Распавядаючы пра сумны лёс гэтага будынка, мы знарок падкрэслівалі, што дом у старой частцы горада не быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў, але знаходзіўся ў ахоўнай зоне гістарычнага цэнтра Полацка. А на тэрыторыі ахоўнай зоны, паводле заканадаўства, катэгарычна забараняецца «страта адметных духоўных, мастацкіх і (або) дакументальных вартасцей... шэраговай гістарычнай забудовы, якая не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці».
Аднак Telegram-канал газеты “Полацкі веснік” вырашыў увесці чытачоў у зман. Маўляў, “нячэсныя” СМІ напісалі пра тое, што будынак – культурна-гістарычная каштоўнасць, не спраўдзіўшы гэта ў афіцыйным спісе. Такім чынам газета спрабуе завесці дыскусію пра парушэнне заканадаўства ўбок ад праблемы – наўмыснага знішчэння будынка, які мог бы стаць турыстычным аб’ектам.
Маўляў, “дом с заколоченными окнами и дыркой в крыше” создавал атмосферу запустения и беспорядка”, чым псаваў аблічча старажытнага горада. Але ж хто як не пракуратура і мясцовыя ўлады дазволілі, каб ён выгладаў менавіта так? Бо нават калі гістарычны дом быў прададзены і мае гаспадара, то менавіта апошні бярэ адказнасць за належны стана сваёй маёмасці. А ўпаўнаважаныя структуры павінны пльна кантраляваць, ці дбайна гаспадар выконвае гэты абавязак.
На жаль, вельмі часта бывае наадварот: дзяржава спіхвае на прыватніка маёмасць, якой не можа даць рады, і забывае пра тое, што заканадаўства трэба выконваць, незалежна ад формы ўласнасці.
Ларыса Жамчугова