Друкаваць гэтую старонку
Серада, 11 Люты 2026

Мёрская раёнка рэкламуе фільм прапагандыста Азаронка

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Як піша сайт раённай газеты горада Мёры, з 12 лютага ў кінатэатрах краіны адбудзецца прэм'ера фільма Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" "Душа защитника".

 “Міёрскія навіны” паведамляюць, што ў сваім новым фільме прапагандыст Рыгор Азаронак, якога выданне называе вядомым рэжысёрам і тэлежурналістам, шукае адказы на пытанні: як гэта - стаяць на варце бяспекі краіны ў адзін з самых напружаных момантаў гісторыі, адчуваючы адказнасць не толькі за сябе і сваю сям'ю, але і за мільёны простых беларусаў? У чым сакрэт сілы тых, хто аддае ўсяго сябе абароне Айчыны? Які агонь гарыць у іх душы?

 Паводле мёрскай раёнкі, байцы і камандзіры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, памежных войскаў, унутраных войскаў Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь раскрываюцца ў фільме з розных ракурсаў - ва ўнікальных кадрах рашэння баявых задач, і ў звычайным, мірным жыцці, і ў адкрытых гутарках з аўтарам фільма.

 У анонсе да фільма зазначаецца, што вышэй пералічаныя людзі кожную секунду нясуць службу не дзеля ўзнагарод і славы, а дзеля чагосьці важнейшага – міру на беларускай зямлі.

 Цікава, што рэкламуе гэты фільм адзін толькі сайт мёрскай раёнкі, на сайтах раённых газет бліжэйшых да Мёраў гарадоў Віцебшчыны падобнай рэкламы не назіраецца.