Друкаваць гэтую старонку
Субота, 28 Сакавік 2026

Праваабаронцу і журналіста Ігара Казмерчака спецслужбы “пазналі” ў прапагандысцкай праграме Пратасевіча

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У праграме былі паказаны кадры з мерапрыемстваў у Вільні, якія прайшлі сёлета 25 сакавіка, у Дзень Волі. Аўтар спрабаваў аспрэчыць значэнне гэтай даты ў гісторыі Беларусі і запалохваў тых, хто адзначае гэтае свята за мяжой крымінальнымі справамі, завочнымі прысудамі і канфіскацыяй маёмасці ў Беларусі. Усяму гэтаму, паводле Пратасевіча, мусяць паспрыяць “апазнанні” удзельнікаў, якія праводзяць спецслужбы. Апазнаных і названых асобаў у праграме было згадана каля дзясятка. Сярод іх – Ігар Казмярчак, які ў 2021 годзе быў вымушаны пакінуць Беларусь, і з тае пары месца свайго знаходжання не хаваў.

Што да крымінальнага пераследу, якім запалохваў беларускіх тэлегледачоў  Раман Пратасевіч, то яшчэ з 2024 года вядома, што Следчы камітэт распачаў спецвытворчасць у дачыненні да праваабаронцы і журналіста Ігара Казмерчака. Яшчэ два гады таму Тэлеграм-канал «Специальное производство. Официально» паведаміў, што супраць актывіста вінавацяць у «садзейнічанні экстрэмізму»: у ягонай справе фігуруюць дзве часткі адпаведнага крымінальнага артыкула ( ч.1 арт. 361-4 - вярбоўка, іншае уцягванне асобы ў экстрэмісцкую дзейнасць, навучанне, а таксама іншае садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці; ч.2 арт. 361-4 - тыя ж дзеянні, здзейсненыя паўторна, альбо групай асобаў па папярэдняй змове, альбо на пасадзе з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў). А яшчэ – у публічнай абразе прэзідэнта (ч.1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса).

У лістападзе 2023г. праваабаронца даведаўся, што на ягоную аршанскую кватэру накладзены арышт – пра паведамілі з Віцебскай абласной агенцыі па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельным кадастры. Адпаведную пастанову таксама вынес Аршанскі аддзел СК.

Таму ў афіцыяльных прапагандыстаў не атрымалася “выкрыць шкодніка”: усё тое, чым пагражае Раман Пратасевіч, у дачыненні да Ігара Казмерчака даўно вядома. Але калегі Пратасевіча з дзяржСМІ і раней спрабавалі зрабіць з яго “кепскі прыклад”, выкарыстоўваючы нават звычайную хлусню. Так, у ліпені 2024 года а старонках раённай  “Аршанскай газеты” у «Одноклассниках» і «ВКонтакте»  выйшлі аднолькавыя тэксты пра тое, што Казмярчак атрымаў 5 тысяч еўра ад «польскіх гаспадароў», што ён «падстаўляе» сваіх землякоў, прапануючы ім перадаваць інфармацыю для сайта orsha.eu за грошы, і што сам ён уцёк за мяжу, «пазычыўшы грошы ў родных і блізкіх».

Што да праграмы Рамана Пратасевіча, паказанай 26 сакавіка на СТВ, то звяртае на сябе ўвагу яшчэ адзін момант. Называючы шэраговых удзельнікаў святкавання Дня Волі ў Вільні, ён згадвае, але не называе экс-палітвязня Паўла Севярынца, які выступаў перад прысутнымі. Пра палітыка, які выйшаў з-за кратаў 13 снежня 2025 года і быў дэпартаваны з Беларусі, Пратасевіч кажа: “Помілован і забыт. Но пытается кусаться”. Але баіцца нават назваць уголас імя чалавека, якога добра ведаюць і паважаюць беларусы.  

Міхаліна Гатоўская