У сваім Youtube-канале Дзмітрый Беляшоў піша пра сябе: «Кто я? Я - пособник "кровавого режима" Лукашенко! И знаете, горжусь этим». Пры гэтым распавядае, нібыта ў 2020-м годзе меў шмат падпісчыкаў, але ягоны рэсурс «грохнулі БЧБшнікі», якіх называе «фашыстамі». Таксама мужчына сцвярджае, што ён «стварыў крычалку «Жывебелыгусь». І паведамляе яшчэ шмат рознай, часам супярэчлівай, інфармацыі з вялікай колькасцю граматычных памылак.
35-гадовы Дзмітрый Беляшоў у мінулым прыватны прадпрымальнік, займаецца распрацоўкай сайтаў, а ў апошнія гады – блогерствам. У сваім TikTok-канале ён выкладае відэа на самыя розныя тэмы - ад аглядаў устаноў харчавання да заўважаных камунальных праблем. Да прыкладу, у адным з відэаролікаў ён распавёў пра вялікую лужыну на вуліцы Маякоўскага ў Оршы. Праз два месяцы ён зноў паказаў тую ж лужыну, заявіўшы, што ўсё засталося па-ранейшаму, хоць яе «чымсьці стараліся засыпаць, таму ўжо малайцы». У тым самым роліку ён паведамляе, што звяртаўся з гэтай нагоды ў райвыканкам. Але адказ атрымаў такі самы, як і іншыя заяўнікі, -- што на гэты год у планах рамонта дарогі па вуліцы Маякоўскага няма. А ў 2025 -м пытанне пра ўключэнне гэтага аб'екта ў адпаведны спіс яшчэ толькі будзе разглядацца.
Што прывяло да складання на блогера адміністрацыйных пратаколаў за распаўсюд нацысцкай сімволікі і за несанкцыянаванае пікетаванне, пакуль не вядома. Але сваю старонку «ВКонтакте» Дзмітрый Беляшоў нядаўна ліквідаваў. У астатніх сваіх інтэрнэт-рэсурсах блогер дэманструе прыхільнасць курсу Аляксандра Лукашэнкі і ўсхваляе былы СССР. Але гэта не ўратавала мужчыну ад адміністрацыйнай адказнасці.
Вадзім Чыркоў