На сайце МУС пазначана, што 30-гадовы Вячаслаў Дземянчонак - жыхар Наваполацка, і што ён “адбывае пакаранне” паводле ч. 3 арт. 361 КК РБ ( Заклікі да санкцый або іншых захадаў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь). У ч.3 удакладняецца, што заклікі маглі рабіцца "з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глаальнай кампутарнай сеткі або пасадовай асобай з выкарыстаннем службовых паўнамоцтваў".
Паводле сацсетак, Вячаслаў Дзямчонак працаваў інжынерам-праграмістам ў розных установах Полацка і Наваполацка Праўда, у якасці месца жыхарства ў розных сацсетках ён пазначае гарады "Гродна" або "Варшава" (у спісе асуджаных завочна або ў паведамленнях СК пра спецыяльную вытворчасць такое імя не сустракаецца). Апошняя актыўнасць Вячаслава ў сацсетках зафіксавана ў лютым 2024 г.
Усяго ў абноўленым пераліку "экстрэмістаў" 5 ураджэнцаў Віцебшчыны, 4 з іх - з Глыбокага. Гэта Алена Шарабайка, Таццяна Арэхва, Сяргей Барашкаў і Яўгена Барашкаў (сына Сяргея Барашкава, які жыў у Мінску).
На сайце МУС пазначана, што ва ўсіх чатырох "судзімасць не пагашана", - найверагодней, яны асуджаныя да "хатняй хіміі".
Крымінальныя справы супраць жыхароў Глыбокага распачалі пасля "хапуну", які сілавікі наладзілі ў райцэнтры ў верасні-кастрычніку мінулага года. Тады на заангажаваных Тэлеграм-каналах выклалі 5 відэаролікаў з “пакаяльнымі” відэа глыбачан, якія прызнаваліся, ва ўдзеле ў пратэстах супраць вынікаў мінулых прэзідэнцкіх выбараў.
Затрымана было каля 20 чалавек. Частку з іх асудзілі па адміністрацыйных артыкулах, а частку перавезлі ў віцебскі СІЗА, прад'явіўшы ім крымінальныя абвінавачанні. Цяпер вядома прынамсі пра 15 асуджаных па гэтай справе.