Фармальна будынак не быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як асобны помнік, але яго каштоўнасць была юрыдычна замацавана тры гады таму. У зацверджаным у верасні 2023 года праекце зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка дом №14 быў уключаны ў афіцыйны пералік «аб’ектаў шэраговай гістарычнай забудовы». Знос гэтага дома з’яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства.
На сёння ад будынка засталіся толькі руіны цаглянага цокальнага паверха.
Паводле звестак Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, дом №14 па вулмцы Ніжне-Пакроўскай у Полацку быў узведзены ў пачатку ХХ стагоддзя святаром Свята-Мікалаеўскага сабора Фамой Антаневічам. Да апошняга часу ён захоўваў традыцыйнае аблічча гістарычнага кутка горада, уключаючы арыгінальныя аканіцы, разьбяныя падзоры і ўпрыгожаныя філёнгамі вуглавыя накладкі.
Пасля гэты дом быў падзелены на кватэры і перададзены ў прыватныя рукі.
Павел Палачанін