24.04.2025 Тэгі: правы чалавека, адвакатура У Беларусі адвакатура перажывае беспрэцэдэнтны крызіс. Пасля падзей 2020 года інстытут, які павінен быў стаяць на варце правоў чалавека, апынуўся пад поўным кантролем дзяржавы. Праваабарончы цэнтр "Вясна" сумесна з Міжнароднай федэрацыяй за правы чалавека (FIDH), Таварыствам юрыстаў Англіі і Уэльса (Law Society of England and Wales) і Парыжскай асацыяцыяй адвакатаў (barreau de Paris) прадставілі ў межах Універсальнага перыядычнага агляду ААН даклад, прысвечаны страце незалежнасці беларускіх калегій адвакатаў. Павел Сапелка, праваабаронца "Вясны" і юрыст, распавядае, як адвакаты ператварыліся з абаронцаў у інструмент ціску, і што гэта азначае для грамадзян, чые правы павінны быць абаронены.
Адвакатура пасля 2020: што засталося ад незалежнасці
"Адвакатура ў Беларусі ў сур'ёзнай ступені дэмаралізавана і замест абароны правоў стала сама выконваць рэпрэсіўныя функцыі. Яна стала прыдаткам дзяржаўнай правапрымяняльнай сістэмы, і гэта ў максімальнай ступені адбілася на магчымасцях адвакатаў ажыццяўляць паўнавартаснае прадстаўніцтва і абарону", — адзначае Павел Сапелка.
За апошнія гады адвакаты страцілі многія і без таго абмежаваныя магчымасці па арганізацыі сваёй працы, іх дзейнасць татальна кантралюецца, усякая рэалізацыя свабоды выказванняў можа пацягнуць трагічныя наступствы, кажа праваабаронца. Ён нагадвае, што на дадзены момант не менш за шэсць адвакатаў знаходзяцца ў зняволенні, яшчэ больш адвакатаў прайшлі праз адміністрацыйны крымінальны пераслед; каля 150 адвакатаў пазбаўлены права на прафесію, некалькі сотняў адвакатаў пакінулі прафесію пасля 2020 года па розных прычынах, у тым ліку ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне.
"Гэта пазбаўляе адвакатаў сапраўднай незалежнасці — неабходнага асноўнага атрыбута прафесіі. Адвакатура па палітычных матывах страціла сотні актыўных, кваліфікаваных і вопытных спецыялістаў".
Прызначаны адвакат — не значыць "горшы"
Шырока распаўсюджанае меркаванне, што прызначаныя адвакаты — "дзяржаўныя" і працуюць бясплатна. Але насамрэч усе адвакаты ў Беларусі маюць аднолькавы статус, а прызначаюць іх проста з ліку тых, хто дзяжурыць або вольны.
"У Беларусі няма дзяржаўных адвакатаў: усе адвакаты маюць фармальна аднолькавы статус, з'яўляюцца сябрамі тэрытарыяльных калегій адвакатаў і ажыццяўляюць дзейнасць у складзе юрыдычных кансультацый. З іх ліку органам, які вядзе крымінальны працэс (следчым або судом) прызначаюцца абаронцы тым, хто не мае па нейкай прычыне (у тым ліку з-за адсутнасці сродкаў) абаронцы па дамове (якога запрасіў сам падазраваны або абвінавачаны, іх сваякі або знаёмыя).
Успрыманне адваката як "дзяржаўнага" адбываецца відавочна ад таго, што ўдзел адваката ў якасці абаронцы аплочваецца за кошт сродкаў мясцовага бюджэту. Тэарэтычна ж абаронца па прызначэнні — гэта звычайны адвакат, якому выпала дзяжурства ў гэты дзень або якога накіраваў у справу загадчык кансультацыі у выпадку занятасці дзяжурнага адваката. Сярод абаронцаў па прызначэнні рэдка будуць папулярныя і запатрабаваныя адвакаты, але зусім не абавязкова, што адвакатам па прызначэнні будзе некваліфікаваны юрыст. Таксама зусім неабавязкова, што гэты абаронца будзе праяўляць лаяльнасць да боку абвінавачання — хоць і такія выпадкі фіксуюцца на практыцы. І нарэшце — гэта не "бясплатны адвакат", бясплатнай з'яўляецца толькі адна кансультацыя да пачатку першага допыту, астатнія працэсуальныя дзеянні аплачваюцца адвакату бюджэтам, але па вельмі невысокай стаўцы, а потым у выпадку прызнання вінаватым гэтыя сумы спаганяюцца з абвінавачанага", — кажа праваабаронца.
Чаму важна заключаць дамову з адвакатам, нават па палітычнай справе
Паводле Сапелкі, заключэнне дамовы з адвакатам нават па палітычнай справе, безумоўна, мае сэнс.
"Тут адказ адзін: з абаронцай-адвакатам лепш па многіх паказчыках. Яшчэ лепш з кваліфікаваным і дасведчаным адвакатам. У тэорыі адвакат не мае права мяняць сваё стаўленне да кліента ў сувязі з палітычным характарам справы: правілы для ўсіх аднолькавыя. Таму застаецца толькі разлічваць на тое, што адвакат выступіць як прафесійны юрыст і дасць кваліфікаваныя парады абвінавачванаму. Сувязным звяном паміж абвінавачаным і блізкімі адвакат хутчэй за ўсё не стане.
Як праваабаронцы, мы часта адзначаем нізкі ўзровень ведаў пераважнай большасці адвакатаў у галіне міжнародных абавязацельстваў Беларусі ў сферы правоў чалавека. У апраўданне адвакатаў можна заўважыць, што гэты ўзровень у асяроддзі следчых, пракурораў і суддзяў яшчэ ніжэйшы, і часта пазіцыя адваката-абаронцы дыктуецца інтарэсамі падабароннага, якія разумеюцца па-свойму".
Ці варта заключаць дамову з адвакатамі, якога прызначылі на першы допыт, праваабаронца называе пытаннем выбару і магчымасцей.
"Безумоўна, лепш, калі адвакат атрымлівае годную ўзнагароду за працу па дамове, а не падачку ад бюджэту, разлічаную на ўзроўні дзённага акладу без надбавак дробнага дзяржслужачага: тады ён ці яна можа больш часу прысвячаць вядзенню справы, падрыхтоўцы да працэсуальных дзеянняў і да суда. Аднак калі матэрыяльныя ўмовы не дазваляюць аплаціць працу па прапанаванай адвакатам стаўцы, то можна прадоўжыць адносіны з ім як з прызначаным. Часта гэта не цягне сур'ёзных змен ва ўзаемаадносінах абвінавачанага і абаронцы, хоць, безумоўна, усё індывідуальна і сур'ёзна залежыць ад прафесійных якасцяў адваката".
Маўчанне адваката: ці заўсёды гэта здрада?
Часта сваякі абвінавачанага сутыкаюцца з тым, што адвакат адмаўляецца распавядаць падрабязнасці справы. Гэта не заўсёды з'яўляецца прыкметай лаяльнасці да ўладаў. Праблема — у заканадаўстве.
"Гэтае пытанне не ўрэгулявана на дастатковым узроўні Крымінальна-працэсуальным кодэксам і заканадаўствам аб адвакатуры, калі размова не ідзе аб непаўналетнім абвінавачаным. Як адзначалася, у выпадку адабрання падпіскі аб неразгалошванні адвакат наогул нічога не можа паведаміць нікому без дазволу следчага і ці суддзі пад пагрозай крымінальнага пераследу. У іншых выпадках адвакаты вымушаныя максімальна скарачаць зносіны з блізкімі падабароннага, каб не быць абвінавачанымі ў парушэнні, якое можа пацягнуць іх выключэнне з адвакатуры".
Права на абарону — пад пагрозай
Напрыканцы Павел Сапелка падкрэслівае, што палітычны пераслед адвакатаў у Беларусі парушыў таксама права на абарону грамадзян.
"Ціск уладаў на адвакатаў і адвакатуру цягне не толькі дэградацыю інстытута і рост дэфіцыту даверу да асобных адвакатаў. У выніку гэта груба парушае фундаментальнае працэсуальнае права — права на абарону, таму што рэалізацыя гэтага права — гэта не фармальная прысутнасць адваката ў якасці статыста ў працэсе, а эфектыўная дапамога па справе".
Крыніца: "З адвакатам лепш": Павел Сапелка тлумачыць, чаму нават у час рэпрэсій права на абарону мае значэнне