «Двина». У складзе экспазіцыі «Мариуполь: жить, несмотря ни на что» прадстаўлены 45 фотаздымкаў 19-ці аўтараў. У сацыяльных сетках фотаклуба паведамляецца, што правядзенне фотавыставы ў Віцебску стала магчымым, дзякуючы спрыянню жыхара Масквы, фатографа Андрэя Бялова і ягонай жонкі Наталлі. Да слова, фотавыстава ягоных прац «Фотопрогулки по Москве и Подмосковью» таксама два гады таму экспанавалася ў віцебскім культурна-гістарычным комплексе. Мабыць, тады і завязалася супрацоўніцтва масквіча з віцебскай культурніцкай установай, дзе цяпер паказваюць здымкі ўдзельнікаў Марыупальскага фотаклуба