Друкаваць гэтую старонку
Панядзелак, 25 Сакавік 2024

На Лепельшчыне міліцыянты заахвочваюць людзей стаць дружыннікамі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Праз мясцовую раёнку яны нагадваюць, што дружыннікі не засталіся ў савецкім мінулым і што яны зараз таксама патрэбныя. Таксама міліцыянты тлумачаць, каго возьмуць у дружыннікі і якія “плюшкі” людзі за гэта атрымаюць.

Паводле лепельскіх міліцыянтаў, так званыя добраахвотныя дружыны існуюць у гарадах, пасёлках, сёлах, а таксама пры прадпрыемствах. Яны аказваюць дапамогу не толькі міліцыі ў ахове грамадскага парадку, а таксама падраздзяленням МНС і памежнікам.

Дзяжураць і патрулююць звычайна так: на двух дружыннікаў адзін супрацоўнік ведамства. Акрамя аховы правапарадку могуць далучацца і да ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Як паведамляюць міліцыянты, дружыннікамі могуць стаць людзі пасля 18 гадоў - працуючыя, студэнты або ваенныя пенсіянеры. Патруляваць яны будуць у свой вольны час. У абавязковым парадку іх жыццё і здароўе пры гэтай рабоце страхуюць. Добраахвотную дружыну ўзначальвае камандзір, якога агульны сход дружыннікаў абірае адкрытым галасаваннем на два гады.

Паводле лепельскіх міліцыянтаў, каб стаць дружыннікам, трэба напісаць заяву і прайсці своеасаблівы выпрабавальны тэрмін. У прыярытэце - дзелавыя, маральныя якасці і моцнае здароўе. Пад маральнымі якасцямі, відаць, міліцыянты маюць на ўвазе лаяльнасць да рэжыму Лукашэнкі. Як жа без гэтага!

У якасці кампенсацыі дружыннікам за адпрацаваны час па ахове грамадскага парадку прадугледжаны тры дні да адпачынку, калі на дзяжурства дружыннік выходзіў не менш як 6 разоў на год. Але не факт, што яны іх атрымаюць. Як заўважаюць міліцыянты, гэта трэба ўзгадняць яшчэ з кіраўніцтвам прадпрыемства ці фірмы. Акрамя таго, міліцыянты кажуць, што прадугледжаныя і іншыя заахвочванні, у тым ліку матэрыяльныя.

А як пазнаць дружынніка? У яго экіпіроўцы абавязкова павінны быць пасведчанне, нагрудны знак і чырвоная павязка на руцэ.

Галіна Крылова