Зрэшты, правакацыйныя выказваньні спадара Пастнова не спалохалі: у відэазвароце ён зноў нагадвае пра тое, што некаторыя віцебскія шпіталі знаходзяцца ня ў лепшым стане, і што будаўніцтва некаторых важных мэдычных аб’ектаў даўно стала безнадзейным “даўгабудам”… За гэткія публічныя выказваньні, у праватнасьці, у перадачах тэлеканалу “Белсат”, Ігар Пастноў ужо меў асабістыя непрыемнасьці: праз кіраўніцтва палікілінікі, дзе ён працуе, яму пагражалі “людзі ў цывільным”. Дый раней, пасьля зваротаў у дзяржаўныя СМІ і да прадстаўнікоў улады, непакорнага ўрача некалькі разоў звальнялі з працы і нават дасылалі позву ў псыханэўралягічны дыспансэр. “Але я сам маю дыплём урача-псыхіятра, таму сказаў сваім ‘добразычліўцам’ як псыхіятар: “Ваш дыягназ – прага да ўлады!” – сказаў аднойчы ў інтэрвію “Народнай Волі” І. Пастноў.