”Віцебская вясна” часта пісала пра падзеі з ягоным удзелам, і ў Оршы ён быў прыкметнай асобай. Інвалід з дзяцінства, ен заўважна кульгаў, і перасоўваўся пераважна на ровары. Шмат гадоў працаваў кухарам, і да апошніх год любіў гэты занятак. Пад сваімі вокнамі у звычайным пяціпавярховіку на ўскраіне горада ён разбіў маленькі гародчык - бо на пенсію надта добра не пражывеш. Але як бы цяжка не было, Юрый Конышка заўсёды ставіўся з аптымізмам да любых выпрабаванняў.
У 2017 годзе, ужо 73-гадовым пенсіянерам, ён стаў адным з удзельнікаў аршанскага Маршу недармаедаў. За гэта суд аштрафаваў Юрыя Конышку на 115 рублёў - на той час 5 базавых велічынь. Яшчэ раней яго судзілі за ўдзел у пікеце з плакатам “Лукашызм знішчае Беларусь”.
Юрый Конышка быў адным з самых першых удзельнікаў акцый памяці па ўшанаванні ахвяраў сталінскіх рэпрэсій на Кабыляцкай гары, якія праводзіліся ў Оршы яшчэ з канца 1980-х. У 2002 годзе ён па ўласнай ініцыятыве вырашыў запрасіць на Дзяды аршанцаў праз мясцовы тэлеканал “Скіф”. Ен замовіў платную абвестку і заплаціў за гэта свае ўласныя грошы. Але абвестку да эфіру не дапусцілі: нягледзячы на тое, што тэлекампанія мела недзяржаўны статус, супрацоўнікі патэлефанавалі ў выканкам і “параіліся” з уладамі. У выканкамі, канешне, забаранілі даваць такую абвестку. Страчаныя грошы Конышку давялося “выбіваць” праз суд, і ён перамог. Гэтая гісторыя разляцелася вельмі хутка, і пра месца забойстваў бязвінных ахвяраў даведалася ў шмат разоў болей землякоў, чымсьці магло ўбачыць па тэлевізары...
Пра Юрыя Конышку можна распавядаць доўга - як ён на сваім ровары распаўсюджваў незалежныя выданні, як прыязжаў на ім на ўрачыстасці з нагоды Аршанскай бітвы, як удзельнічаў практычна ва ўсіх мерапрыемствах, якія ладзіла аршанская дэмакратычная супольнасць. Няхай добрыя справы гэтага прынцыповага і адважнага чалавека застануцца ў нашай памяці.
Юрка Жмых