Друкаваць гэтую старонку
Серада, 28 Май 2025

На лазню, якую не могуць адчыніць ужо 14 гадоў, зноў не хапае грошай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі гарсавет правеў выяздную нараду па пытаннях захавання культурна-гістарычнай спадчыны. Лазнева -аздараўленчы комплекс па вул. Воінаў-Інтэрнацыяналістаў у Віцебску, які ўжо другое дзесяцігоддзе абяцаюць «вось-вось адчыніць», ужо таксама можна лічыць гістарычным аб’ектам. У пэўным сэнсе гэта жарт, але на пасяджэнні гарсавета пастанавілі выдаткаваць на “даўгабуд” чарговы грашовы транш - 800 тысяч рублёў. Нагадаем,старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў абяцаў адкрыццё лазневага комплекса сёлета ў чэрвені. Чэрвень распачнецца ўжо праз тры дні...  

Гісторыя з будаўніцтвам лазні распачалася яшчэ ў 2011 годзе – падчас кіравання на пасадзе старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктара Нікалайкіна. У 2018 годзе незавершаны аб'ект перадалі на баланс Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак. У 2020 годзе гарвыканкам паведамляў, што новая ўстанова ўжо хутка адчыніцца.

Аднак ўсё «пайшло не так», і гарадскому кіраўніцтву давялося ствараць цэлы штаб па аднаўленні работ на закінутым аб'екце. У красавіку 2022 года на будпляцоўцы правялі пасяджэнне штаба, у якім прынялі ўдзел намеснік старшыні гарвыканкама Сяргей Саглаеў, дырэктар арганізацыі заказчыка - Віцебскага прадпрыемства кацельняў і цеплавых сетак Пётр Бараноўскі, генеральны дырэктар генпадраднай арганізацыі - ААТ Будаўнічы трэст № 9, г. Віцебск» Уладзімір Ленчыкаў. Тады вырашылі, што ўвесці ў строй лазню змогуць у 2023 годзе.

 Гарвыканкам ужо абвясціў пошук ахвотных набыць памяшканні ў гэтым комплексе для арганізацыі грамадскага харчавання або фізкультурна-аздараўленчай дзейнасці.На гэтым зноўку ўсё спынілася.

І вось цяпер чарговы кіраўнік горада Аляксей Героеў (ужо пяты старшыня гарсавету, пры якім ідзе будаўніцтва! ) чарговы раз узяў будашніцтва  пад асабісты кантроль. Першы абяцаны тэрмін ужо прапушчаны: лазнева -аздараўленчы комплекс абяцалі   адчыніць у першым квартале 2025 года. Праз месяц закончыцца ўжо і другі квартал, але дата адкрыцця так і  не прызначана, а фінансаў усё бракуе ды бракуе.

“Каждый год собирались открыть, но нас что-то отвлекало”,так нядаўна адкаментаваў затрымку з будаўніцтвам старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. Але ні са сродкамі, ні з затрымкамі  не было асаблівых праблемаў, калі ў Віцебску будавалі Плошчу сцяга і герба, адчыненую селета 11 траўня.

Віктар Баландзін