Актывісты і аршанскія краязнаўцы рыхтуюць звароты ў Інстытут гісторыі Акадэміі Навук, Міністэрства культуры і да мясцовых уладаў – абласных і раённых. Менавіта гэтыя ўстановы мусілі «даць дабро» на ўсталяванне мемарыяльных дошак. Аднак ці прайшлі ўсе належныя інстанцыі ініцыятары ўшанавання? Прынамсі, мясцовая «Аршанская газета» не паведамляла ні пра такую прапанову з боку кіраўніцтва навучальнай установы, ні пра станоўчае рашэнне Аршанскага райвыканкама.
Чым выбітны клуб «Русічы», які афіцыйна называецца «вайскова- патрыятычным» і «праваслаўным»? Усе словы ў назве гавораць самі за сябе: выхаванцаў тут навучаюць маршыраваць, разбірацца ў спцыфіцы рознай зброі і далучаюць да ўдзелу ў розных мерапрыемствах праваслаўнай царквы – ад удзелу ў святочных службах да добраўпарадкаванняў царкоўных тэрыторый.
Бяссменны кіраўнік клуба Рыгор Шарай запачаткаваў гэты клуб як пашуковы: моладзь пад ягоным кіраўніцтвам працавала ў архівах, высветляла прозвішчы забітых і зніклых без звестак удзельнікаў мінулай вайны, змагалася за ўшанаванне іх памяці. Але апошнім часам дзейнасці «Русічаў» набыла выразна прарасейскі характар: клуб наладзіў стасункі з грамадскімі арганізацыямі суседняй краіны. Зрэшты, з кропкі гледжання афіцыйнай ідэалогіі, гэта толькі безумоўны «плюс». Хаця будзе вельмі цікава даведацца, як патлумачаць мясцовыя ўлады з“яўленне прыжыццёвай мемарыяльнай дошкі «у памяць» пра жывога чалавека.
Феліцыян Красоўскі