Друкаваць гэтую старонку
Чацвер, 24 Красавік 2025

У Віцебску памёр палкоўнік Анатоль Гнеўка, які адстойваў правы “ліквідатараў” наступстваў аварыі на ЧАЭС

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Анатоль Гнеўка пакінуў гэты свет у селета лютым, яму было 83. Апошнія 5 гадоў ен змагаўся з цяжкімі хваробамі, практычна страціў зрок і не выходзіў з дому.  Здароўе падводзіла і раней - даваліся ў знакі  5 месяцаў у Чарнобыльскай зоне, але Анатоль Лявонцьевіч трымаўся годна, практычна не скардзіўся на ўласныя праблемы і стараўся дапамагчы іншым “ліквідатарам”. Змагаўся за захаванне памяці пра ахвяраў трагедыі, якую ў апошнія гады згадваюць толькі раз на год - 26 красавіка.

Анатоль Гнеўка трапіў у Чарнобыль у красавіку 1988-га, праз два гады пасля аварыі на ЧАЭС. Ен быў кадравы выйсковец, і яго адправілі кіраваць штабам па ліквідацыі наступстваў катастрофы. Замест належных трох месяцаў ен адбыў там пяць.

«Праца ў „ліквідатараў“ была розная: да прыкладу, рабілі магільнікі — гэта такія ямы бэтанаваныя, агромністыя. Туды звозілі знесеныя хаты. Закопвалі іх. А паверх садзілі дрэвы. Хавалі цэлыя вёскі. Прыбывае батальён, і ўсе — цягам сутак вёскі няма. Толькі елачкі і бярозкі паверх пасаджаны... Яшчэ ліквідавалі „жоўты лес“ — ён раней быў зялёны, але пасьля апраменьвання зжаўцеў, засох. Яго секлі, пілавалі, складалі, накрывалі цыратай, засыпалі зямлёй... І было гэта, калі напрасткі, за два кілfмэтры ад АЭС», - расказваў Анатоль Гнеўка.  

 Ен бачыў, у якіх складаных умовах працавалі “ліквідатары”, як яны атрымлівалі звышгарматыўныя дозы апраменьвання, з горыччу казаў, як шмат людзей захварэла і заўчасна пемерла пасля ліквідацыйных прац...

Менавіта Анатоль Гнеўка стаў адным з ініцыятараў жалобнай акцыі  “Вянок памяці”, якую на працягу многіх гадоў праводзілі ў Віцебску, пускаючы па Дзвіне вянок з надпісам на жалобнай стужцы “Героям-ліквідатарам ад нас - жывых”. Удзельнікаў гэтай акцыі неаднаразова затрымлівалі і каралі “за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве”.

Ен настойваў, каб  адну з вуліц у Віцебску назвалі ў памяць пра пацярпелых падчас ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, каб ім вярнулі адабраныя ільготы, каб усталявалі памятны знак...  

Пра сыход Анатоля Гнеўкі стала вядома за некалькі дзён да чарговых угодкаў Чарнобыльскай катастрофы. Селета 26 красавіка ў ліку ахвяраў жахлівай падзеі згадайма і сапраўднага героя з Віцебску, які не даваў на яе забыцца.  

Аляксандр Папоў