Згодна з судовай пастановай, Сяргей Белагалоў пазбаўлены права займаць пасады, звязаныя з выкананнем арганізацыйна-распарадчых і адміністрацыйна-гаспадарчых абавязкаў на працягу трох гадоў. Таксама суд пастанавіў спагнаць з Шумілінскага райвыканкама 40 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі на карысць пацярпелай ( дачкі загінулай) , выдаткі на юрыдычную дапамогу у суме 300 рублёў, а таксама дзяржаўную пошліну ў памеры 111 рублёў.
Уласна на Сяргея Белагалова суд усклаў больш сціплыя грашовыя спагнанні: ён мусіць аплаціць выдаткі пацярпелай на юрыдычную дапамогу ( 950 рублёў) і судовыя выдаткі (249 рублёў 82 кап.). У заклад пагашэння выдаткаў арыштаваны аўтамабіль былога чыноўніка.
Інцыдэнт, у выніку якога загінула жанчына, здарыўся мінулай зімой напярэдадні новага году. Ахвяра здарэння выправілася ў краму Еўраопт, і, як паказалі здымкі відэакамер, набыла там пакет віна. Далей яна скіравалася да закінутага будынка весавой, што знаходзіцца на балансе Шумілінскага райвыканкама. Будынак уяўляе сабой дзве сценкі, дах і падлогу з платформай для ўзважвання машын. У падлозе запраектавана адтуліна для пранікнення ў падвал, закрытая паржавелай бляхай. Будынак не быў прызнаны небяспечным, не меў агароджы, і жанчына правалілася ў падвал.
Трывогу забіў муж загінулай, калі ранкам не знайшоў яе дома. Мужчына зрабіў выснову, што жонка ўвечары выправілася ў краму, але дахаты не вярнулася. Ён патэлефанаваў дачцэ, тая выклікала міліцыю. Загінулую жанчыну знайшлі ў падвале весавой. Эксперты ўстанавілі, што яна звалілася галавой уніз у падвальнае памяшканне глыбінёй 1, 57 м. і ўдарылася галавой аб лёд, бо на падлозе падвала была замерзлая вада глыбінёй 15 см. Самастойна выбрацца з бетоннай пасткі жанчына не змагла, і смерць наступіла ад агульнага пераахалоджвання арганізма.
Віну Сяргея Белагалова суд убачыў у тым, што на пасадзе кіраўніка справамі Шумілінскага райвыканкама ён не зрабіў належных захадаў, каб будынак весавой быў прызнаны патэнцыйна небяспечным, і ўваход туды быў закрыты для старонніх асобаў.
На момант разбору справы ў судзе Белагалоў ужо не працаваў у райвыканкаме – ён звольніўся неўзабаве пасля трагічнага здарэння і ўладкаваўся менеджарам па забеспячэнні на шумілінскае ААТ «Венстрой». Цікава, што на афіцыйным сайце Шумілінскага аблвыканкама пасада кіраўніка справамі Шумілінскага райвыканкама значыцца вакантнай, але прозвішча Белагалова ў гэтай якасці яшчэ фігуруе ў графіку прыёму грамадзян. Прычым апошняя дата прыёму – 22.08.2023г., на той час былы чыноўнік ужо даўно працаваў у іншым месцы.
Марыя Лукомская