У гэтай дашкольнай дзіцячай установе, да прыкладу, стварылі «валанцёрскі атрад», удзельнікі якога ўзімку расчышчалі ад снегу помнікі ўдзельнікам мінулай вайны. І ўвогуле сярод відаў дзейнасці, накіраванай на патрыятычнае выхаванне, больш «дарослых» імпрэзаў чым тых, якія падыходзяць дзетсадаўцам.
Зрэшты, намагаюцца не адставаць у гэтым плане ў «канкуруючай фірме» - дзіцячым садку №1. Там стварылі ўласны музей пад назовам «PRO БЕЛАРУСЬ», на сайце ўстановы ёсць фотасправаздачы пра тое, як 4-5-гадовыя дзеці «заклалі Алею Перамогі», слухалі лекцыю пра маршала Івана Баграмяна, пад кіраўніцтвам якога ў 1943г. праходзіла Гарадоцкая вайсковая аперацыя, ускладалі кветкі на вайсковых могілках.
Што да «профарыентацыйных» мерапрыемстваў, то экскурсія ў РАУС – не навінка. Праўда, раней у пастарункі вадзілі на экскурсіі, прынамсі, школьнікаў. Памкненне завабіць маладых людзей у міліцэйскія шэрагі ўвогуле стала трэндам на дзяржаўным узроўні: практычна штомесяц, а то і часцей, дзяржаўныя СМІ публікуюць аб'явы-запрашэнні для выпускнікоў, каб яны паступалі ў навучальныя ўстановы адпаведнага профілю. Цікава: чаму з такім самым імпэтам не запрашаюць паступаць, прыкладам, у медычныя ўніверсітэты? Дэфіцыт урачоў у Беларусі куды большы, чымсьці міліцыянтаў.
Павел Бярозкін