Друкаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Ліпень 2019

“Для людзей…” У Віцебску адкрылі новы будынак Першамайскага аддзелу міліцыі

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Новы будынак Першамайскага РАУС. Фота: vitebsk.mvd.gov.by Новы будынак Першамайскага РАУС. Фота: vitebsk.mvd.gov.by

Аддзел унутраных справаў Першамайскага раёну Віцебску будзе знаходзіцца цяпер на праспэкце Будаўнікоў, 3Б. Новы будынак адкрыў 25 ліпеня міністар унутраных справаў Юры Караеў, паведамляе афіцыйны сайт УУС Віцебскага аблвыканаму.

Паведамляецца, што ў трохпавярховым будынку апроч сучасных кабінэтаў, апэратыўна-дзяжурнай часткі і прасторнай актавай залі, зьявілася і трэнажорная заля. На прылеглай тэрыторыі паставілі навесы для службовага транспарту. Паўсюль усталяванае відэаназіраньне. Будаўнічыя працы выконвала прадпрыемства “Жылбуд”.

З нагоды ўлазінаў Юры Караеў падарыў ад імя МУС Першамайскаму аддзелу новы Geely Atlas.  

“Але ў цэнтры вашай увагі заўжды мусіць быць чалавек. У аснове даверу людзей ляжыць перш за ўсё ўпэўненасьць, што іх правы і інтарэсы будуць абароненыя, а асабістая недатыкальнасьць і маёмасная бясьпека надзейна забясьпечаныя”, – сказаў падчас урачыстасьці Юры Караеў.

Прайшоўшы па памяшканьнях новага будынку РАУС, міністар унутраных справаў зазначыў, што ўсё зроблена якасна, не для галачкі, “з душой, для людзей”.

“Напэўна, і думкі ў такіх сьценах будуць сьвятлейшыя, і праца – лепшая”, – падзяліўся ўражаньнямі міністар.  

Сымбалічны ключ ад будынку быў уручаны начальніку Першамайскага РАУС Віцебску Аляксандру Чарняўскаму.

Аддзел унутраных справаў Першамайскага раёну Віцебску быў утвораны ў 1922 годзе. Да 1998 году РАУС разьмяшчаўся ў будынку па вуліцы Чырвонагвардзейскай, 20. Пазьней – у даваенным будынку на праспэкце Чарняхоўскага, 29, які раней уваходзіў у комплекс віцебскага вайсковага аэрадрому.

Нагадаем, у сакавіку 2019 году новае аддзяленьне міліцыі (Першамайскі РАУС) адкрылі ў віцебскім мікрараёне Білева.