Сведка распавёў таксама, што затрыманню папярэднічаў “шмон” у намётах, калі сілавікі шукалі алкаголь і наркотыкі, аднак пасля гэтага ў людзей зніклі некаторыя асабістыя рэчы. А затрыманне было настолькі хуткім. што людзям не далі толкам сабрацца, і ў многіх у лесе засталіся тэлефоны, іншая маёмасць, у тым ліку аўтамабілі, на якіх яны прыехалі.
Па словах відавочцы, сілавікі зняважліва ставіліся да ўдзельнікаў злёту, называлі іх “петушарамі”, — “видимо, проведя "глубокий" анализ названия "радуга". А калі дайшло да складання дакументаў на затрыманых, то міліцыянты адмаўляліся даваць копіі, імкнуліся пакінуць пустыя месцы ў пратаколах, не давалі закрэсліць пустыя радкі ці ўвогуле рвалі пратаколы, калі людзі дадавалі ў іх нешта апрача афіцыйнай версіі падзей. Тым, хто адмаўляўся падпісаць пратакол без ўласных правак, пагражалі адпраўкай у віцебскі СІЗА. Чалавека, які выказваў заўвагі падчас правядзення допыта, збілі нагамі ў прыбіральні.
Апавядальнік аспрэчвае і інфармацыю МУС пра тое, што для затрыманых былі створаны годныя ўмовы: “Асабіста я быў затрыманы прыкладна на 20 гадзін. Дарослых ніхто не карміў (ежу і пітво далі толькі дзецям) і не даваў вады, яе можна было набраць толькі ў кране ў прыбіральні Дома культуры, куды нас прывезлі. Спаць можна было толькі на падлозе. Бацькоў з децьмі перамясцілі ў ФОК, там дзецям выдзелілі гімнастычныя маты, а дарослыя таксама маглі легчы толькі на падлогу.
Нагадаем, 29 ліпеня ў Расонскім раёне было затрымана каля 300 удзельнікаў фестываля “Беларуская вясёлка”, які праводзіцца ўжо шмат гадоў запар. Дагэтуль усё адбывалася без аніякіх інцыдэнтаў: удзельнікі не трывожылі мясцовых жыхароў і прыбіралі пасля сябе месца намётавага гарадка. Апошні разгон прыхільнікаў руху “Дзеці вясёлкі” адбыўся ў 1998 годзе ў Расіі.
Ліна Магілянская