24.04.2025 Тэгі: правы чалавека, рэпрэсіі, карткі Беларускі рэжым працягвае пераслед удзельнікаў пратэстаў 2020 года і ўсё часцей прапануе ім з'явіцца ў органы і напісаць яўку з павіннай. Беларусаў заклікаюць "добраахвотна" паведаміць пра ўдзел у масавых мерапрыемствах ці пра фінансавую падтрымку ініцыятыў, якія пасля былі прызнаныя экстрэмісцкімі. Але важна разумець: сама яўка з павіннай не азначае вызвалення ад адказнасці. Наадварот — яна можа стаць прамым шляхам да крымінальнага пераследу. З Юрыдычнай службай "Вясны" распавядаем, што трэба ведаць пра яўку з павіннай.

Ілюстрацыйнае фота Artur Widak/NurPhoto via AP
Ілюстрацыйнае фота Artur Widak/NurPhoto via AP

Што такое яўка з павіннай?

Гэта добраахвотнае паведамленне асобы аб здзейсненым ёй злачынстве, калі гэтай асобе яшчэ не абвешчана пастанова аб узбуджэнні ў дачыненні да яе крымінальнай справы, аб прызнанні падазраванай, прымяненні меры стрымання і вынясенні пастановы аб прыцягненні яе ў якасці абвінавачанай (ч.1 арт. 169 КПК). Яна з'яўляецца падставай да ўзбуджэння крымінальнай справы (п. 2 ч. 1 арт. 166 КПК). Але паводле п.1 ч. 1 арт. 63 КК яўка з павіннай можа прызнавацца акалічнасцю, якая змякчае адказнасць.

Чым небяспечная яўка з павіннай?

  • Вы не абавязаны сведчыць супраць сябе. Гэта ваша канстытуцыйнае права (арт. 27 Канстытуцыі), і яно дзейнічае нават у цяперашняй сітуацыі.
  • Прызнанне віны — гэта доказ супраць вас. У цяперашняй практыцы нават добраахвотнае прызнанне ўдзелу ў мірным мерапрыемстве 2020 года можа стаць падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы па артыкуле 342 КК (арганізацыя або ўдзел у групавых дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак).
  • Напісанне яўкі — не гарантуе мяккага пакарання. Нягледзячы на тое, што следчыя могуць абяцаць "хатнюю хімію" або "завесці справу для галачкі", закон не абавязвае дзяржаву змякчаць пакаранне. Усе абяцанні могуць быць парушаныя.

Пры якой умове суд прызнае яўку з павіннай змякчальнай акалічнасцю?

У п.11 Пастановы Пленума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь ад 26.03.2002 № 1 "Аб прызначэнні судамі крымінальнага пакарання" адзначаецца, што пры вырашэнні пытання аб прызнанні яўкі з павіннай у якасці змякчальнай адказнасць акалічнасцю суды правяраюць, ці з'яўлялася заява або паведамленне (у любой форме) органу крымінальнага пераследу аб злачынстве добраахвотным і ці не звязана гэта, у прыватнасці, з тым, што асоба была затрымана ў якасці падазраванай у здзяйсненні гэтага злачынства і пацвердзіла свой удзел у ім.

Калі яўка з павіннай не з'яўляецца добраахвотнай, то суд не прызнае гэта змякчальным акалічнасцю. Судовая калегія па крымінальных справах абласнога суда разгледзела ў адкрытым судовым пасяджэнні крымінальная справа на пастанову раённага суда ад 2 лютага 2016 г., падчас якога было ўстаноўлена, што паведамленне пра абставіны злачынства, у тым ліку атрыманае органам унутраных спраў да абвяшчэння заяўніку пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы, не з'яўляецца яўкай з павіннай у тым выпадку, калі асоба вымушана было гэта зрабіць з прычыны неабвержных доказаў альбо заявіла аб здзейсненым ім злачынстве, загадзя ведаючы аб сваім выкрыцці.

Што рабіць, калі вас запрашаюць "на размову"?

  1. Не хадзіце без адваката. Калі перад наведванне органаў у вас ёсць магчымасць заключыць дамову з адвакатам, то зрабіце гэта.

"З адвакатам лепш": Павел Сапелка тлумачыць, чаму нават у час рэпрэсій права на абарону мае значэнне

Павел Сапелка, праваабаронца "Вясны" і юрыст, распавядае, як адвакаты ператварыліся з абаронцаў у інструмент ціску, і што гэта азначае для грамадзян, чые правы павінны быць абаронены.

  1. Не пішыце яўку з павіннай без кансультацыі з адвакатам ці юрыстам. Любы тэкст, які вы падпісваеце, можа быць выкарыстаны супраць вас.

  2. Звяртайцеся ў праваабарончыя арганізацыі (але памятайце пра правілы бяспекі). Гарачая служба "Вясны" (Telegram @ViasnaSOS) кансультуе грамадзян, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі.

У Юрыдычнай службе "Вясны" тлумачаць:

"Калі чалавек напіша яўку з павіннай, то будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Яўка з павіннай не вызваляе ад адказнасці. Чалавеку ў любым выпадку пагражае пакаранне. Улічваючы яўку з павіннай, як змякчальную акалічнасць, суд можа прыцягнуць да адказнасці ў выглядзе абмежавання волі, напрыклад, а не пазбаўлення волі або пазбаўленне волі на тэрмін менш максімальнага. Але зыходзячы з практыкі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса мінімальнага пакарання не будзе. Прымус заявіць пра ўдзел у акцыях пратэсту сведчыць пра тое, што паводле арт. 342 КК трэба прыцягнуць кожнага, хто ўдзельнічаў у акцыях пратэсту".

Калі вы ці вашы блізкія сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй — не заставайцеся самі. Гарачая лінія "Вясны" ў тэлеграм: @ViasnaSOS. Юрыдычная служба "Вясны": Telegram @zvarot96 / Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду. 

Хуткі дапаможнік, ці Што рабіць пры ператрусе, затрыманні і допыце

З Юрыдычнай службай "Вясны" падрыхтавалі Хуткі дапаможнік, дзе сабралі асноўнае, што трэба ведаць пра ператрус, затрыманне і допыт.

Крыніца: "Не вызваляе ад адказнасці". Што трэба ведаць пра яўку з павіннай?