Пра гэтыя «дасягненні» ў барацьбе з «экстрэмізмам у ініэрнэце» паведаміла лёзненская раённая газета «Сцяг перамогі», чарговы раз нагадаўшы чытачам пра адміністрацыйную адказнасць «за распространение информационной продукции, содержащей призывы к экстремистской деятельности или пропагандирующей такую деятельность”.
Менавіта па ініцыятыве пракуратуры Лёзненшчыны у снежні 2025 года быў прызнаны “экстрэмісцкім” Telegram-канал "Беларускi ПЭН” – інтэрнэт-рэсурс адной з найстарэйшых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая адстойвае свабоду выказвання, змагаецца супраць праяў нянавісці і прыцягвае сусветную ўвагу да парушэння правоў чалавека ў Беларусі – у тым ліку культурных правоў.
Гэтаксама ў снежні судом Лёзненскага раёна была прызнана “ экстрэмісцкай” старонка "Грамада Палесся" у сацсетцы "Одноклассники", 18 снежня – старонкі “ВКонтакте” з назвамі "Народная амбасада Беларусi ў Бразылii (Бразiлiя)" і "Magnus Ducatus Lithuaniae" ( гэтая старонка прысвечана гісторыі ВКЛ).
У мінулым кастрычніку з ініцыятывы лёзненскіх пракурораў ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапілі мясцовыя інтэрнэт-рэсурсы з незалежнымі навінамі: старонка ў TikTok «viciebsk. live» і YouTube- канал «Витебщина как есть» .
У верасні 2025 года суд Лёзненскага раёна прызнаў “экстрэмісцкай” старонку "Малiтва за Беларусь" у Facebook і Telegram-чат "Бел.Read Chat" і Telegram-канал "Беларусы Вроцлава".
І якраз ў Лёзне летась у ліпені “экстрэмісцкімі” прызналі старонкі віцебскай актывісткі-палітэмігранткі Караліны Цярэнцьевай ў Instagram і “ВКонтакте”.
Заўважылі ў Лёзненскай пракуратуры і старонку ў сацыяльнай сетцы "Одноклассники" вымушанага палітэмігранта з Бабруйска Івана Лебедзева. Яе прызналі “экстрэмісцкай” у лютым мінулага года.
Марыя Вайцяшонак