Палітвязня Максіма Знака, якога асудзілі на 10 гадоў калоніі, этапавалі для адбыцця пакарання ў папраўчую калонію Віцьба-3, паведамляюць праваабаронцы. У апошніх лістах палітвязень паведамляе, што пакуль знаходзіцца на каранціне. Да гэтага Максім Знак, як мяркуецца, быў змешчаны ў віцебскі СІЗА-2. У верасні 2021 году яго прысудзілі да 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 

Жыхар Полацку Анатоль Каханчык, асуджаны 21 снежня на 25 сутак арышту за расфарбоўку сваёй хаты ў бел-чырвона-белыя колеры (арт. 24.23 КаАП), трапіў у шпіталь. Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны». Паводле іх звестак, Каханчык пасля абвяшчэння прысуду абвясціў сухую галадоўку. Праз некалькі дзён галадоўкі яму стала кепска, ён трапіў у лякарню.

У месцах зняволення па ўсёй Беларусі па палітычных матывах цяпер утрымліваюцца сотні беларусаў і беларусак. Акрамя збіцця, катаванняў і сістэматычных парушэнняў правоў зняволеных, апошнія паўгады беларускія ўлады масава выкарыстоўваюць «прафілактычныя ўлікі» як дадатковы спосаб ціску на іх. На дадзены момант у СІЗА і папраўчых калоніях «палітычных» ставяць на два ўлікі: «як асобаў, схільных да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў» і «як асобаў, схільных да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю і хуліганскіх праяваў».

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 24 лістапада адмовіў кіраўніцтву папраўчай установы адкрытага тыпу (ПУАТ) №9 накіроўваць палітвязня Ігара Банцэра у калонію за нібыта шматлікія парушэнні рэжыму ўтрымання. Колькі дзён з тэрміну засталося адседзець палітвязню, стане вядома пазней, пасля пераліку, паведамляе belraz.eu. 

Ужо больш за год у Беларусі колькасць палітычных зняволеных павялічваецца амаль штодзённа. На жаль, у сваякоў не заўсёды атрымліваецца карыстацца ўсімі магчымымі спосабамі падтрымкі вязняў: ім блакуюць ліставанне, пазбаўляюць перадач, не дазваляюць замаўляць кнігі і абмяжоўваюць у падпісках на незалежныя газеты і часопісы. Адзінае, что застаецца — грашовыя пераводы. «Вясна» нагадвае, чаму важна дасылаць вязням грошы, распавядае, як гэта зрабіць і як на практыцы выглядае атаварка. Пішуць праваабаронцы на сайце ПЦ “Вясна”.