Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Снежань 2025

Віцебская пракуратура пахвалілася змаганнем з экстрэмізмам

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Маўляў, ажно тры  “информационных канала, имеющие явную экстремистскую направленность” на працягу лістапада былі прызнаны “экстрэмісцкімі”.  Але чамусьці гэтыя інтэрнэт-рэсурсы засталіся не названымі. Што нават насцярожвае: ведамства, якое мусіць сачыць за выкананнем заканадаўства, хавае ад грамадзянаў інфармацыю, своечасовае веданне якой можа застрахаваць ад адміністрацыйнага пакарання.

“Публикуемые для неопределенного круга лиц сообщения, посты, видеофайлы и другая информация направлены на популяризацию протестной деятельности, разжигание социальной вражды и розни, политической и идеологической вражды”, - такім чынам абласная газета «Витебские Вести» перадае словы старшага помочника прокурора Віцебска Вольги Каралёвай. Маўляў, “информация в этих страничках соцсетей содержит оскорбления в адрес высших должностных лиц страны, а также заведомо ложные сведения о политическом, экономическом, социальном положении Беларуси, правовом положении граждан. Что дискредитирует наше государство”.

Што ж прызнана “экстрэмісцкім” судамі Віцебска? 6 лістапада суд Кастрычніцкага раёна паводле звароту пракуратуры прызнаў “экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй” старонкі  "Евгений Федоров" у сацсетцы  "ВКонтакте". У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў пададзены два розныя адрасу ў інтэрнэце, якія вядуць на адну і тую самую старонку. Так што ў гэтым выпадку пракратура яўна перабольшыла ўласныя дасягненні.  А што на самой старонцы? Здымкі 2020 года з бел-чырвона-белымі сцягамі і крытыка нападу Расіі на Украіну.

 20 лістапада суд Чыгуначнага раёна Віцебска пацвердзіў заўважаны пракуратурай “экстрэмізм” на старонцы "Алесь Корниенко" у сацсетцы  "Одноклассники». Гэта старонка гомельскага актывіста, якую ён апошні раз абнаўляў у 2020 годзе.

Вось такі «багаты ўлоў», якім пахваліліся віцебскія пракуроры. За траскучымі словамі пра пагрозу дзяржаве, абразы дзяржаўных чыноўнікаў, распальванне варожасці  і гд можна ўбачыць толькі адно: памкненне быць у ідэалагічнай плыні  і дэманстраваць гэта «з размахам».

Марыя Пярцова