Надзея на паперы
Ад 3-га сакавіка 2025 года дзейнічае абноўлены артыкул 187 КВК. Галоўная навацыя — права самога асуджанага або яго адваката падаць хадайніцтва на ўмоўна-датэрміновае вызваленне (УДВ) або замену пакарання больш мяккім (замена неадбытай часткі -ЗНЧ). Раней гэты працэс быў цалкам манапалізаваны адміністрацыямі калоній і інспекцый. Для соцень «палітычных» віцяблян, якія адбываюць тэрмін на «хатняй хіміі», гэта шанец змяніць жорсткі нагляд на больш свабодны рэжым папраўчых работ.
Чаму гэта важна менавіта цяпер?
Беларуская пенітэнцыярная сістэма гадамі выкарыстоўвала права на УДВ як інструмент шантажу і ціску: «Прызнай віну — і, можа быць, мы пададзім дакументы ў суд». Новыя папраўкі тэарэтычна ламаюць гэтую схему. Цяпер не трэба чакаць ласкі ад начальніка інспекцыі — можна дзейнічаць праз адваката. Аднак д'ябал, як заўсёды, хаваецца ў дэталях: у характарыстыках, «экстрэмісцкіх» спісах і суб'ектыўным разуменні «выпраўлення».
З «хіміі» на папраўчыя работы: цана свабоды — 25%
Адзін з самых запатрабаваных сцэнарыяў для тых, хто асуджаны да абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ («хатняя хімія») па «пратэстных» артыкулах— гэта пераход на папраўчыя работы. Да пракладу, для пакараных паводле арт. 342 КК – Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
Юрыстка Вікторыя Машэй тлумачыць профіт:
- На "хатняй хіміі" вы — вязень у чатырох сценах: праверкі па начах, забарона на выхад у краму ў неўстаноўлены час, поўная ізаляцыя ў выходныя. Выпраўленчыя работы — гэта жыццё звычайнага грамадзяніна. Адзінае абмежаванне — дзяржава забірае частку вашага заробку (ад 10% да 25%). Для "хатняга хіміка" гэта фактычна пераход ад напаўтурэмнага рэжыму да фінансавага штрафу ў расцяжку».
Калі можна падаць зварот?
Замена пакарання больш мяккім магчымая толькі пасля адбыцця пэўнай часткі тэрміну :
- 1/3 тэрміну — для злачынстваў невялікай і сярэдняй цяжкасці (большасць палітычных спраў).
- 1/2 тэрміну — для цяжкіх злачынстваў.
- 2/3 тэрміну — для асабліва цяжкіх злачынстваў або асоб, якія раней вызваляліся па УДВ.
Меркаванне:«Жоўтая бірка» як стоп-сігнал
Праваабаронца Аляксандр, які гадамі маніторыць умовы ўтрымання ў месцах пазбаўлення волі і ўважліва сочыць за практыкай прымянення КВК, папярэджвае аб «падводных камянях»:
- Закон — гэта толькі інструмент, і ў чыіх руках ён апынецца, мае вырашальнае значэнне. У артыкуле 187-1 КВК выразна прапісаныя крытэрыі: каб суд замяніў вам "хімію" на папраўчыя работы, вы павінны быць "цвёрда стаўшым на шлях выпраўлення". Але як гэта пацвярдзіць, калі вы на прафуліку як "экстрэміст"? Любая дробная заўвага ад інспектара , і ваша характарыстыка ператвараецца ў "білет у адзін канец", - гэта значыць назад у СІЗА».
Па словах Аляксандра, адміністрацыя крымінальна-выканаўчай інспекцыі (КВІ) абавязана далучыць да вашага хадайніцтва характарыстыку. Калі ў ёй будзе штамп «не раскаяўся» або «адмоўна ставіцца да мерапрыемстваў ідэалагічнага выхавання», суд, хутчэй за ўсё, прыме бок сістэмы.
Пакрокавая інструкцыя для асуджаных і іх блізкіх
Калі вы вырашылі змагацца за змякчэнне рэжыму, алгарытм дзеянняў такі:
- Працаўладкаванне: Выпраўленчыя работы магчымыя толькі пры наяўнасці пастаяннага месца працы. Калі вы не працуеце, то замена неадбытай часткі пакарання немагчымая па вызначэнні (гэта засведчана ў арт. 52 КК).
- Тэрмін: Упэўніцеся, што вы адбылі належную 1/3, 1/2 або 2/3 тэрміну.
- Зварот: Пішыце заяву ў суд. Лепш рабіць гэта праз адваката або з дапамогай праваабаронцаў — прафесійна складзены дакумент надае вагі і юрыдычнай чысціні. У тэксце рабіце ўпор на сацыяльныя сувязі: наяўнасць дзяцей, пажылых бацькоў, бездакорную працу.
- Характарыстыка: Спрабуйце наладзіць фармальны кантакт з інспектарам КВІ. Адсутнасць спагнанняў за апошнія 6 месяцаў — ваш галоўны козыр.
- Суд: Будзьце гатовыя, што пракурор будзе апеляваць да «характару ўчыненага». Ваша задача — паказаць, што мэты пакарання дасягнутыя.
Аналітычны вынік
Рэформа КВК 2025 года — гэта спроба рэжыму разгрузіць сістэму нагляду, захаваўшы пры гэтым рычагі ціску. Права падаць хадайніцтва самому — гэта важная перамога праваабарончага дыскурсу, але яна не гарантуе вынік. Тым не менш, праваабаронцы «Віцебскай Вясны» и «Палескай Вясны» рэкамендуюць выкарыстоўваць гэты інструмент. Кожны пададзены зварот — гэта юрыдычны факт, які фіксуе стан сістэмы і дае шанец на глыток свабоды для канкрэтнага чалавека. Па пытаннях атрымання прававой дапамогі можна звяртацца да праваабаронцаў, гэта ананімна і бяспечна. Яны дапамогуць вам напісаць адпаведнае хадайніцтва.
Важна: Дадзены дакумент падаецца ў суд праз адміністрацыю ўстановы (КВІ), дзе вы знаходзіцеся на ўліку. Інспекцыя абавязана накіраваць хадайніцтва ў суд на працягу 15 дзён разам з характарыстыкай.