Чым у гэтым сэнсе хваліліся гаспадары сустрэчы, паведаміла абласная  газета «Витебские вести». Кіраўніца галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай  работы і па справах моладзі Марына Навіцкая распавяла  прысутным, што газета «Патрыёт» мае адну з самых высокіх падпісак у Беларусі – 225 экзэмпляраў на 1000 насельніцтва. 
 
 Калі ж казаць пра лічбавую інфармацыю, то «раёнка» мае сайт, дзе фіксуецца колькасць праглядаў розных артыкулаў. З гэтых лічбаў вынікае, што асобныя артыкулы, асабліва з афіцыйнымі агульнабеларускімі навінамі, праглядаюць у сярэднім менш за 100 чалавек, а найбольш папулярнымі з'яўляюцца матэрыялы пра мясцовыя падзеі з фотаздымкамі. Але і яны набіраюць не больш за 400 праглядаў. 
 
 Ёсць у газеты «Патрыёт» свой Тэлеграм-канал, на яго падпісаны 1,7 тыс. чалавек. Ен дублюе газетныя паведамленні. Ёсць Youtube-канал, дзе ўсяго 265 падпісчыкаў і 67 відэа. Ёсць і старонка ў Instagram – бадай што, самы папулярны рэсурс, дзе 2 113 падпісчыкаў. Тады як насельніцтва Вушаччыны – гэта 11 732 чалавек (паводле дадзеных на 1 студзеня 2023 г.)
 
 Галоўныя рэдактары мясцовых газет падзяліліся з калегамі сваімі галоўнымідасягненнямі. Галоўная рэдактарка газеты «Голас Расоншчыны», пракладам, распавяла досвед развіцця «раённага Тэлеграм-канала». Уласна газета свайго рэсурса ў гэтым мэсэнджары не мае.  Але мае групу «ВКонтакте» і старонку ў Instagram, дзе апошняя публікацыя з'яўлялася 5 тыдняў таму. 
 
 Рэдактар газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат распавёў пра ўзаемадзеянне з уладамі, якое «садзейнічае  вострых пытанняў, якія ўздамаюцца на старонках рэгіянальных СМІ». Да слова, сёлета рэдактар глыбоцкай «раёнкі» быў прызнаны адным з пераможцаў конкурса «Залатая ліцера»  за праект «Мнение». Гэта ў асноўным ягоныя аўтарскія разважанні на палітычныя тэмы – пра тое, як цудоўна жыць у Беларусі і як дрэнна за мяжой, дзе "беглые занимаются формированием вооружённых подразделений" у той час як у Беларусі стварылі "мірную" ваенную дактрыну, і гэтак далей. 
 
 Станоўчы адзначыў дынаміку развіцця рэгіянальных СМІ Віцебшчыны старшы выкладчык кафедры перыядычнага друку і веб-журналістыкі БДУ Дзмітрый Сіняўскі. А Памочнік прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Сяргей Ляўковіч  «падкрэсліў асаблівую ролю СМІ ў забеспячэнні інфармацыйнага суверэнітэту і бяспекі краіны».
 
 Сёлета, як і ў ранейшыя гады, на «лятучцы» ніякім чынам не аналізавалася  зваротная сувязь з чытачамі, не аналізавалася, наколькі яны задаволеныя кантэнтам рэгіянальных СМІ і якія маюць прапановы для рэалізацыі на старонках «раёнак» на адпаведных інтэрнэт- рэсурсах. 
 
 Для рэдактараў правялі і прэс-тур па Вушацкім раёне. Калі меркаваць па фотарэпартажы ў газеце «Патрыёт», гасцей раёна не звазілі ні на малую радзіму Васіля Быкава, ні на алею славутых землякоў у райцэнтры, ні на магілу Рыгора Барадуліна, пахаванага ў Вушачах. 
 
Лідзія Перамётава
 
