Друкаваць гэтую старонку
Аўторак, 28 Красавік 2020

Каардынатарка ААН у Беларусі: Заставайцеся ўдома, каб спыніць COVID-19

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Яана Казана-Вішнявецкі Яана Казана-Вішнявецкі

Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Яана Казана-Вішнявецкі зрабіла афіцыйную заяву ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй у краіне. Яна заклікала ўсіх беларусаў заставацца ўдома, каб спыніць COVID-19 і дапамагчы мэдыкам і ўсім нам спыніць крызіс.

Яана Казана-Вішнявецкі зьвяртае ўвагу на тое, што, «нягледзячы на актыўныя намаганьні ўраду і міжнародных партнэраў, мы назіраем у Беларусі эвалюцыю ўспышкі інфэкцыі COVID-19, якая характарызуецца ўстойлівай і пашыральнай лякальнай перадачай».

Каардынатарка ААН спасылаецца на Міністэрства аховы здароўя, якое 26 сакавіка пацьвердзіла больш за 10 000 выпадкаў заражэньня COVID-19 у Беларусі (паводле дадзеных на 28 красавіка зарэгістравана ўжо 12 208 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19.).

«Гэтая колькасьць расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі. Ўспомніце, па стане на 26 сакавіка было ўсяго 86 выпадкаў», – нагадвае Яана Казана-Вішнявецкі.

На яе думку, настаў час для неадкладных і маштабных захадаў для ўзмацненьня фізычнага дыстанцыяваньня. А таксама, як рэкамэндуе Сусьветная арганізацыя аховы здароўя (САЗ), – пераносу ўсіх масавых мерапрыемстваў, увядзеньня дыстанцыйнай працы і дыстанцыйнага навучаньня ў адукацыйных установах, прыпыненьня працы прадпрыемстваў, якія не аказваюць асноўных паслуг.

«Для ўсіх нас карціна ясная: COVID-19, як бязьлітасны забойца, атакуе краіны і людзей. Вірус можа быць сьмяротным, нават калі вы маладыя і дужыя. На жаль, бывае і так, што вы ня ведаеце, ці ёсьць у вас вірус, але можаце быць яго носьбітам і распаўсюднікам.

Няма нічога больш каштоўнага, чым жыцьцё.

Няма нічога больш цяжкага, чым страта членаў сям'і, сяброў, калег ці сваіх суграмадзян.

Калі ласка, заставайцеся дома, каб спыніць COVID-19. Гэта дапаможа мэдыкам, прадпрыемствам і супрацоўнікам экстраных службаў выконваць сваю працу і пераадолець крызіс», – заклікала Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Яана Казана-Вішнявецкі.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.