Міхаіл Чамурака - вядомы ў рэгіёна актывіст з Дуброўна. Яго не аднойчы судзілі па адміністрацыйных артыкулах за "несанкцыянаванае пікетаванне". Увосень 2021 г. ен быў затрыманы і асуджаны паводле арт 180 КК ( Паклёп). Міхаіл Чамурака быў абвінавачаны ў распаўсюдзе інфармацыі (ужо вядомай да гэтага) аб удзеле ў выбарчай кампаніі дырэктаркі аршанскай школы №3 Алы Сіняўскай і супрацоўніка аршанскага ДАІ Казакова (суд прызнаў іх пацярпелымі). Міхаіла асудзілі да трох гадоў “хіміі”. У якасці кампенсацыі за прычыненую маральную шкоду суд абавязаў выплаціць па 1000 рублёў кожнаму з пацярпелых.
10 кастрычніка 2021 г. асуджаны пачаў адбываць пакаранне ў ваўкавыскай папраўчай установе № 29. Яшчэ праз месяц праваабаронцы даведаліся, што на Міхаіла Чамураку заведзена новая крымінальная справа — паводле арт. 130 КК (Распальванне варожасці). Пазней стала вядома, што 26 лістапада 2021 г. палітзняволены здолеў уцячы з Беларусі. Яго асабістыя дадзеныя ўнесены ў агульную сістэму вышуку ў Беларусі і Расеі.
Летась 6 верасня суд Дубровенскага раёна прызнаў "экстрэмісцкай" старонку Міхаіла Чамуракі ў "Одноклассниках".
Ларыса Кавальская