Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Красавік 2025

Дубровенская “раёнка” перапісала крытычны артыкул, калі на яго звярнулі ўвагу незалежныя СМІ

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Артыкул выйшаў у газеце “Дняпроўская праўда” 23 красавіка і тычыўся абмеркавання праблем школьнай адукацыі і моладзевай палітыкі падчас апошняй сесіі райсавета. Падчас гэтага абмеркавання прагучала шмат негатыўных фактаў - пра скарачэнне колькасці школьнікаў і пра вымушанае закрыццё школ, якіх і так на Дубровеншчыне засталося ўсяго 7, пра тое, што школьнікі Дубровенскага раёна не дэманструюць значных поспехаў у вучобе, а хутчэй наадварот. Спачатку ўся гэтая фактура трапіла ў артыкул на сайце “раёнкі”, а потым яго перапісалі нанова.

”За апошнія тры гады ніхто са школьнікаў Дубровеншчыны не стаў пераможцам у рэспубліканскіх прадметных алімпіядах. І нават сярэдні бал на цэнтралізаваных іспытах у леташніх выпускнікоў - усяго толькі 59, што значна ніжэй за сярэдні бал па вобласці (63,8). Толькі каля 60% выпускнікоў Дубровенскіх школ паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Вывучэнне прадметаў на падвышаным узроўні арганізавана толькі ў трох школах раёна для 75 вучняў, профільнае навучанне - для 92 школьнікаў, класы прафесійнай накіраванасці наведваюць 56 школьнікаў  ( усяго іх 1250)”, -- пісала па матэрыялах артыкула ў дубровенскай газеце “Віцебская вясна”.

Цяпер гэты артыкул перажыў “рэінкарнацыю” і стаў выглядаць зусім па-іншаму. У яго цяперашнім варыянце няма статыстыкі, якая прымушае чытачоў задумацца, што на так з адукацыяй на Дубровеншчыне. Увесь тэкст  складаецца з шаблонных фраз пра тое, што  “в Дубровенском районе организована работа по реализации государственной молодежной политики, которая ориентирована на создание для молодежи необходимых условий для реализации трудового, творческого и интеллектуального потенциала“, што “целевые показатели подпрограммы «Молодежная политика» за 2021-2024 гг. выполнены”, і што “государственные социальные стандарты в отрасли образования в нашем районе выполняются”.

Каго хацелі падмануць у рэдакцыі газеты, не зразумела: пры жаданні ў інтэрнэце можна знайсці першапачатковы варыянт артыкула і параўнаць яго з апошнім. Тым болей, што падмену ўжо заўважылі  пільныя чытачы.

Аксана Дзячэнка