Серада, 28 Жнівень 2024

На гэтым тыдні ў судах Віцебшчыны ўжо анансаваны 7 «экстрэмісцкіх» адміністрацыйных справаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Жыхароў вобласці паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП судзяць у Чашніцкім, Докшыцкім і Віцебскім раёнах, а таксама ў судах Кастрычніцкага і Першамайскага раёнаў Віцебска. Такія звесткі пазначаны ў судовых раскладах. Але інфармацыя пра суды па гэтым артыкуле можа быць няпоўнай, бо іх часта не ўключаюць у расклад. Распавядаем, што вядома пра людзей, якіх гэтымі днямі судзяць за падпіскі, рэпосты і "лайкі". 

27 жніўня суды Віцебшчыны правялі 5 судовых працэсаў паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП.

У судзе Віцебскага раёна суддзя Міхаіл Зубеня разбіраў справу Вольгі Васілёнак. Спадарыню Вольгу ў Сянно ведаюць як добрага кардыёлага. Яе імя да нядаўняга часу значылася ў раскладзе ЦРБ у якасці загадчыцы тэрапеўтычнага аддзялення. Але зараз ім кіруе іншая жанчына ў статусе «выконваючай абавязкі». І гэта другі выпадак, калі лекараў Сенненскай ЦРБ за «распаўсюд экстрэмізму» судзяць у іншым рэгіёне (першы заўважыў 23 жніўня Тэлеграм-канал https://t.me/vitebsk_info) . Магчыма, гэта робіцца адмыслова – каб не прыцягваць увагу мясцовых жыхароў да ідэалагічнай расправы над прадстаўнікамі вельмі паважанай прафесіі. Тым болей, калі запатрабаваных спецыялістаў караюць за "іншадумства". 

Гэтаксама ўчора ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска суддзя Уладзімір Царыкаў судзіў Сяргея Юлюкевіча. Спадар Юлюкевіч – удзельнік Віцебскага вайскова-патрытычнага клуба «Пошук», неаднаразова працаваў у складзе беларуска-расійскіх экспедыцый на раскопках брацкіх магіл часу мінулай вайны.

У той самы дзень у судзе Першамайскага раёна абласнога цэнтра суддзя Вольга Клімкова разглядала адміністрацыйны пратакол, складзены на Аляксея Стайнова. 

Суддзя Чашніцкага раённага суда Ганна Смірнова 27 жніўня асудзіла жыхароў Навалукамля 49-гадовага Андрэя Кальцова і 36-гадовага Сяргея Крупіна. Абодвух – за падпіскі на «экстрэмісцкія» групы і рэпосты з іх на свае старонкі ў «Одноклассниках». У гэтай сацсетцы ободва апошні раз адзначыліся 26 жніўня, таму не выключана, што іх асудзілі на «суткі».

Сёння, 28 жніўня, суды «за распаўсюд экстрэмізму» працягваюцца. Суддзя Докшыцкага райсуда Дзяніс Корсак разбірае справу Валянціны Харбандзідзі. Жанчына нядаўна выдалілася ў усіх сацыяльных сетак.

Заўтра, 29 жніўня, той самы суддзя будзе разбіраць справу 56-гадовага Чэслава Шавардака, жыхара Параф'янава, былога воіна- «афганца». Мясцовая «раёнка» неаднаразова згадвала яго на сваіх старонках як дасведчанага кіроўцу, працаўніка сельскай гаспадаркі. Таксама ветэрана вайны ў Афганістане часта запрашаюць на ўрачыстыя імпрэзы, прысвечаныя тагачасным падзеям. У той вайне Чэслаў Шавардак браў удзел падчас тэрміновай службы ў войску, з канца 1986 па канец 1988 гадоў, быў намеснікам камандзіра ўзвода.

Марыя Адамовіч