Але навошта конская сіла, калі ёсць чалавечая, ды яшчэ дармавая? 1 лістапада ў Оршы правялі суботнік – сагналі на аб’ект людзей з розных прадпрыемстваў. “Участники субботника облицовывали парапеты керамогранитом, оборудовали пешеходные дорожки, выполняли устройство газонов, убирали строительный мусор”, - рабілі ўсё тое, што мусілі зрабіць спецыялісты на заробках.
Дарэчы, і пра грошы: тыдзень таму, 25 кастрычніка, у Оршы таксама працавалі на будаўніцтве сквера і стэлы. І палова сродкаў, заробленых на Рэспубліканскім суботніку Віцебскай вобласцю, была накіравана менавіта на гэты сквер і стэлу. Але па-ранейшаму застаецца нявысветленым: ці Оршы ўжо надалі званне “Горад працоўнай славы 1941-1945”? І калі так, то за якія заслугі – горад у тыя гады быў пад акупацыяй і працаваць мог хіба што на ворага, а буйныя гарадскія прадпрыемствы былі эвакуяваныя.
Асобным пытаннем застаецца, наколькі неабходны гораду яшчэ адзін сімвалічна-ідэалагічны аб’ект. Толькі ў траўні ў Оршы адкрылі плошчу дзяржаўных сімвалаў з флагштокам вышынеё 58 метраў і коштам больш з два мільёны рублёў.
Алег Якаўлеў