Мы пагаварылі з Алегам пра тое, як змянілася жыццё звычайнага чалавека ў глыбінцы, чаму «закон» перастаў быць абаронай і што прымушае юрыстаў працягваць працу, калі права ператвараюць у фармальнасць.
Пра «беды» і пытанні: З чым сёння прыходзяць людзі?
— Алег, Вы шмат гадоў працауеце ў сферы абароны правоў чалаека. З якімі праблемамі людзі часцей за ўсё прыходзяць да вас сёння? Ці змяніўся іх пералік за апошнія гады?
— Ведаеце, раней мы займаліся тым, што я называю класічнай праваабаронай: экалогія, працоўныя спрэчкі, праблемы ЖКГ. Сёння звароты змяніліся да непазнавальнасці. Асноўны запыт — бяспека.
Людзі прыходзяць не за тым, каб выйграць суд — у гэта ўжо мала хто верыць. Яны пытаюцца, што рабіць, калі сілавікі выклікалі на гутарку, як бяспечна пачысціць тэлефон, што будзе, калі не падпісаць дакумент аб азнаямленні з экстрэмісцкім спісам. Прававая дапамога сёння — гэта хутчэй крызіс-менеджмент. Людзі напалоханыя, і мая задача — патлумачыць ім, дзе праходзяць межы рызыкі, каб яны проста засталіся на волі.
- З Вашага асабістага досведу: чым адрозніваецца праца праваабаронцы ў райцэнтры ад працы, да прыкладу, у Мінску?
— У рэгіёне ты заўсёды навідавоку. Тут немагчыма згубіцца ў натоўпе. У Мінску ты адзін з сотняў, а ў Барысаве цябе ведае кожны міліцыянер, чыноўнік. З аднаго боку, гэта стварае велізарны ціск — па цябе прыйдуць першым. З іншага, — дае крэдыт даверу ад звычайных людзей. Яны ведаюць, што ты свой, не кінеш іх справу на паўдарозе. Праца ў рэгіёне — гэта больш асабістая, кропкавая гісторыя.
Пра жывыя і мёртвыя законы
— Ці засталіся яшчэ легальныя рычагі, якія рэальна працуюць унутры краіны?
— Сказаць, што не працуе наогул нічога, — значыць, здацца. Працуюць механізмы, якія не перасякаюцца з палітычнай воляй сістэмы. Напрыклад, скаргі на бытавое самавольства, абарона правоў спажыўцоў або працоўныя спрэчкі, дзе няма палітычнага следу, скаргі на орган ці асобнага чыноўніка. Бюракратыя ўсё яшчэ баіцца афіцыйных папер, калі яны тычацца дробных парушэнняў. Але як толькі справа закранае фундаментальныя правы чалавека (свабоду слова ці сходаў) — прававыя інструменты ператвараюцца ў пустыя паперкі.
— А што наконт міжнародных механізмаў? Ці даступныя яны сёння беларусам унутры краіны?
— Пасля выхаду Беларусі з Факультатыўнага пратакола да Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах у 2023 годзе сітуацыя стала крытычнай. Апошняе «акно» ў Камітэт ААН па правах чалавека зачынілася. Мы працягваем фіксаваць парушэнні для міжнародных структур, але гэта хутчэй праца на будучыню — для гісторыі і будучага трыбунала. У моманце дапамагчы чалавеку праз ААН цяпер практычна немагчыма, за выключэннем Камітэта КЛДЖ (CEDAW), які сочыць за выкананнем Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў дачыненні да жанчын.
Чаму трэба працягваць працу нават у выгнанні
— З якімі рызыкамі — прафесійнымі і асабістымі — сутыкаецца праваабаронца сёння? І ці змяніліся яны пасля вашага ад’езду з Беларусі?
— Рызыка адна, і яна ўніверсальная для ўсіх, хто не маўчыць: страта свабоды. Да ад’езду ў 2023-м быў штодзённы страх не вярнуцца дадому пасля кансультацыі або прачнуцца ад таго, што табе выбіваюць дзверы. Мой асабісты досвед — гэта вобшукі, затрыманні, ціск.
Пасля вымушанай эміграцыі рызыкі трансфармаваліся. Цяпер гэта рызыка для блізкіх, якія засталіся ў Беларусі, завочныя суды і статус «экстрэміста». Але ёсць і прафесійная рызыка — страціць жывую сувязь з людзьмі. Калі ты не побач з чалавекам, складаней адчуць яго страх, зразумець кантэкст. Даць параду з-за мяжы, якую ў Беларусі могуць трактаваць як «спрыянне экстрэмізму», — гэта велізарная адказнасць. Мы заўсёды ўзважваем: ці дапаможа гэтая юрыдычная кансультацыя чалавеку, ці стане для яго прамой дарогай у ізалятар.
— Што дапамагае не здавацца і працягваць дзейнасць у выгнанні, калі здаецца, што ўнутры краіны зараз «не да законаў»?
— Ведаеце, праўда не перастае быць праўдай ад таго, што закон у краіне паставілі на паўзу. Калі права чалавека парушана — гэта факт, які павінен быць зафіксаваны.
Мая галоўная матывацыя — тыя, хто застаўся ў Беларусі. Калі стэлефаноўваешся з чалавекам з глыбокай правінцыі і бачыш, як у працэсе размовы ў яго знікаюць дрыжыкі ў голасе, як хаос у яго галаве змяняецца разуменнем сваіх дзеянняў — гэта і ёсць перамога. Нават калі мы не можам цяпер змяніць рашэнне суда, мы дапамагаем чалавеку захаваць годнасць і яснасць розуму. Гэта тое, што дыктатура не можа адабраць ніякімі дэкрэтамі.
Сёння права ў коме, але яно ачомаецца
— Ці ведаюць сёння беларусы свае правы? Ці гатовыя яны іх адстойваць?
— Як ні парадаксальна, за апошнія чатыры гады прававая свядомасць беларусаў вырасла каласальна. Людзі сталі цікавіцца Канстытуцыяй, крымінальным законам, яны пачалі разумець, як працуе сістэма. Але гатоўнасць адстойваць свае правы цяпер задушаная страхам. Людзі ўсё ведаюць і разумеюць, але іх загналі ў сітуацыю, калі абарона правоў можа каштаваць жыцця ці свабоды. Гэта не абыякавасць, гэта стратэгія выжывання.
— Якую параду Вы далі б маладым юрыстам, якія хочуць займацца праваабаронай у сённяшніх умовах?
— Не чакаць хуткіх вынікаў. Праваабарона ў цяперашняй Беларусі — гэта бег на доўгую дыстанцыю. Вучыцеся быць гнуткімі, вывучайце лічбавую бяспеку і памятайце: юрыст без эмпатыі ў наш час — гэта проста вінцік. Галоўнае — заставацца чалавекам і захоўваць прафесійную сумленнасць. Нават калі цяпер права ў коме, яно абавязкова ачомаецца, і тады спатрэбяцца тыя, хто не даў яму загінуць.
Фота: Радыё Рацыя