Міхаіл Юрчанка шмат гадоў адпрацаваў у судзе Першамайскага раёна Віцебска. Ен караў і дэмакратычных актывістаў, і святароў, і незалежных журналістаў, і шмат звычайных грамадзянаў, якія ў 2020г. выходзілі на мірныя пратэсты, а ў апошнія гады былі абвінавачаныя за наяўнасць «экстрэмісцкіх» падпісак або рэпостаў. Паводле новага прызначэння, Міхаіл Юрчанка ўзначаліць Лепельскі раённы суд. Ягоны папярэднік на гэтай пасадзе Фадзей Зінькевіч, які прыйшоў у юрыспрудэнцыю па сканчэнні сельскагаспадарчай акадэміі, адпрацаваўшы непрацяглы час у Лепельскім РАУСе, а потым, з1997 г., у розных судах вобласці, сыходзіць у адстаўку – на пенсію.
Віктару Баліку, які працаваў суддзём у судзе Полацка і Полацкага раёна, даверылі кіраванне Верхнядзвінскім раённым судом, а ягоная калега з Наваполацкага суда Сняжана Калінічэнка будзе старшынёй суда ў Браславе. Ранейшыя старшыні гэтых судоў Людміла Каваленка (Верхнядзвінск) і Вольга Пракопчык (Браслаў) таксама пайшлі ў адстаўку. Абедзьве былыя старшыні цягам апошніх год не цураліся разбораў палітычных справаў, як адміністрацыйных, так і крымінальных. Прыкладам, Пракопчык не аднойчы карала штрафамі незалежнага журналіста Змітра Лупача, а Каваленка судзіла вядомую актывістку з Верхнядзвінска Валянціну Болбат, тамтэйшага краязнаўцу і паэта Антона Бубалу, а таксама палітвязня Дзяніса Пяцько – шматдзетнага бацьку, працаўніка мясцовага сырзавода.
Ларыса Акрэмка