Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Красавік 2023

Навукоўцу Ігара Бортніка асудзілі яшчэ на 15 сутак

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Гэта ўжо трэці арышт запар, прысуджаны Наваполацкім гарадскім судом, дагэтуль Ігар Бортнік ужо адбыў у няволі два арышты за адміністрацыйныя правапарушэнні (10 і 13 сутак). Атрымліваецца, што агулам кандыдат філасофскіх навук мае правесці за кратамі 38 сутак. Выносячы апошнюю пастанову, суд не ўлічыў, што мужчына мае праблемы са здароўем і некалькі дзён таму перанёс у зняволенні гіпертанічны крыз.

Апошні арышт на 15 сутак звязаны з тым, што ў мабітным тэлефоне Бортніка міліцыянты знайшлі падпіскі на тэлеканал «Белсат» і Symbal.by на Youtube. Суд прызнаў яго вінаватым за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў паводле арт. 19.11 КаАП.

Ігара Бортніка ўтрымліваюць у наваполацкім Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў. Вядома, што падчас адбыцця папярэдняга арышту яго на некалькі сутак вазілі ў віцебскі ІЧУ.

Навуковец быў затрыманы 29 сакавіка калі міліцыя цягам двух дзён ладзіла «хапун» у асяродку супрацоўнікаў Полацкага гісторыка-культурнага запаведніка. Было затрымана больш за 10 чалавек, ва ўсіх правялі ператрусы і забралі мабільныя тэлефоны.

Міхась Хмара