11 кастрычніка суд Кастрычніцкага раёну Віцебску прызнаў яшчэ адзін тэлеграм-канал экстрэмісцкім. Гэта канал «Дактрына V». Грамадзянская справа «па заяве пракурора Віцебскай вобласці ў інтарэсах рэспублікі Беларусь аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі» разгледзела суддзя Марыя Лапшова. Інтарэсы заяўніка прадстаўляла пракурорка Таццяна Іванова.

Былога палітвязня Сяргея Каваленку, які ў 2010 годзе вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на каляднай ялінцы ў цэнтры Віцебску, цяпер абвінавачваюць у знявазе дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 КК РБ). Пра гэта паведаміла былая жонка актывіста Алена Каваленка. Артыкул прадугледжвае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Аднак ужо больш за два гады Сяргей Каваленка жыве і працуе на тэрыторыі іншай краіны.

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 6 кастрычніка прызнаў чарговы інтэрнэт-рэсурс «экстрэмісцкімі матэрыяламі». На гэты раз – тэлеграм-чат «Глубокое для жизни!». Рашэнне прымала суддзя Святлана Варатынская. Прычым спачатку яна называла рэсурс «тэлеграм-групай», а потым – «тэлеграм-каналам». Суполка «Глыбокае для жыцця» у «Тэлеграме» мае 1129 удзельнікаў.

Калі пачнецца страйк – рэжым абрынецца. Пра гэта заявіла сайту Charter97.org актывістка і блогерка з Віцебску Алена Янушкоўская. «Страйк можа адбыцца аўтаматычна, праз пагаршэнне матэрыяльнага становішча працоўных. Калі гэта адбудзецца, то могуць здарыцца сур'ёзныя пратэсты, і тады рэжым абрынецца», – сказала яна.

Суд Чыгуначнага раёну гораду Віцебску 1 кастрычніка прызнаў тэлеграм-канал, тэлеграм-чат і ютуб-канал EXOMON экстрэмісцкім. Разгляд грамадзянскай справы заняў усяго 5 хвілін. Рашэнне прымала суддзя Святлана Варатынская. Заяву ў суд з патрабаваннем прызнаць гэтыя рэсурсы экстрэмісцкімі падавала сёмае ўпраўленне ГУБАЗіК МУС па Віцебскай вобласці.